Па армейскім раскладзе. Маладое папаўненне прыйшло ў батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, што дыслакуецца недалёка ад Ляхавічаў

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь 1 снежня пачаўся новы навучальны год.

Новы ён і для маладога папаўнення, якое прыйшло ў батальён кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, што дыслацыруецца недалёка ад Ляхавічаў. У вайсковай часці 29969 больш за сотню курсантаў, якія прызываліся з розных куткоў краіны. Зараз яны – у цывільным жыцці айцішнікі, медыкі, будаўнікі, аграрыі, спартсмены і г. д. – праходзяць курс маладога байца. Вучацца жыць па воінскім статуце і выконваць загады, знаёмяцца з асаблівасцямі ваеннага жыцця, займаюцца баявой падрыхтоўкай. Дзень у арміі ідзе па вызначаным раскладзе і распісаны літаральна па хвілінах. Кожная пастаўленая задача дакладная і вывераная.


Антон Плотнікаў скончыў БДУІР, два гады працаваў інжынерам-праграмістам. Адзначае, што цікава паспрабаваць сілы і авалодаць армейскай спецыяльнасцю аператара радыёлакацыйнай станцыі. Падкрэслівае, што 12 месяцаў будзе насіць ваенную форму, і гэта яго зусім не засмучае. Затое пасля з гонарам будзе гаварыць, што служыў ва Узброеных Сілах Беларусі.


Сцяпан Яўсееў у мірным жыцці – тэхнік-тэхнолаг, у ваеннай часці будзе вадзіць машыну.
– Жыць па раскладзе для мяне справа звычайная: да арміі сур’ёзна займаўся спортам і прывык выконваць загады. Першыя ваенныя ўражанні станоўчыя. Смачна кормяць, форма зручная, можна ў вызначаны час тэлефанаваць дадому. Парадавала, што не трэба падшываць падкаўнерык. Калі атрымаў павестку з ваенкамата, успрыняў як належнае: перакананы, што павінен выканаць канстытуцыйны абавязак, – расказвае салдат.
Дарэчы, Сцяпан – чэмпіён  першынства Рэспублікі Беларусь па гіравым спорце ў вазе да 85 кілаграмаў, мае першы дарослы разрад.


Антон Цітоў закончыў БНТУ па спецыяльнасці «гідрапнеўмасістэмы мабільных і тэхналагічных машын».
– Настрой нармальны. Многія з маіх знаёмых служылі ў арміі, зараз мой час. Гатовы да ваеннага жыцця , як кажуць, і маральна, і фізічна. Упэўнены, што хутка ўвальёмся ў армейскае жыццё, і час службы праляціць незаўважна. Тым больш што афіцэры расказваюць і паказваюць, як і што трэба рабіць, – дзеліцца курсант.
Намеснік начальніка пункта прыёму новага папаўнення Андрэй Паляшук разважае, што сённяшнія прызыўнікі сур’ёзныя і адказныя:
– У парадку ў іх з фізпадрыхтоўкай, і на службу настроены. Навучым іх як абавязкам ваеннаслужачага, так і бытавым уменням. Служыць будуць дастойна!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.