Камфортны сэрвіс. 9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты

Штогод 9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. У Сусветны паштовы саюз, створаны ў 1874 годзе, Беларусь уваходзіць больш за 70 гадоў.
Гэты год для РУП «Белпошта» асаблівы – юбілейны. За чвэрць стагоддзя многае змянілася і ў асартыменце паштовых паслуг, і ў спосабах іх аказання. З’явілася і пошта на колах – перасоўныя аддзяленні сувязі. Якімі б істотнымі зменамі ні здзіўлялі нас паштавікі, бясспрэчна адно: гэты від паслуг быў, ёсць і, напэўна, яшчэ доўга будзе запатрабаваным у насельніцтва.
Пра тое, што сёння для іх пошта, «ЛВ» пацікавіўся ў яе супрацоўнікаў і кліентаў.

Таццяна ДАРАШЭНКА, начальнік аддзялення паштовай сувязі «Ляхавічы-2»:
– Для мяне пошта – важкая частка майго жыцця. Люблю сваю работу, ганаруся, што працую з цудоўнымі, адданымі пошце людзьмі. У нас выдатны калек- тыў – 18 чалавек. На кожнага можна спадзявацца і быць упэўне- ным, што падтрымаюць і дапамогуць.
Век камп’ютарызацыі патрабуе і ад нас, паштавікоў, новых ведаў і падыходаў у рабоце з кліентамі, стараемся адпавядаць, імкнёмся зацікавіць новымі паслугамі і знайсці індывідуальны падыход да кожнага кліента. Падпіска на перыядычныя выданні, прыём, дастаўка карэспандэнцыі да адрасатаў, выдача пенсій, прыём аплаты за камунальныя і тэлефонныя паслугі, іншыя плацяжы, адпраўленне пасылак і бандэроляў, грашовых пераводаў, продаж спадарожных тавараў – нашы асноўныя функцыі. Але важна не забываць і пра атмасферу добразычлівасці і шчырасці ў адносінах з паштовымі кліентамі, якую імкнёмся ствараць што-дзённа.

Ала АСІМОВІЧ, паштальён:
– Некалькі гадоў, як я на заслужаным адпачынку, але працягваю працаваць. Мой паштовы стаж больш за 40 гадоў. І мне падабаецца быць паштальёнам. Так, нялёгкая гэта справа – з поўнай сумкай карэспандэнцыі хадзіць ад дома да дома. Аднак, калі разумееш, што прыносіш лю-дзям прыемныя навіны, чаканыя газету або часопіс, то на душы радасна.
За столькі гадоў работы ведаю многіх сваіх адрасатаў – не толькі па прозвішчы, але і па тым, хто што любіць чытаць. Цяпер разношу карэспандэнцыю па вуліцы Леніна да аўтавакзала, а таксама па вуліцах Астапава, Міру, Ерашава, Равінскага, Каліноўскага і іншых. Нават не ўяўляю сябе без прафесіі, якая стала маім жыццём.
Ганна ВАСІЛЬКО:
– З поштай пасябравала некалькі дзесяцігоддзяў назад. Раней сустракалася толькі з паштальёнамі, калі тыя прыносілі газеты, часопісы, – наша сям’я выпісвала шмат перыядычных выданняў. Акрамя таго, часта купляла паштоўкі, бо дачка іх збірала, а таксама адпраўлялі сваякам з віншаваннямі да розных святаў.
Калі перастала працаваць, можна было пенсію аформіць, каб яе дамоў прыносілі, але я вырашыла, што сама буду ў аддзяленне сувязі прыходзіць. Па-першае, нагода прыгожа апрануцца і выйсці ў горад. Па-другое, на пошце цяпер можна аплаціць камунальныя паслугі, электраэнергію, газ. А галоўнае – шанц сустрэць знаёмых, пагаварыць. Да таго ж,
у гарадскім аддзяленні працуюць ветлівыя, добразычлівыя дзяўчаты. Заўсёды тактоўна адкажуць на пытанні, патлумачаць. Дзякуй ім за такія адносіны да кліентаў.
Аляксей КАЗАКЕВІЧ:
– Мяне задавальняе, што паштовае аддзяленне працуе амаль штодзённа, толькі з нядаўняга часу у нядзелю – выхадны. За камунальныя плачу толькі тут. Падабаецца наш паштальён. Ніколі не было праблем з дастаўкай газет. Ды і з падпіскай яна заўсёды напомніць і падкажа, якія навінкі сярод газет ці часопісаў з’яўляюцца. Жонка на пошце купляе ўнукам цацкі. Нават у чэргах ёсць свае пера-вагі – можна пагаварыць з іншымі кліентамі, навіны даведацца.

Дар’я ВЯЛІЧКА:
– На пошце бываю нячаста – калі прыязджаю на выхадныя з Мінска, дзе вучуся ва ўніверсітэце. Прыходжу сюды за пасылкамі, у тым ліку міжнароднымі. Таксама плачу за мабільную сувязь. Раней не заўсёды было зручна з-за вялікіх чэргаў, цяпер іх няма, аператары хутка працуюць. А камунальныя паслугі наша сям’я аплачвае праз інтэрнэт.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.