«Жарабковічы»: 75 стваральных крокаў. «ЛВ» запрашае вярнуцца назад на сем з паловай дзесяцігоддзяў і ўспомніць пра дасягненні жарабковіцкіх аграрыяў

Калгасная гісторыя. У любой гісторыі ёсць пачатак,
а прадаўжацца яна можа бясконца. Няхай як мага больш унушальны, плённы, шчаслівы і багаты працяг будзе ў аднаго са старэйшых, нязменна паспяховага сельгаспрадпрыемства Ляхавіччыны – ААТ «Жарабковічы».  Днямі гэта гаспадарка адзначае шыкоўны юбілей – 75-годдзе.

«ЛВ» запрашае вярнуцца назад на сем з паловай дзесяцігоддзяў і ўспомніць пра дасягненні жарабковіцкіх аграрыяў, узгадаць пра важкія надоі і прывагі, ураджайныя гектары, урадлівыя палеткі, новабудоўлі, адраджэнне вёскі.

Калектыўная гаспадарка

У 1947 годзе сяляне вёскі Жарабковічы аб’ядналіся, каб калектыўна весці гаспадарку.
Адразу ў сельгасарцель уступіла 37 сем’яў. Наступіў лёсавызначальны 1948 год. На базе сельгасарцелі 6 лютага створаны першы тутэйшы калгас – імя Сталіна, старшынёй абралі Астапа Русака. З гэтай даты і пачала поўніцца дзень за днём, год за годам добрымі справамі калгасная скарбонка. У кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» змешчаны чорна-белы фотаздымак з першага пасяджэння праўлення калгаса. За невялікім сталом сабраліся калгаснікі. Колькі надзеі, што распачатая калектыўная справа будзе плённай, што жыццё вяскоўцаў стане лепшым і заможным. Дружна талакой узяліся за справу: працавалі ў жывёлагадоўлі, будавалі фермы, куплялі і засвойвалі сельска-
гаспадарчую тэхніку.
Неўзабаве прыйшлі і першыя працоўныя поспехі. Напрыканцы 1954 года ў Ляхавіцкім раёне была арганізавана першая сельскагас-
падарчая выстава з удзелам лепшых аграрыяў раёна. Сярод раённых перадавікоў і звяно Ніны Ждановіч з калгаса імя Сталіна. Ураджай ільновалакна склаў пяць цэнтнераў на круг. І яшчэ
крыху гісторыі, на гэты раз са старонак «Совецкага патрыёта» за 15 кастрычніка 1950 года: «…Паляводчая брыгада таварыша Глобажа калгаса імя Сталіна вырасціла ўраджай пшаніцы гатунку «Данькаўская гранятка» на плошчы 13 гектараў па 20 цэнтнераў з кожнага гектару». Многія працоўныя здабыткі, вытворчыя і сацыяльныя наваселлі ў калгасе былі звязаны са знакамітым старшынёй Пятром Бычковым, які паспяхова ўзначальваў гаспадарку на працягу 15 гадоў.

Пра Жарабковічы ведаў увесь Савецкі Саюз

1955 год стаў для калгаса дэбютам на сельскагаспадарчай арэне СССР. З гэтага года гаспадарка – нязменны ўдзельнік ВДНГ, атрымальнік высокіх дзяржаўных узнагарод. Калгас імя Сталіна змяніў назву. На працягу многіх дзясяткаў гадоў ён стане вядомы як калгас «Беларусь».
Сярэдзіна 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Толькі некаторыя факты: ордэнам Леніна ўзнагароджаны калгасніца калгаса «Беларусь» Г. Р. Кухарчык, звеннявая Н. Я. Грамак, якая, дарэчы, была абрана ў Вярхоўны Савет Беларусі. У 1971 годзе звяно (у ім было каля 40 чалавек) Надзеі Грамак вырасціла цудоўны лён – атрымалі па 10 цэнтнераў ільновалакна з гектара. З ранку да ночы працавалі на палетках даўгунца Соф’я Таранда, Марыя Навалочка, Надзея Дучынская, Антаніна Пашкевіч, Марыя Саматошанка. Ордэнам Леніна ў 1966 годзе ўзнагароджана звеннявая Марыя Шэлех.

