Паехалі…У Ляхавіцкім раёне завершаны капітальны рамонт моста праз раку Шчару на 12-м кіламетры аўтадарогі Р4

Нарэшце завершаны капітальны рамонт моста праз раку Шчару на 12-м кіламетры аўтадарогі Р4, распачаты ў маі.

З таго часу быў наладжаны аб’езд праз стары мост, які знаходзіцца побач з зонай адпачынку ў Дараве. Для бяспечнай язды тут стварылі належныя ўмовы: паабапал праезнай часткі ўстанавілі металічную агароджу, умацавалі пліты моста, па ўсім перыметры ўладкавалі дарожныя знакі, пешаходныя дарожкі.

– Апошні раз мост бачыў рамонт амаль чвэрць стагоддзя  назад. Зразумела, што за такі працяглы час знасіліся і прыйшлі ў нездавальняючы стан асноўныя канструкцыйныя элементы, што, адпаведна, знізіла грузапад’ёмнасць дарогі. Таму і было прынята рашэнне аб неабходнасці рэканструкцыі. Заказчыкам праекта з’яўляецца РУП «Брэстаўтадар». Рамонт закрануў участак працягласцю 45 метраў. Асноўная частка рэканструкцыйных работ вялася за кошт рэспубліканскага бюджэту і абышлася ў больш за 900 тысяч рублёў. Спецыялісты ТАА «Спецмостбуд» правялі дэмантаж пліт, замянілі 36 старых пралётных збудаванняў на новыя, абнавілі бар’ерную агароджу з ацынкаванага матэрыялу, які не патрабуе далейшай афарбоўкі, аднавілі насып на пачатку і ў канцы ўчастка дарогі. Абноўлена асфальтавае пакрыццё, – расказвае галоўны інжынер ДЭУ-24 Мікалай Дрынеўскі.

Рэканструкцыя моста праз Шчару вялася за кошт рэспубліканскага бюджэту і абышлася ў больш за 900 тысяч рублёў.

Не засталіся ў баку ад рамонтна-рэканструкцыйных работ працаўнікі і гэтай дарожнай арганізацыі, на чыім балансе знаходзіцца дарога. Менавіта работнікі ДЭУ-24 здымалі стары асфальт, ачышчалі металічныя канструкцыі. Дарэчы, для пакрыцця дарогі выкарыстоўвалі асфальт, што выпускае завод ДЭУ-24, і гэта сказалася на сабекошце работ.

Перш чым даць старт руху па адноўленым мосце, аб’ект прымалі некалькі спецыяльных камісій, у тым ліку і абласная служба дзяржаўтаінспекцыі. Адно з галоўных патрабаванняў – высокая грузапад’ёмнасць і бяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.