Новы аўтасюжэт. СШ № 1 г. Ляхавічы атрымала 31 снежня сапраўдны навагодні падарунак

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

СШ № 1 атрымала 31 снежня сапраўдны навагодні падарунак – новы аўтобус «ПАЗ 423470-04». Ключы ад яго кіраўнік раёна Мікалай Мароз уручыў дырэктару школы Наталлі Кулак. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская, педагогі ўстановы адукацыі.
У пераднавагодні дзень святочную атмасферу ўзмацнілі віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі.
Штодзень у СШ № 1 з дзесяці населеных пунктаў школьныя аўтобусы дастаўляюць на заняткі 154 хлопчыкаў і дзяўчынак. Задзейнічаны ў падвозе чатыры адзінкі тэхнікі, з якіх дзве знаходзяцца на балансе ўстановы адукацыі. Не трэба тлумачыць, што значыць новы аўтобус для перавозкі рабят. У віншавальным слове Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што абноўка – гэта дзяржаўны клопат пра дзяцей і ў першую чаргу пра іх бяспеку. Транспартны сродак набыты за сродкі раённага бюджэту і абышоўся без малога ў 120 тысяч рублёў.
Пасажыраўмяшчальнасць аўтобуса – 31 пасадачнае месца і кожнае абсталявана падлакотнікамі і рамянямі бяспекі. Важная дэталь: транспартны сродак развівае скорасць не большую за 60 кіламетраў у гадзіну, аснашчаны рухавіком экалагічнага ўзроўню Еўра-5
і выдзяляецца ў дарожным патоку яркім жоўтым колерам. Усё зроблена дзеля бяспекі і камфорту пасажыраў.
Дырэктар школы Наталля Кулак не хавае задавальнення ад аўтападарунка – немалаважна, у якіх умовах дзеці дабіраюцца на заняткі. А тут і цёпла, і бяспечна, і зручна. За рулём аўтобуса – прафесіянал: вадзіцельскі стаж Аляксандра Болтуця (на здымку) – 46 гадоў і без дарожных парушэнняў.
Дарэчы, транспарт аддзела па адукацыі кожны дзень падвозіць у школы і дзіцячыя сады раёна 618 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.