Новыя дзесяцігоддзі – новыя дасягненні

Многія поспехі звязаны са славутымі старшынямі гаспадарак – Астапам Русаком (1948–1952 гг.), Пятром Бычковым (1952–
1967 гг.), Іванам Мікулічам (1967–1975 гг.), Аляксандрам Бокачам (1975–1982 гг.), Віталіем Бусько (1982–2016 гг.). Валявым, мэтанакіраваным, патрабавальным, апантаным у адносінах да работы – такім застаўся ў памяці землякоў старшыня спачатку
калгаса «Беларусь», а потым і СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько. Старшынскую эстафету ў жніўні 2016 года падхапіў таксама тутэйшы, чыя працоўная біяграфія – ад механізатара да старшыні – непарыўна звязана з Жарабковічамі, – Антон Булаты.
Калгас «Беларусь» працягвае ўпэўненымі крокамі рухацца да новых рэкордаў.
У 1978 годзе гаспадарка атрымала дыплом І ступені на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі – своеасаблівае прызнанне як адной з лепшых гаспадарак СССР. Такой жа важкай узнагароды ўдастоены быў і Ляхавіцкі раён. Праз год адбылося шыкоўнае папаўненне: у «Беларусі» пачаў працаваць новы комплекс па вытворчасці ялавічыны, разлічаны на адкорм дзвюх тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. 70-я і 80-я назвалі і прозвішчы чарговых перадавікоў-аграрыяў. Сярод іх – брыгадзір трактарнай брыгады Васілій Юркевіч, які ўзнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, даярка М. І. Мікуліч, ёй уручаны ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вядомым ва ўсім раёне быў сямейны экіпаж бацькі і сына Міхаіла і Леаніда Андрыяшаў.
80-я гады таксама сталі паспяховымі і знакавымі для калгаса «Беларусь». Лепшыя з лепшых, такія як трактарысты
М. Ф. Андрыяш і А. Ф. Новік, майстар-наладчык А. Ф. Юркевіч атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды – ордэны Кастрычніцкай Рэва-
люцыі. Механізатар-бульбавод Аляксей Кухарчык адзначаны ў 1980 годзе сярэбраным медалём, а ў 1984 годзе – залатым медалём ВДНГ СССР за высокія вытворчыя паказчыкі. Бронзавы і сярэбраны медалёвы россып, а таксама ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені ў яго жонкі – звеннявой паляводчай брыгады Ганны Кухарчык. У 1986 годзе
калгас «Беларусь» быў прызнаны пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва па вырошчванні льну.
Паспяховая жывёлагадоўля заўжды была візітоўкай тутэйшых працаўнікоў. У 1987 годзе калгаснікі ўзялі на сябе абавязак за год у сярэднім ад кожнай каровы надаіць да 4 400–4 700 кілаграмаў малака. На наступны год «Беларусь» зноў адзначала вытворчае наваселле – уступіла ў эксплуатацыю вялікая малочнатаварная ферма.

Сярод лепшых

75 гадоў – такі істотны адрэзак часу паміж мінулым і сучаснасцю. Сёння эстафету поспеху падхапілі працаўнікі ААТ «Жарабковічы». Увесь калектыў упэўнена трымае планку звацца лепшымі аграрыямі, раўняецца на сваіх землякоў – ветэранаў працы з «Жарабковічаў» –
аператара машыннага даення Лідзію Чаркас, жывёлавода Ірыну Вайцяхоўскую, вадзіцеля Івана Сергіеню, механізатара Яўгенія Казаке-
віча, галоўнага ветурача Леаніда Шкляніка, галоўнага эканаміста Анатолія Ждановіча, інжынера Міхаіла Гаспадуру, начальніка ўчастка Міхаіла Багацкага, намесніка дырэктара Леаніда Варвашэвіча, бухгалтараў Вольгу Варвашэвіч і Тамару Ждановіч.

З успамінаў

Галіна Ждановіч, першы аграном калгаса імя Сталіна (газета «Савецкі патрыёт» за 4 жніўня 1957 года): «Калі я прыехала ў
1953 годзе ў гаспадарку, там яшчэ коні валяліся, бо кармоў не хапала. Ды і не дзіва, ураджай збіралі мізэрны. Тым не менш, гаспадарка лічылася спецыялізаванай па вырошчванню збожжавых. Горш-лепш, але забяспечвалі мы тады насеннем амаль усю вобласць. Каб трохі абжыцца, прадалі на насеннай станцыі ў Рызе амаль увесь свой запас насення канюшыны, больш за трыццаць тон. Тады яно было ў добрай цане. Так і падняліся на ногі. Што да тэхнікі, дык мы тады яе амаль і не бачылі. Спадзяваліся на коней. Цяпер жа не верыцца, што пад конны плуг мы саджалі больш за сто гектараў бульбы».

Пётр Бычкоў, старшыня калгаса імя Сталіна (газета «Савецкі патрыёт» за 4 жніўня 1957 года): «50 гаспадарак нашых калгаснікаў перасяліліся ўжо з хутароў у вёскі. З перасяленнем з хутароў узрастае культура калгаснай вёскі. Яны будуць электрыфікаваны і поўнасцю радыёфікаваны. Да саракавой гадавіны Вялікага Кастрычніка (да 7 лістапада 1957 года – заўвага «ЛВ») закончым будаўніцтва калгаснага клуба з вялікай глядзельнай залай для дэманстрацыі кінафільмаў і тэатральных пастановак…».

Надзея Грамак, звеннявая льнаводчай брыгады калгаса «Беларусь» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»): «Ой, праўду людзі кажуць, каб вырасціць добры лянок, яму тысячу разоў пакланіцца трэба. Пад гэту культуру ў гаспадарцы спачатку адводзілі па 45–50 гектараў. Усе работы выконвалі ўручную. Трактар з сеялкай толькі пасее, а не паспеюць вылезці з зямлі кволыя раслінкі, як блошкі нападаюць. Хутчэй апыляць трэба, бо ўсё загіне на карані. А там і палоць трэба. Першыя гады сеялі лён у гаспадарцы ва ўрочышчах Асада, Чашчы, Снітцы. Зямля там і без таго добрая, а жанчыны нашага звяна яшчэ і попелу па дварах за зіму назбіраюць, каб угнаіць яшчэ лепш…».

Марыя Шэлех, звеннявая калгаса «Беларусь» (газета «Ляхавіцкі веснік» за 13 сакавіка 2019 года): «Мне, 21-гадовай дзяўчыне, пашан-
цавала калісьці пачаць працоўную біяграфію ў адным з лепшых калгасаў Ляхавіцкага раёна – «Беларусь». Людзі тут заўжды працавітыя, дбайныя гаспадары, якія ведаюць падыход да зямлі. Звяно, у якім я працавала, вырошчвала збожжавыя, кукурузу, цукровыя буракі, але культура нумар адзін –
лён. Хоць усе работы выконваліся ўручную, толькі сеялі трактарамі (ільноцерабілкі з’явіліся пазней), ураджайнасць расла з года ў год. У 1966 годзе яна склала 8 цэнтнераў
з гектара».

Галіна КАНЬКО.