Аляксандр САЛАДУХА:«Я такі адзін!». Аляксандр Саладуха 8 мая ў 18.00 выступіць у ГДК у Ляхавічах з новай канцэртнай праграмай

Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха 8 мая ў 18.00 выступіць у ГДК у Ляхавічах з новай канцэртнай праграмай «Мы – жывыя».

Канцэрты Саладухі – яркае шоу, неверагодная энергетыка і атмасфера феерычнага свята. Чым на гэты раз здзівіць артыст, які ідзе па жыцці з дэвізам «заўсёды ўперад і ўверх», пацікавіўся карэспандэнт «ЛВ».

– Новая праграма «Мы – жывыя» – гэта прэзентацыя майго ўжо 14-га сольнага альбома. Пісаўся ён два гады – 2021-ы і 2022-і, і ў яго ўвайшлі 12 кампазіцый. Большая частка з іх будзе паказана ў першым аддзяленні нашага вялікага святочнага канцэрта. У другім аддзяленні слухачоў, як заўсёды, чакаюць правераныя часам залатыя хіты з папярэдніх 13 альбомаў. Будуць і дзве новыя песні – дзве прэм’еры, што ўвойдуць у новы 15-ы дыск, работа над якім ідзе поўным
ходам: «Играй, музыкант» (прагучала ў «Песні года» на канале АНТ) і «Рассвет» (у студзені гучала на трох галоўных тэлеканалах да юбілею Аляксандра Саладухі), – дзеліцца артыст і дадае, што гледачоў чакаюць і прыемныя творчыя сюрпрызы. Так, у перапынку паміж аддзяленнямі выступіць малады аўтар і выканаўца Цімур Прахін. Гадоў 15 такая роля адводзілася сынам Саладухі – Аляксандру
і Антону (група «Элемент»). Але ў гэтым туры, які стартаваў 1 лютага
мінулага года, браты змянілі мікрафон на іншыя аксесуары. За спіной жыццярадаснай і пазітыўнай каманды на момант інтэрв’ю не менш за восем дзясяткаў канцэртаў, якія распісаны літаральна па днях.
Аляксандр Саладуха з тых спевакоў, якія ствараюць традыцыі і не здраджваюць ім. Так, шмат гадоў пасля канцэрта абавязкова выходзіць да гледачоў для правядзення фота- і аўтограф-сесіі.
У першы дзень вясны споўнілася 37 гадоў, як артыст на прафесійнай сцэне, і ў гэту лічбу ён не жадае верыць. А вы ведаеце, што мегахіту «Здравствуй, чужая милая» ўжо 32 гады?
І ён, канешне ж, прагучыць у канцэртнай праграме!
Аляксандр Саладуха – артыст, які аднолькава натхнёна спявае
як на мерапрыемствах дзяржаўнага ўзроўню і днях гарадоў, дзе ён жаданы госць, так і на карпараты-
вах. Па-ранейшаму запатраба-ваны ў тэлевізійных праектах. Па запрашэнні Белтэлерадыёкампаніі другі сезон запар у журы праекта «Фактор.BY 60+», выступаў на «Песні года», сёмы раз зняўся ў «Народным повары», прымаў удзел у перадачы «Што? Дзе? Калі?» і ў іншых на галоўных каналах Беларусі.
Сёння Аляксандр Саладуха ўжо мае запрашэнні ў «Алек-
сандрыю», на фестываль нацыянальных культур у Гродне, на «Вытокі» ў Пружаны і яшчэ мноства цікавых падзей. Але асаб-
ліва важным лічыць запрашэнне на ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу. Адзначае, што такая падзея ў яго жыцці ўпершыню.
Саладуха – патрыёт сваёй Радзімы і штораз адданасць Айчыне выказвае ў сваіх песнях – «Беларусь моя любимая» і «Я люблю вас, белорусы». 7 мая артыст прыме ўдзел у канцэрце да Дня Перамогі
з удзелам Кіраўніка дзяржавы.
Што дазваляе спеваку трымацца на плаву і імчацца на касмічнай хуткасці?
– Мая сіла і натхненне – ад беларусаў, ад зямлі беларускай, ад сваіх прыхільнікаў, ад жонкі Наташы, ад нашых чацвярых дзяцей на дваіх, ад нашых пецярых унукаў на дваіх, загараднага дома, які мы пабудавалі 16 гадоў назад за сумленна заробленыя грошы ў сваёй краіне, сумленна плацячы падаткі, ад усяго, што мяне акружае, ад людзей, якія побач, – падкрэслівае Аляксандр.
Сакрэт яго поспеху ў бязмежнай любві да сцэны і прафесіі, да гледача і мікрафона. Мара стаць артыстам, спеваком была ў хлопчыка Сашы са школьных гадоў. Дапамагае заставацца ў «топе» жаданне быць заўсёды, праца з раніцы да вечара, вера ў сябе, сваю справу, свайго гледача, а яшчэ ўменне сябраваць.
Артыст упэўнены, што ўражваць трэба не толькі талентам, голасам, хітамі, якія трапляюць у сэрца і душу, але і так званай харызмай, якая нябачнай ніткай з першай песні ўстанаўлівае кантакт з гледачом.
Аляксандр Саладуха ўмее здзівіць і эпатажнымі касцюмамі. Сён-
ня яркі вобраз артыста на сцэне – заслуга майстра Эдгара Каляды,
ад якога ў гардэробе Саладухі сем шыкоўных касцюмаў.
На пытанне, ці можна ўявіць Саладуху ў агародзе, адказвае, што ён можа дапамагчы і там, але гэта тэрыторыя жонкі. А ён хутчэй здабытчык, які забяспечвае сям’ю. Утульнасць і цяпло дома стварае Наталля.
З чытачамі «ЛВ» артыст падзяліўся эксклюзіўнай інфармацыяй пра тое, што кіраўнік арт-групы «Беларусы» Валерый Шмат прапанаваў напісаць песню пра яго самога – Аляксандра Саладуху. Блізкі сябар
спевака Алег Елісеенкаў ідэю падтрымаў, і песня, дзе першыя радкі – «Я такой один, сцены господин», гатова! Зараз ідзе запіс вакалу. Ёсць верагоднасць, што прэм’ера адбудзецца на канцэрце ў Ляхавічах.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.