На Кургане Славы кіпіць праца. Месячнік добраўпарадкавання на Ляхавіччыне ў сваёй актыўнай фазе

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Месячнік добраўпарадкавання на Ляхавіччыне ў сваёй актыўнай фазе. Змяняе «знешнасць» не толькі тэрыторыя прыватных домаўладанняў, але і гарадскіх, і вясковых кропак – наводзяць парадак калектывы прадпрыемстваў і арганізацый.

А 8 красавіка праца кіпела на Кургане Славы. Тут шчыравалі прадстаўнікі службаў і аддзелаў райвыканкама, райсавета, прафсаюзаў, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, камунальнікі, іншыя.
Курган Славы для жыхароў раёна – тэрыторыя памяці. Таму лічыцца за гонар унесці свой уклад ва ўладкаванне гэтых мясцін, якія ў гады Вялікай
Айчыннай вайны сталі сведкамі разбуральных баёў.
Суботнічалі заўзята: дружна выграбалі старое лісце, высякалі галлё і кустоўе і г. д. Работнікі ўчастка добраўпарадкавання камунгаса на клумбе каля памятнага знака ўздоўж дарогі высадзілі цюльпаны і іншыя кветкі. На працягу не аднаго тыдня да 1 мая тут папрацуюць і іншыя працоўныя калектывы. Плануецца, што раённыя мерапрыемствы па святкаванні Дня Перамогі пройдуць менавіта на Кургане Славы. І праз восем дзесяцігоддзяў з пачатку вайны нашчадкі памятаюць пра мужнасць герояў. Памяць не мае тэрмінаў даўнасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.