Здаровы клопат пра бяспеку працы. Ляхавіцкая ЦРБ – пераможца штогадовага абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы

Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца – пераможца штогадовага абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў намінацыі «арганізацыі невытворчай сферы».

Клопат пра здароўе землякоў – прамое прафесійнае прызначэнне работнікаў устаноў аховы здароўя Ляхавіччыны. Але не менш уважліва яны дбаюць і пра жыцці і здароўе сваіх работнікаў. Медыцынская практыка даволі часта звязана з рознай шкодай для здароўя: работа з хімічнымі рэчывамі, якія валодаюць раздражняльным, таксічным уздзеяннем, біялагічнымі (узбуджальнікі інфекцыйных хвароб), фізічнымі (іанізуючае, электрамагнітнае выпраменьванне), а таксама з разнастайнымі нервовымі і эмацыянальнымі перагрузкамі. Таму ахова працы і ў медыцыне мае вельмі важную ролю.

Неаднойчы УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» станавілася пераможцай раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. А сёлета ўзята чарговая прыступка. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца прызнана пераможцай штогадовага абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў намінацыі «арганізацыі невытворчай сферы».
– Ахова працы была і застаецца важнай сацыяльна-эканамічнай тэмай, якая патрабуе да сябе пастаяннай увагі як з боку дзяржавы, так і наймальнікаў. Таму прымаем разнастайныя меры, каб узнікала як мага менш пытанняў па ахове працы. Механізм стварэння бяспечных умоў ва ўсіх падраздзяленнях ЦРБ адладжаны паэтапна і таму паспяхова дзейнічае. Наша арганізацыя ў 2021 го-дзе распрацавала і ўкараніла сістэму кіравання аховай працы, у аснове якой – стварэнне на кожным рабочым месцы належных умоў працы, папярэджанне траўматызму і прафесійных захворванняў. Таму грубых, прынцыповых парушэнняў не рэгіструецца. Але, тым не менш, пільнасць губляць не варта, бо ў пытаннях бяспекі дробязяў не бывае, – адзначае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
Вось ужо 33 гады за ахову працы ва ўстановах аховы здароўя раёна адказвае Валянціна Авяр’янава (на здымку). У многім дзякуючы яе патрабавальнасці, аб’ектыўнасці, адказнасці, справы ў гэтым накірунку пастаўлены на належным узроўні. Пацвяр-джэнне выніковай работы і адміністрацыі ЦРБ, і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, і спецыялістаў па ахове працы – той факт, што на працягу трох дзесяцігоддзяў ва ўстановах аховы здароўя не рэгіструецца выпадкаў траўматызму сярод работнікаў, як і фактаў прафесійных хвароб.
– Арганізацыя аховы працы райбальніцы ўключае ў сябе комплекс прававых, сацыяльна-эканамічных, арганізацыйна-тэхнічных, санітарна-гігіеніч-ных, лячэбна-прафілак-тычных, рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Плюс каардынацыя дзейнасці ўсіх структурных падраздзяленняў па забеспячэнні здаровых і бяс-печных умоў працы, укараненне перадавога вопыту і распрацовак па бяспецы і гігіене працы, выкананне заканадаўства аб ахове працы. Абавязкова кантрольныя мерапрыемствы, інфармаванне і кансультаванне работнікаў па пытаннях аховы працы. Наглядная агітацыя прадастаўлена на інфармацыйным стэндзе «Ахова працы», «Пажарная бяспека», – расказвае Валянціна Авяр’янава.
Зацвярджэнне лакальных дакументаў па ахове працы, як і кантроль за іх выкананнем, – зона адказнасці галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ. Акрамя яго, за выкананнем нормаў аховы працы сочаць спецыяльныя камісіі, а таксама загадчыкі аддзяленняў.
У абавязковым парадку – навучанне работнікаў у галіне аховы працы, як і прафесійнае навучанне. Перыядычна праводзіцца атэстацыя рабочых месцаў, яны правяраюцца на прадмет парушэнняў для хутчэйшага іх ухілення, каб пазбегнуць нанясення шкоды працуючым.
Яшчэ адна абавязковая ўмова – усе работнікі падлягаюць страхаванню ад няшчасных выпадкаў.
– З кожным годам у плане аховы здароўя робіцца нешта новае ці большае. Напрыклад, санітарна-бытавыя памяшканні для работнікаў набываюць новы функцыянал і эстэтыку. У паліклініцы дзейнічае пакой для адпачынку медперсаналу, дзе ёсць усё неабходнае – мікрахвалёўка, чайнікі, канапа. Тут утульна і камфортна. Кіраўніцтва райбальніцы праяўляе клопат пра сваіх працаўнікоў, і работнікі ўсё больш адказна ставяцца да пытанняў бяспекі на вытворчасці, –
падкрэслівае інжынер па ахове працы ЦРБ.
Галоўны спецыяліст упраў-лення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць адзначае высокі ўзровень арганізацыі пытанняў аховы працы ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіцкага раёна і сур’ёзны прафесійны падыход да арганізацыі гэтага адказнага працэсу, пачынаючы з правядзення інструктажу на рабочых месцах спецыялістаў, завяршаючы кантрольнымі мерапрыемствамі.

Галіна КАНЬКО. 

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.