Бяспека ў інтэрнэце і іншыя правілы паводзін. Пра што гаварылі падчас чарговага адзінага дня інфармавання ў Ляхавіцкім раёне

Падчас чарговага адзінага дня інфармавання гаварылі пра прафілактыку крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і пра тое, якая адказнасць накладаецца на грамадзяніна, калі ён прымае ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

У розных кропках раёна працавалі шэсць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Адна з іх, на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч, сустракалася з калектывам гарадскога Дома культуры. Святлана Іванаўна акрэсліла фармат сустрэчы – ёсць пытанні, значыць, адрасуем, нават калі яны не ў кампетэнцыі асоб, што прысутнічаюць, і адказы будуць дадзены пасля вывучэння праблемы.

Намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль нагадаў, што заканадаўча вызначаны парадак падрыхтоўкі і правядзення масавых мерапрыемстваў, падчас якіх у абавязковым парадку забяспечваецца бяспека грамадзян.

Парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця і г. д.,учыненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, як і публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення такіх мерапрыемстваў з парушэннем устаноўленага парадку, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйнага арышту. За паўторнае ўчыненне названых дзеянняў на працягу аднаго года прадугледжаны штраф ад 20 да 50 БВ або адміністрацыйны арышт. Нявыплата штрафу ў добраахвотным парадку прадугледжвае яго прымусовае спагнанне органам прымусовага выканання. Пры гэтым у дачыненні да даўжніка могуць быць прыняты такія меры, як арышт наяўных грашовых сродкаў і іншай маёмасці, канфіскацыя маёмасці і іншыя меры. Варта ведаць і пра тое, што непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай ёй па службе, цягне накладанне штрафу ад двух да 50 БВ ці адміністрацыйны арышт. У адпаведнасці з артыкулам 293 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправа-джаюцца насіллем, пагромамі, падпальваннем і знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супра-ціўленнем прадстаўніку ўлады, цягне пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да 15 гадоў.

Андрэй Гіль спыніўся на праблеме махлярскіх дзеянняў у адносінах жыхароў Ляхавіччыны. На сёння ўзбуджана 43 крымінальныя справы за крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, раскрыта – чатыры. Раскрыць такія крадзяжы практычна немагчыма – зламыснікі тэлефануюць з мэсэнджараў з Прыбалтыкі, Украіны і Расіі, прадстаўляюцца банкаўскімі работнікамі і паведамляюць пра тое, што карт-рахунак падвяргаецца небяспецы… Чалавек паведамляе рэквізіты плацежнай карткі асобе, і грошы спісваюцца.

Спісваюць грошы і з дапамогай фішынгавых сайтаў: зламыснікі ствараюць копію афіцыйнай старонкі, напрыклад, банка ці любога акаўнта. Чалавек пераходзіць па спасылцы, і вірусная праграма пачынае дзейнічаць –адбываецца перавод грошай. Ахвярамі камп’ютарных махляроў становяцца не толькі пенсіянеры, але і моладзь.

Асобная размова пра гандлёвую пляцоўку «Куфар». Схема выманьвання грошай, здаецца, вядомая многім, але чамусьці, нашы землякі вядуцца.

Галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Праневіч, якая 15 гадоў працуе з плацежнымі карткамі, падкрэсліла, што за час працы банк ні разу не тэлефанаваў з пытаннем да кліента аб нумары карткі і тэрміне яе дзеяння. Банкаўскі работнік пазнаёміла прысутных з алгарытмам дзеяння, калі, напрыклад, узнікла падазрэнне ў несанкцыянаваным выкарыстанні карткі ці спісанні сродкаў з рахунку. У такім выпадку неабходна заблакіраваць картку і патэлефанаваць у кругласутачную сервісную службу па нумары 8-17-299-25-26, дзе ў вас абавязкова спытаюць парольнае слова, якое ўказвалі пры афармленні карткі. Заблакіраваць можна і з дапамогай мабільнага тэлефона, калі з выкарыстаннем данай карткі былі зарэгістраваны паслугі SMS-банкінг ці М-банкінг.

Наталля Праневіч агучыла і практычныя парады па бяспечным выкарыстанні «пластыку». Напрыклад, і гэта агульнавядома – не перадаваць картку іншым асобам. Не захоўвайце ПІН-код і картку разам, не перадавайце код па тэлефоне, электроннай пошце і г. д. Пра тое, што картка, як і кашалёк з грошамі, патрабуе пільнасці і акуратнасці, неабходна нагадаць і дзецям.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.