Пра Маладзёжны парламент і школьны бізнес. У чарговы раз у Ляхавічах працавала грамадская прыёмная

Чарговы дзень работы грамадскай прыёмнай паказаў:  актыўнасць землякоў не змяншаецца, сярод іх нямала жадаючых задаць пытанне, якое хвалюе не толькі непасрэдна заяўніка, але і ўзняць і праблемы агульнаграмадскай важнасці.

У тым ліку скарыстацца магчымасцю падзяліцца сваімі прапановамі па далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці як Ляхавіччыны, так і краіны ў цэлым, а таксама па змяненнях у Канстытуцыю Беларусі.

У мінулую сераду на працягу гадзіны адказвала на пытанні землякоў, занатоўвала прапановы нераўнадушных грамадзян начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

– Радуе тое, што даволі актыўна ўдзельнічаюць ў дыялогу паміж уладай і насельніцтвам маладыя людзі. Са слушнай прапановай па змяненні ў Канстытуцыю выступіў настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач.

Ён лічыць мэтазгодным замацаваць у Асноўным Законе краіны функцыянаванне Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь як органа ўлады для вырашэння пытанняў у галіне маладзёжнай палітыкі з правам заканадаўчай ініцыятывы. Прычым, у склад новага органа павінны ўвайсці прадстаўнікі ўсіх раёнаў рэспублікі, – адзначае Святлана Якубоўская.

Жыхары Ляхавіччыны скарысталіся магчымасцю напрамую задаць пытанне па актуальных школьных тэмах начальніку аддзела па адукацыі. Так, маці двух школьнікаў Алену Мікалаеўну цікавіла, ці маюць магчымасць навучэнцы школ пазнаёміцца з рознымі прафесіямі праз працоўную дзейнасць.

Святлана Канстанцінаўна расказала, што на базе мясцовага агракаледжа арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10-11 класаў па прафесіях «садавод», «агароднік», на базе СШ № 1 – «швачка», а на базе Крывошынскай, Жарабковіцкай і Малагарадзішчанскай школ –«аператар ЭВМ». Падчас летніх канікулаў 18 непаўналетніх з Начаўскай, Навасёлкаўскай, Ліпскай, Востраўскай СШ, Дараўскага ДС – СШ працавалі ў скла-дзе сельскагаспадарчых атрадаў у аграрных прадпрыемствах раёна, а рабяты Малагарадзішчанскага ДС – СШ шчыравалі ў лясгасе. На базе СШ № 2 і Крывошынскай школы былі арганізаваны лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. Акрамя таго, 101 навучэнец быў задзейнічаны ў другаснай занятасці. 

Ужо ў школе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць паспрабаваць сябе і ў прадпрымальніцтве. Для гэтага дастаткова паўдзельнічаць у рабоце школьных бізнес-кампаній, а таксама ў конкурсе «Сто ідэй для Беларусі», акцыі «Хто, калі не мы!» і іншых.

Яшчэ адна ўзнятая тэма тычылася арганізацыі дыстанцыйнага навучання, што асабліва актуальна для сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі.

– 85 працэнтаў педагогаў Ляхавіччыны валодаюць неабходнымі тэхналогіямі для правядзення такога навучання, пры гэтым выкарыстоўваюць розныя сродкі камунікацыі. Ва ўсіх установах адукацыі ёсць скорасны інтэрнэт, у дастатковай колькасці – тэхнікі і абсталявання. Дарэчы, у краіне рыхтуецца адзіная платформа для дыстанцыйнага навучання, – патлумачыла начальнік аддзела па адукацыі.

Былі акрэслены і іншыя надзённыя пытанні, узняты пэўныя праблемы.

Святлана Якубоўская падкрэсліла, што такі фармат даволі эфектыўны, дазваляе весці не беспрадметную, а канструктыўную размову. Менавіта так можна знайсці шлях для вырашэння любой праблемы.

Галіна КАНЬКО.