У Беларусі, у тым ліку ў Ляхавіцким раёне, праводзіцца месячнік добраўпарадкавання

Вучні СШ №2 г. Ляхавічы актыўна ўключыліся ў збор другаснай сыравіны.

Усе ў чаканні вясны, цяпла, абнаўлення прыроды, добрага настрою і вялікіх перамен, якія
на вачах адбываюцца ў Ляхавічах. Горад стаў суцэльнай будаўнічай пляцоўкай: мяняюцца дахі на дамах, праводзіцца цеплавая рэабілітацыя бу- дынкаў, рэканструкцыя вуліц і плошчаў… А ў планах далейшае абнаўленне і пераўтварэнні, якія зробяць горад больш прыгожым і зручным для яго жыхароў і гасцей. І кожны з нас павінен быць зацікаўленым у гэтым, па магчымасці садзейнічаць і дапамагаць.
А што на справе? Супрацоўнікі райвыканкама, прыродаахоўнай службы, райЦГіЭ, якія праехаліся па вуліцах горада, убачылі шмат вясновых «сюрпрызаў». Растаў снег, а замест першацветаў вылезлі сляды безгаспадарчасці, неахайнасці і абыякавасці. Што ні гаражны кааператыў — то сметнік. У канцы вуліцы Южакова нехта пакінуў рэшткі згарэўшай машыны, будматэрыялаў, тут жа перапоўнены кантэйнер са смеццем і цэлая звалка вакол яго. Непрыглядны малюнак у тэму ў гаражным кааператыве, што ў раёне магазіна «Усходні»: ля агароджы пакеты са смеццем, якое яўна выкінуў нехта з жыльцоў бліжніх дамоў, пластыкавыя бутэлькі, папера. А паміж радамі гаражоў утварылася балота — ні прайсці, ні праехаць — і згніўшыя яблыкі ў лужыне. Сметнік утварылі і гаспадары гаражных кааператываў па вуліцах Юбілейнай, Арлоўскага.

Ля гаражнага кааператыву па вуліцы Южакова яблыкі плывуць...

Вельмі шкада, што не падтрымліваюць парадак жыхары новага мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Ля кааператыўнага дома № 3 урны даўно перапоўніліся смеццем, а на зямлі «дыван» з недакуркаў.
А ў цэнтры горада будаўнікі ПМК-17, мабыць, вырашылі, што паколькі тут вядуцца работы, можна пра парадак не дбаць: закінулі непатрэбшчынай трактарны прычэп, прыпаркаваны побач з агароджай, і працягваюць звальваць смецце побач…
Парадак залежыць ад чалавека, яго культуры, выхаванасці, сумленнасці. Нехта не дазволіць сабе кінуць пад ногі абгортку ад цукеркі, а іншы не пасаромеецца прынесці пад балкон суседа мяшок са смеццем.
Ёсць калектывы, дзе чысціня і парадак — справа звыклая і абавязковая — такія, як райветстанцыя, РАНС, гаргаз, ДРБУ-200, чыгуначная станцыя, ПМС. Але так, на жаль, не ўсюды.
Красавік — месяц добраўпарадкавання, і гэта ўжо традыцыя. Да калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў павінны далучыцца і жыльцы шматпавярховых дамоў, прыватнага сектара: прыбраць нежаданыя «падснежнікі» ў дварах, высадзіць дрэвы, а пасля і кветкі. Дарэчы, вучні школ горада ўжо ва ўсю шчыруюць: наводзяць парадак і адначасова збіраюць другасную сыравіну — макулатуру, металалом, шклатару. Давайце ўсе далучымся да іх.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *