Паверыць у Дзеда Мароза. Акцыя «Жаданне ў далоньцы» дорыць выхаванцам ЦКРНіР г. Ляхавічы веру ў заўтрашні дзень

Прадпрымальнікі Святлана Дылеўская і Наталля Лойка.

Рука ў руцэ, далонька да далонькі… Спакойна і надзейна, калі разам з дзецьмі дарослыя

У краіне 10 снежня стартавала навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»,  а гэта значыць, што наступіў час цудаў і добрых спраў. І па традыцыі на Ляхавіччыне свае агні «запаліла» ёлка жаданняў – жаданняў рабят з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання  і рэабілітацыі.
У магазіне «Дзіцячы свет «Аліса» навагодняе дрэўца ўпрыгожана рознакаляровымі папяровымі дзіцячымі далонькамі. З адваротнага боку на кожнай – імя ўладальніка адбітка: Марыя М.,7 гадоў; Карына Ч., 11 гадоў; Улад Т., 12 гадоў; Арцём Н., 7 гадоў… Да кожнага з гэтых рабят адносіны асаблівыя і ўважлівыя. Без дапамогі дарослых ім не справіцца, а яшчэ без нераўнадушных землякоў. Таму каторы год запар і праводзіцца акцыя «Жаданне ў далоньцы», каб падарыць ім – выхаванцам ЦКРНіР – веру ў заўтрашні дзень і надзею на спраўджванне мараў.
– Новы год – чароўны час. Хочацца, каб былі шчаслівымі і здаровымі дзеці. Калі ад дарослых залежыць спраўджванне іх жаданняў, значыць, трэба стаць хоць на нейкі час чараўнікамі, – разважае гаспадыня кафэ «Калі ласка» Наталля Лойка. У акцыі яна прымае ўдзел кожны год і адзначае, што адчувае ад гэтага асаблівы прыўзняты настрой.
Сваімі ўражаннямі дзеліцца і індывідуальны прадпрымальнік Святлана Дылеўская:
– Кожны раз здымаю далоньку, і мяне перапаўняюць эмоцыі
ад таго, што можна вось так проста запаліць дзіцячыя
вочы радасцю. Дапамагаць дзецям з асаблівасцямі развіцця не абавязак, а імкненне душы.
Зрабіць маленькае свята для асаблівых рабят па сілах кожнаму – толькі патрабуецца выбраць адрасата, пазначанага на далоньцы, і навагодні падарунак пакласці ў скрыню, размешчаную каля ёлачкі. Спагадлівых і добрых землякоў многа, і праз нейкі час на навагоднім дрэўцы не застанецца адбіткаў маленькіх далонек, а незнаёмыя хлопчыкі ці дзяўчынкі павераць у самага лепшага Дзеда Мароза.
– Калектыў ЦКРНіР і бацькі выхаванцаў шчыра ўдзячны ўсім, хто год за годам дзеліцца з нашымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі часцінкай сваёй душы. Гэта неацэнная дапамога ў стварэнні святочнага настрою. Хвалююча, калі да агульнай справы далучаюцца ляхавіча-не, аб’ядноўваюцца ў добрым памкненні праз маленькую дзіцячую далоньку людзі рознага сацыяльнага статусу і ўзросту, – падкрэсліла дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.