Ласуноў накрыла «Шакаладная хваля». Ляхавіцкія кандытары абнавілі салодкі асартымент

Цэх хлебапячэння філіяла «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо землякі і сёння называюць хлебазаводам. І асацыюецца ён найперш з тым самым духмяным «кірпічыкам», які на прадпрыемстве выпускаюць не адно дзесяцігоддзе па класічным рэцэпце. У немалым – каля 250 найменняў – асартыментным пераліку кааппрама хлеб і белабулачныя вырабы і сапраўды займаюць істотны аб’ём. Але без мясцовай кандытаркі многія ласуны-гурманы ўжо нават не ўяўляюць чаяванне.

– З верасня поўнасцю абнавілі асартымент кандытарскіх вырабаў, – расказвае начальнік вытворчасці кааппрама Наталля Валчок. – Вы яшчэ не пакаштавалі нашы пірожныя «Шакаладная хваля»? Вельмі смачна!
Ды што тут казаць! Смачныя нават самі назвы: браўні з заварным крэмам, фруктова-каштанавае пірожнае, палоскі «Святочная», «Пяшчотная» і «Сонечная», пячэнне «Шакаладная спакуса», «Аўсяначка», «Забава», разнастайныя кексы і бісквіты – гэта і многае іншае ўжо можна купіць у райпоўскіх магазінах і пакаштаваць у кавярні. А ў хуткім часе кааппрамаўскія кандытары плануюць пачаставаць нас рознымі прысмакамі з салёнай карамеллю – надзвычай папулярным сёння напаўняльнікам.
Дарэчы, саладосці вытворчасці кааппрама Ляхавіцкага райпо карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў землякоў. Мінчане на сталічных кірмашах таксама становяцца ў чаргу!

Святлана СТЫКУЦЬ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.