Саната на Каляды. Адкрыццё галоўнай раённай ёлкі дало святочны старт калядным і навагоднім ранішнікам на Ляхавіччыне

БОЛЬШ ФОТА Ў  ФОТАРЭПАРТАЖЫ

І няхай снегу няма, дзе-нідзе распусціліся падснежнікі, а на дрэвах набухлі пупышкі, але на календары снежань, значыць, пачалася цудоўная святочная пара. Незалежна ад надвор’я, навагоддзе ніхто не адмяняе. Упрыгожанае агеньчыкамі, гірляндамі, ёлкамі і мішурой наваколле пацвярджае – хутка Каляды і Новы год.
20 снежня па галоўнай вуліцы райцэнтра ў суправаджэнні духавога аркестра праехаў рэтра-аўтамабіль з незвычайнымі пасажырамі – Дзедам Марозам і Снягурачкай. А за імі следам – рознакаляровая калона любімых герояў казак і мультфільмаў. І гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія чакалі  дзяцей і дарослых. На плошчы Леніна адбылося адкрыццё галоўнай ёлкі раёна. Традыцыйная «Калядная саната» атрымалася яркай і запамінальнай.
Жадаючых паўдзельнічаць у пераднавагоднім прадстаўленні з карагодамі, песнямі, гульнямі было шмат. І як не паверыць у цуд, калі пасля магічнага заклінання прыгажуня-ёлка зазіхацела рознакаляровымі агнямі.
Шчыра вітала землякоў з надыходзячымі святамі Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Наогул, у гэты святочны вечар віншаванні і пажаданні моцнага здароўя і спраўджвання запаветных мар гучалі часта.
Дарослыя і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, танцавалі пад музычныя выступленні самадзейных артыстаў, самыя смелыя хлопчыкі і дзяўчынкі нават паспелі расказаць вершы Дзядам Марозам.  
«Калядная саната» дала старт навагоднім ранішнікам, маскарадам і карнавалам у нашым раёне.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў  ФОТАРЭПАРТАЖЫ