Нельга згубіць тое, што маем

На заводскай тэрыторыі не спыняецца аўтамабільны паток. Адны машыны прывозяць сыравіну для далейшай перапрацоўкі, другія адпраўляюцца па адрасах  пакупнікоў – пастаўляюць гатовую прадукцыю. Работа на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» кіпіць.

Па ступені важнасці і значнасці цяпер яе можна параўнаць са жнівом у аграрыяў. І гэта датычыцца падсобнай гаспадаркі, цэхаў, лабараторыі, аўтапарка, эканамічна-бухгалтарскай службы, адміністрацыі. Наогул, кожны сезон для работнікаў прадпрыемства важны і адказны, але лета – пачатак восені асабліва напружаныя і ў многім вызначальныя для эканомікі завода. У гэты час не толькі перапрацоўваем садавіну і агародніну ў кансервы, але і ствараем трывалы запас сыравіны для работы зімой і вясной, каб хапіла да наступнага ўраджаю. Зараз завод, як звычайна, працуе ў дзве змены.

Нарыхтоўка, закупка сыравіны, яе перапрацоўка і рэалізацыя прадукцыі спажыўцам – працэс бесперабойны. Не трэба быць эканамістам, каб разумець: калі цяпер разбурыць эканоміку як асобна ўзятага прадпрыемства, так і рэгіёна, краіны забастоўкамі, пратэстамі, сабатажам, то потым аднавіць яе будзе даволі праблематычна. А гэта, у сваю чаргу, пацягне скарачэнне працоўных месцаў; тыя, хто застанецца на вытворчасці, будуць атрымліваць куды меншую заработную плату, давядзецца «замарозіць» разнастайныя сацыяльныя гарантыі, адпаведна, дабрабыт калектыву пачне зніжацца хуткімі тэмпамі. Завадчане – граматныя людзі, разумеюць, што кожная гадзіна прастою – мінус у заработнай плаце, іншых выплатах, што гэта адмоўна адаб’ецца на бюджэце работніка і яго сям’і.

Як гаворыцца, ад дабра дабра не шукаюць, завадчане трымаюцца за сваё працоўнае месца, іх задавальняюць сацыяльныя гарантыі, прапісаныя ў калектыўным дагаворы. У нас нядрэнная зарплата – сярэдняя па прадпрыемстве 900 рублёў, адсутнічае «цякучка» кадраў. І сёлета на сезон дадаткова прынялі на працу 12 чалавек. Так што не бачу прычын не працаваць. Нельга згубіць тое, што маем.
Апошнія падзеі, што адбываюцца ў нашай Беларусі, хвалююць усіх. Беларусы заўжды ганарыліся, што на іх зямлі пануюць лад і згода, народ адзіны, а рэспубліка пра-водзіць міралюбівую знешнюю і ўнутраную палітыку. Таму ні ў якім разе нельга дапусціць, каб нас – сем’і, калектывы, кожнага чала- века – уцягнулі ў беспарадкі. У такі адказны для ўсяго грамадства час неабходна згуртавацца, а свае энергію, патэнцыял, сілы накіраваць на развіццё і росквіт Радзімы.
Беларусь – цывілізаваная дзяржава, і кожны яе грамадзянін мае сваё меркаванне, у тым ліку і палітычнае, але выказваць яго трэба ў межах дзеючага заканадаўства. А заклікі да забастовак на прадпрыемствах – супрацьзаконнае дзеянне. Нельга паддавацца эмоцыям, калі размова ідзе пра эканоміку, трэба ўсё прааналізаваць і толькі потым рабіць нейкія высновы.

Работнікі кансервавага завода маюць цвёрдую пазіцыю: мы за стабільнасць у эканоміцы, за мір і ўзаемаразуменне ў нашым агульным доме – Рэспубліцы Беларусь.

Аляксандр ВАШЧУК, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».