Дзе яны, там гарантыя пастаянства пераменнага току. Калектыў Ляхавіцкага раёна электрасетак свой высокі рэспект заслужыў

Майстар рамонтна-эксплуатацыйнай брыгады Валерый Калацкі (другі злева) і электраманцёры Яўгеній Адамаў, Сяргей Шалік,  Мікалай Кісель.

У рознай форме плады працы электраэнергетыкаў прысутнічаюць паўсюдна, суправаджаюць нас на кожным кроку

Калектыў Ляхавіцкага раёна электрасетак свой высокі рэспект заслужыў. Не працай нават, а самаадданай, руплівай у кругласутачным рэжыме службай у інтарэсах і для людзей – жыхароў Ляхавіччыны.
Адной з найбольш баяздольных структур арганізацыі з’яўляецца раённая дыспетчарская служба. Свайго роду спецназ, гатовы дзейнічаць у любы час і па любой уводнай. Сабраны там сапраўдныя прафесіяналы, адказныя выканаўцы, дысцыплінаваныя работнікі, якім, акрамя іншага, даводзіцца ўскладваць на сябе важкі груз адказнасці пры прыняцці рашэнняў. Пяцёра дыспетчараў пазменна заступаюць на вахту ля галоўнага шчыта РЭС. Пяць выязных брыгад гатовы рэагаваць на каманды дыспетчара ў рэжыме тут і зараз.
Дарэчы, Ляхавіцкі РЭС не толькі кіруе электрапатокамі, размяркоўвае па тэрыторыі раёна электраэнергію. У прадпрыемства ёсць магчымасць выпрацоўкі апошняй. Гутарка пра міні-ГЭС, якая ў рамках праграмы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі была пабудавана на вадасховішчы «Мінічы» ў 2007 годзе. ГЭС аснашчана двума генератарамі, здольна на працягу года выдаць у сістэму больш за 200 тысяч кілават-гадзін электраэнергіі – прыкладна столькі, колькі і спажывае адна сярэдневялікая вёска раёна. Кругласутачны кантроль за работай сістэм і абсталявання міні-ГЭС ажыццяўляюць машыністы гідраагрэгатаў. Такіх спецыялістаў чатыры, і яны таксама залічаны ў штат дыспетчарскай службы РЭС.


На працягу ўсёй сваёй гісторыі, якая пачыналася ў 1964 годзе,
Ляхавіцкі РЭС развіваўся, будаваўся, нарошчваў вытворчыя магутнасці. Вырасталі новыя падстанцыі, з’яўляліся новыя кіламетры ліній электраперадачы, абнаўлялася электратэхнічнае і камутацыйнае абсталяванне. Напрыклад, толькі на працягу бягучага года адбылася замена 1852 старых прыбораў уліку электраэнергіі на новыя сучасныя. Праведзена рэканструкцыя электрычных сетак у вёсках Мазуркі і Каранеўшчыне, заменена 15 састарэлых камплектных трансфарматарных падстанцый на новыя сучасныя з магчымасцю арганізацыі ў наступным дыстанцыйнага кіравання рэжымамі работы вонкавага асвятлення. Амаль два дзясяткі трансфарматарных падстанцый аснашчана сістэмамі сігналізацыі на выпадак адчынення дзвярэй. Рамантаваліся паветраныя і кабельныя ЛЭП, трансфарматарныя падстанцыі, заменена больш за дзве сотні апор ЛЭП, звыш 40 кіламетраў правадоў. Ляхавіцкі РЭС прыняў удзел у будаўніцтве электрасетак да нядаўна ўзведзенага ў горадзе 60-кватэрнага жылога дома.


У розных работ – розныя крыніцы фінансавання. У адных выпадках гэта рэспубліканскі бюджэт, у іншых – уласныя і, дарэчы, зусім немалыя сродкі РУП «Брэстэнерга». І розныя выканаўцы ў асобе рамонтна-эксплуатацыйных брыгад пад кіраўніцтвам як вопытных майстроў Валерыя Калацкага, Вадзіма Абіева, Сяргея Зайко, так і іх маладых  калег Аляксея Салаты і Аляксандра Акаршчука.
Ляхавіцкі РЭС сёння – гэта два вытворчыя ўчасткі – Ляхавіцкі і Востраўскі, вытворчыя брыгады, службы, участкі, дзе працуюць разнапрофільныя 74 спецыялісты. З іх Вячаслаў Гачко, Леанід Зелянеўскі, Аляксандр Ціцікша, Людміла Траяновіч, Віталій
Зелянко, Анатолій Касцюкевіч, Іван Новік застаюцца ў арганізацыі на працягу больш як чвэрці стагоддзя. «Рэсаўскі» стаж Міхаіла Тарлюка, Леаніда Юруця, Жанны Зелянеўскай, Валерыя Касцюка –
30 гадоў плюс.


Калектыў узначальвае Віктар Станкевіч, які ў свой час працаваў тут інжынерам. Пасля некаторага перапынку, выкліканага работай у вышэйстаячай арганізацыі, у 2013 годзе Віктар Іванавіч вярнуўся ў Ляхавіцкі РЭС на пасаду кіраўніка. Галоўны інжынер
Сяргей Фінюцін і намеснік начальніка па збыце электраэнергіі Іван Бурбуць з’яўляюцца яго першымі памочнікамі, сапраўднымі дарад-
цамі, прафесіяналамі сваёй і агульнай «рэсаўскай» справы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!
Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце, забеспячэнне надзейнай работы
энергетычнага абсталявання, вялікі асабісты ўклад у развіццё энергасістэмы Брэсцкай вобласці і ў сувязі з прафесійным святам – Днём энергетыка – адзначана
кантралёр энергазабеспячальнай арганізацыі Ляхавіцкага раёна электрычных сетак філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» Людміла ТРАЯНОВІЧ.