Горкі смак разбуранага жыцця

Напэўна, многія сутыкаліся з сітуацыяй, калі на вуліцы падыходзіць незнаёмы чалавек і просіць хоць крыху грошай. Па знешнім выглядзе бывае цяжка вызначыць узрост «гаротніка», затое зусім проста здагадацца пра яго сяброўства з алкаголем…

У кожнага свой пачатак

Смак гарэлкі 45-гадовы ляхавічанін адчуў яшчэ да службы ў арміі. З сябрамі для «большай смеласці» і падняцця настрою перад танцамі ці паходам у кіно распівалі спачатку піва-віно, а потым і самагонку-гарэлку. Падчас службы ў арміі цяга выпіць і пахмяліцца прытупілася – вайсковая дысцыпліна ўсё ж. А пасля дэмабілізацыі пайшло: сябры, застоллі. Нават сям’я, якой паспеў абзавесціся, не спыніла: з кожным годам цяга да спіртнога станавілася ўсё мацнейшай, а запоі часцейшымі і больш працяглымі. Падшываўся, кадзіраваўся, прымусова адпраўлялі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, маці вазіла да бабак-шаптух – нічога не дапамагала завязаць з залежнасцю. Работу мяняў, як пальчаткі, дакладней, выганялі па зразумелай прычыне. Не дзіўна, што сям’я распалася. Цяпер сынок-«пераростак» жыве за кошт старой маці. Нядаўна чарговы раз вярнуўся з ЛПП, працаўладкоўвацца пакуль не спяшаецца, гаворыць, няма дастойных прапаноў.

І такіх лёсаў, калі здароўе, сямейны дабрабыт, кар’ера ўтоплены ў чарцы, на жаль, нямала.

На ўліку ва ўрача-нарколага ў Ляхавіцкай ЦРБ знаходзіцца 640 чалавек з сіндромам залежнасці ад алкаголю, з іх 114 – жанчыны. На кансультатыўным уліку (аднойчы выяўлены ў нецвярозым стане) – 12 пад-леткаў, на прафілактычным (выяўлены два і больш разоў) – трое юных землякоў ва ўзросце да 18 гадоў. Амаль дзве сотні хворых з дыягназам «сіндром залежнасці ад алкаголю» прайшлі стацыянарнае лячэнне ў АПБ «Крывошын» і Баранавіцкім міжраённым наркалагічным дыспансеры.

Рэальная ж колькасць тых, хто хранічна не можа без спіртнога, але ні разу не быў на прыёме ў нарколага, у разы большая.

– Нарколагі адзіныя ў меркаванні: ніхто не вылечыць хворага чалавека, пакуль ён сам не зразумее: так, я алкаголік, і ў мяне ёсць праблемы. Тэрмін, на працягу якога чалавек трапляе ў залежнасць, у кожнага розны і можа вагацца ад чатырох месяцаў да некалькіх гадоў. Асабліва хутка трапляюць у алкагольны палон жанчыны. Яны менш схільныя да рэмісіі, ім складана выходзіць з запою. І калі мужчына можа самастойна трымацца гадамі і не злоўжываць алкаголем, то жанчыны зрываюцца хутчэй, – адзначае ўрач-псіхіятр-нарколаг Ляхавіцкай ЦРБ Альбіна Тупальская.

На жаль, алкаголь даўно перастаў быць проста традыцыяй за святочным сталом. Для многіх яго ўжыванне – гэта звыклыя ўцёкі ад рэальнасці, праблем, адзіноцтва. Кожны хранічны алкаголік назаве з дзясятак «уважлівых» прычын сваёй залежнасці. Неабходнасць расслабіцца, адпачыць, сустрэцца з сябрамі ці сваякамі ў вельмі многіх асацыюецца з абавязковай прысутнасцю градуснага напітку.
Нават дзеці ведаюць, што гэта дрэнна. Ісціну красамоўна пацвярджаюць даныя медыкаў і міліцыі, а колькасць хворых алкагалізмам, разбураных па гэтай  прычыне сем’яў, сірот пры жывых бацьках і злачынстваў, учыненых пад уплывам спіртнога, расце.
Медыкі і блізкія алкаголіка лічаць перамогай, калі, у тым ліку і дзякуючы іх намаганням, чалавек знаходзіць у сабе сілы і перамагае шкодную звычку. Альбіна Тупальская расказвае гісторыю з прафесійнай практыкі. Ляхавічанін стаяў на ўліку ў нарколага. Прапіў усё: сям’ю, работу, павагу і здароўе. Яго лячылі, ушчувалі, прасілі спыніцца – усё дарма. Але, у рэшце рэшт, наступіла прасвятленне. Так, медыкі дапамагалі, але важкую ролю адыграла сіла волі. Тое, што сувязь са шкоднай звычкай разарвана, па- цвярджае час: 15 гадоў былы алкаголік зусім не ўжывае спіртное. За гэты час ён вярнуў сям’ю, стаў мнагадзетным бацькам, радуецца поспехам сваіх дзяцей і знаходзіць у жыцці шмат прыемных момантаў.

