Знаёмцеся: «Джэнтры». Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Джэнтры» працуе ў Ляхавіцкім раёне

Дырэктар Антаніна Белавусава, заснавальнік Аляксандр Чудук.
Бухгалтар Вольга Масяйкова.

Наша краіна здаўна славіцца лясамі. Не дзіўна, што нямала вялікіх і малых прадпрыемстваў дзяржаўнай прыватнай формы ўласнасці, якія займаюцца дрэваперапрацоўкай. На Ляхавіччыне іх таксама некалькі. Адно з тых, што хутка, паспяхова і ўпэўнена развіваецца, – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Джэнтры».

– Днём нараджэння нашага прадпрыемства лічыцца 28 верасня 2009 года, калі яно было зарэгістравана. Праўда, спецыялізацыя тады была будаўнічая. Потым вырашылі паспрабаваць сябе ў іншай нішы і не прагадалі. Цяпер займаемся распілоўкай і струганнем драўніны. У Ляхавіцкім раёне працуем з чэрвеня 2012 года, пачыналі ў вёсцы Каранеўшчына, цяпер размясціліся на плошчах, якія раней належалі СПМК-16 па адрасе Вакзальная, 8 у райцэнтры, – робіць кароткі экскурс у гісторыю «Джэнтры» адзін з яго заснавальнікаў, а сёння намеснік дырэктара Аляксандр Майсейчык.
Таксама заснавальнікамі таварыства з’яўляюцца Аляксандр Чудук і Вольга Пагарэлава.
Аб’ёмы выпускаемай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 35 працэнтаў – і гэта красамоўнае сведчанне запатрабаванасці прадукцыі прадпрыемства, у тым ліку ў замежных партнёраў.
Зараз тут працуюць каля 30 чалавек па разнастайных спецыяльнасцях: сталяры, распілоўшчыкі, станочнікі, укладчыкі – усе, у асноўным, жыхары нашага раёна. Зарплата дастойная, таму праблем з кадрамі няма. Тым больш, што ўмовы для працы створаны добрыя, абсталяванне сучаснае. Сярод лепшых работнікаў кіраўніцтва прадпрыемства вылучае Сяргея Варвашэвіча і Віктара Огура – за прафесіяналізм, адданасць справе, адказнасць.
– Распілоўка драўніны – асноўны від дзейнасці «Джэнтры». 95 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт у Германію, куды дастаўляецца транспартам заказчыка. З замежнымі партнёрамі ў нас наладжаны даўнія і цесныя стасункі. Іх задавальняе якасць нашай драўніны. Стараемся не падводзіць партнёраў, разумеем: каб не страціць рынкі збыту, неабходна трымаць марку надзейных пастаўшчыкоў. Драўніну для далейшай перапрацоўкі закупляем ад лясгасаў краіны на Беларускай універсальнай таварнай біржы, – расказвае дырэктар прадпрыемства Антаніна Белавусава.
Антаніна Іванаўна ў дрэваперапрацоўчым бізнесе больш за два дзесяцігоддзі, ведае гэту справу ад а да я і сцвярджае, што вельмі важна, каб сыравіна была здаровай і якаснай, тады і прадукцыя атрымліваецца выдатнай.
На гэтым прадпрыемстве ўмеюць лічыць і зарабляць грошы, таму вытворчасць тут безадходная: устаноўлена і дзейнічае лінія па выпуску шчапы.
На яе, дарэчы, хутка знайшліся пакупнікі ў нашай краіне, шчапа выкарыстоўваецца ў якасці паліва.
Планы на прадпрыемстве датычацца не толькі яшчэ больш высокіх аб’ёмаў звыклай для «Джэнтры» прадукцыі, але і пашырэння яе асартыменту.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Станочнікі Георгій Лойка і Сяргей Варвашэвіч.
Механізатар Аляксей Хілюціч.