Партрэт, «намаляваны» ніткамі. Ляхавічанцы для для стварэння прыгажосці патрабуюцца жаданне і стараннасць

Нітка цягнецца за іголкай, сцяжок кладзецца за сцяжком, і белае поле тканіны паступова запаўняе ўзор – за рукадзеллем ляхавічанка Крысціна Курловіч. У яе руках іголка, здаецца, прыручаная – крыжыкі атрымліваюцца роўныя і акуратныя.
За рухам спрытных рук назіраюць некалькі пар вачэй: Крысціна ў ляхавіцкай купалаўцы праводзіць майстар-клас па вышыўцы. Паказвае і расказвае, як зрабіць адметнае ўпрыгожванне.
А ў сваёй справе яна ас! Таму пацвярджэнне – інтарэс да работ Крысціны Курловіч наведвальнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе ў чытальнай зале была прадстаўлена персанальная выстава яе работ «Рук майстэрства і сэрца прыгажосць».

Вышыўкай Крысціна захапілася яшчэ ў школе. Першыя спробы былі няўпэўненыя: крыжыкі скакалі па палатне, быццам літары ў сшытку першакласніка. Адчуць задавальненне ад хобі дапамаглі бабуля і маці, якія да таго навучылі вязаць кручком і пруткамі.
Вучоба, праца будаўніком паставілі рукадзелле на паўзу. Калі знаходзілася ў водпуску па доглядзе за сярэднім сынам Мішам, зноў узялася за любімую справу. І пайшло-паехала. Што толькі ні вышывае Крысціна. Гэта і кветкавыя кампазіцыі, і знакі задыяка, і жывёлы, і дзіця-чыя метрыкі, і г. д. Работы свае маладая мама часта дорыць родным і сябрам. Зараз яна ў дэкрэтным водпуску – гадуе чатырохмесячнага Арцёмку. Старэйшы – шасцігадовы – сын Максім з радасцю гуляе з брацікам.
Думаеце, маме траіх сыноў няма часу займацца рукадзеллем? А яна паспявае не толькі смачна накарміць дамашніх, папрасаваць адзенне і зрабіць іншыя важныя справы, але і пасядзець з пяльцамі, «намаляваць» ніткамі карціну. Калі натхненне захопіць, можа вышываць да раніцы. Муж Сяргей падтрымлівае інтарэсы жонкі і стараецца па магчымасці вызваліць яе ад хатніх клопатаў.
Сюжэты для карцін Крысціна знаходзіць у інтэрнэце, часопісах, падказвае іх і жыццё.
– Лепшы адпачынак для  мяне – вышыўка. Тым больш зараз столькі тэматычных сайтаў, што не трэба выдумляць нешта сваё: бяры і стварай. Вышываю часта па гатовых схемах – зручна і эканоміць час. Падбіраю ніткі – іх у мяне шмат. Тым, хто толькі робіць першыя крокі, рэкамендую пачаць з невялікіх схем. А лепш узяць гатовыя наборы для вышывання. Пасля можна паспрабаваць самастойна падбіраць матэрыялы, – дзеліцца вопытная майстрыха. І раскрывае некаторыя сакрэты вышывальнай справы. Так, у працэсе вышыўкі не трэба мяняць нацяжэнне ніткі: калі яе моцна зацягнуць, крыжык будзе дэфармавацца. Канешне, як і ў любой справе, не абысціся без фантазіі і цярпення, жадання ўбачыць канчатковы вынік. Бывае, што карціна «пішацца» і паўгода.
У планах Крысціны набыць вышывальны станок, каб ствараць вялікія і больш складаныя работы. Творчае захапленне, прызнаецца вышывальшчыца, дапамагае атрымліваць ад жыцця сапраўднае задавальненне.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.