Кожнаму з нас даводзілася сустракаць асоб з пустымі вачымі, пачарнелымі спітымі тварамі, бруднымі валасамі, рукамі, якія трасуцца, – відовішча не з прыемных. Яшчэ больш горка становіцца, калі разумееш: у многіх такіх дома недагледжаныя, без пяшчоты і любві дзеці. Маці, якая спіць і бачыць, як выпівае шклянку-другую з сябрамі-сабутэльнікамі, пакідае дзіця на руках нямоглай бабулі, а то і чужога чалавека ці наогул проста забываецца пра яго існаванне, не бачыць сына ці дачку тыднямі і месяцамі, не цікавіцца, ці дзіця накормлена, як апранута-абута, ці наведвае дзіцячы сад, школу…

І хоць зусім мала, але, як гаворыць урач псіхіятр-нарколаг, ёсць станоўчыя прыклады перамогі і над жаночым алкагалізмам. Для маладой жыхаркі Ляхавіцкага раёна стымулам сказаць катэгарычнае «не» алкаголю стала жаданне вярнуць дзіця, якое яна «прапіла». Службы апекі забралі малое ў маці-алкагалічкі. Гэта і стала апошняй кроп-ляй для жанчыны. Яна пралячылася і тры гады знаходзіцца ў рэмісіі, дзіця ёй вярнулі. Далейшы лёс і яе, і дзіцяці залежыць як ад самой жанчыны, так і ад падтрымкі яе блізкіх.

– Няма віннага, гарэлачнага, самагоннага, каньячнага, ёсць проста алкагалізм – хвароба, выкліканая злоўжываннем усяго, што ўтрымлівае градус, у тым ліку і піва. Яно, дарэчы, лічыцца класічным «стартавым напіткам», з якога пачынаюць многія алкаголікі. Людзі звычайна не вераць, што прыхільнасць да піва можа давесці да залежнасці. Тым не менш, паўлітровая бутэлька пеннага 5-працэнтнага алкаголю – гэта ўжо 50 грамаў гарэлкі, а 9-працэнтна- га – прыраўноўваецца да 100 грамаў «белай». Мужчыны, жанчыны, пенсіянеры, маладыя маці, людзі ў росквіце сіл, з адказнымі пасадамі і добрай адукацыяй – алкаголь не шкадуе нікога. У яго сеткі трапляюць не толькі дарослыя, але і падлеткі, нават дзеці, – падкрэслівае Альбіна Тупальская.

Ад чаркі да…

…Не толькі гэта вёска, але і ўсё наваколле ўскалыхнула жудасная падзея – мясцовы п’яны жыхар да смерці збіў састарэлую маці… Падагрэты алкаголем вялікаўзроставы сынок штодня здзекаваўся над хворым бацькам, патрабаваў грошай на выпіўку… Гэты сумны пералік можна працягваць. Алкаголікі і п’яніцы не шкадуюць не толькі родных, блізкіх і сяброў, але і сябе. Пацвярджэнне таму – інфармацыя з міліцэйскіх зводак: у райбальніцу дастаўлена на лячэнне 35-гадовая жанчына, якая выпіла жменю таблетак. Пацыентка была нецвярозай… Зарэгістраваны факт смерці  мужчыны-пенсіянера. Прычына – атручванне алкаголем…

Прафілактычныя акцыі «Сям’я без насілля», «Быт», па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін і іншыя трывала ўвайшлі ў міліцэйскую практыку. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць грамадзянам пра негатыўныя, а іншы раз і трагічныя наступствы бытавых канфліктаў, скандалаў, растлумачваюць неабходнасць своечасовага паведамлення пра іх. Не сакрэт, многія не жадаюць выносіць па-за межы дома ці кватэры сямейную неўладкаванасць, а гэта можа пацягнуць сур’ёзныя праблемы.

Старшы інспектар прафілактыкі ААПП РАУС Алена Васілевіч паведаміла, што на міліцэйскім уліку ў сферы сямейна-бытавых адносін знаходзяцца 42 жыхары раёна. Значная частка злачынстваў учыняецца пад уздзеяннем алкаголю. Летась за пастаянныя здзекі над жонкай была ўзбуджана крымінальная справа супраць вяскоўца. Прычым у сям’і выхоўвалася трое малалетніх дзяцей. Адбыўшы пры- значаны судом тэрмін зняволення, мужчына зноў узяўся за дрэннае старое: злоўжываў алкаголем, біў жонку і пагражаў забойствам. Сёлета супраць яго ўзбуджаны ўжо дзве крымінальныя справы. Цяпер пакаранне суда, будзе, напэўна, больш жорсткім.

– На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна пастаянна праводзяцца разнастайныя прафілактычныя спецыяльныя мерапрыемствы. Па месцы жыхарства правяраюцца грамадзяне, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў РАУС. Нашы супрацоўнікі разам з сацыяльнай службай наведваюць, у тым ліку, сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Парушальнікам выносяцца афіцыйныя папярэджанні. У пракуратуру раёна адпраўляюцца хадайніцтвы па фактах насілля ў сям’і, паведамленні накіроўваюцца па месцы работы грама-дзян, якія дапусцілі парушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін ці ўчынялі іх у стане алкагольнага ап’янення, – зазначае начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік.

Яшчэ адзін аспект, які ўплывае на п’яную статыстыку, – самагонаварэнне. І хоць, па словах Алены Васілевіч, сёлета колькасць выяўленага самагону зменшылася, у чым сваю ролю адыграла і эпідэмія каранавіруса, але ж праблема застаецца. З пачатку года складзена 20 пратаколаў за незаконны выраб спіртаўтрымліваючай вадкасці, адабрана і знішчана 90 літраў самагону і чатыры апараты для іх вырабу. Адна з жыхарак раёна зусім страціла сумленне і, лічы, у адкрытую вырабляла самагон для далейшага продажу, думала, што падчас каранавіруса 35 літраў брагі. Складзены пратакол.

Калі алкагольны «допінг» канчаткова страчвае сілу, прыходзіць усведамленне таго, што здарылася. На жаль, часцяком ужо бывае позна.А колькі прыкладаў, калі прычынай пажару з гібеллю людзей становіцца таксама злоўжыванне алкаголем. Так што, перш чым чарговы раз падняць чарку са спіртным, падумайце, да якіх наступстваў могуць прывесці ўсяго толькі 100 грамаў.

Галіна КАНЬКО.