На тэхналагічнай сувязі. У сёмы дзень мая разам з калегамі прафесійнае свята адзначае і калектыў Ляхавіцкага раённага ўчастка электрасувязі

У сёмы дзень мая разам з калегамі прафесійнае свята адзначае і калектыў раённага ўчастка электрасувязі. Менавіта гэтыя людзі ў адказе за якаснае аказанне разнастайных тэлекамунікацыйных паслуг для сваіх землякоў.

У нейкай ступені работа інжынера лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў  роднасная  хірургічнай – на кану стан усёй сістэмы і элементаў. Ляхавічанін Леанід Кудзіновіч (на здымку) з ліку тых спецыялістаў, пра каго кажуць – профі.
– Сапраўдны прафесіянал сваёй справы, здольны вырашаць задачы любой складанасці, спраўляецца з імі тэхнічна граматна, – характарызуе падначаленага начальнік Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі Баранавіцкага занальнага вузла электрасувязі Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» Анатолій Лукашэвіч.
13 гадоў назад выпускнік вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі электрамеханікам пачаў працоўную біяграфію ў раённым вузле электрасувязі. Зацікаўлена знаёміўся з асаблівасцямі электрычнай сувязі раёна, набіраўся вопыту. Інжынер электрасувязі, а пасля лінейных збудаванняў – ступені прафесійнага росту Леаніда
Кудзіновіча. Ён адчуў, апрабаваў работу, так сказаць, ва ўсіх яе тонкасцях і падрабязнасцях.
Леанід з тых спецыялістаў, хто знаходзіцца ў пастаянным самаўдасканаленні. Адзначае, што без развіцця ў іх галіне ніяк. Камп’ютарызацыя, «інтэрнэтызацыя», тэлекамунікацыйныя тэхналогіі змяняюцца вельмі хутка, і неабходна быць у курсе інфармацыйных навінак, крочыць у нагу з часам. Сёння нікога ўжо не здзівіш інтэрактыўным тэлебачаннем ці кіраваннем «разумным домам» з пульта. Усё гэта – звыклая справа і для нашых сувязістаў. Яны, акрамя іншага, займаюцца і ўстаноўкай відэаназірання ў арганізацыях раёна.
Камунікабельны і добразычлівы, Леанід прафесіянальна і цікава расказвае пра сучасныя сэрвісы і паслугі, з веданнем справы рэкамендуе абанентам аптымальны варыянт. Прычым робіць гэта не фармальна, а зацікаўлена. Той выпадак, калі работа па душы і прыносіць задавальненне. А яшчэ ён шчыра дзеліцца ведамі і ўменнямі з калегамі: праверыць, падкажа, калі трэба – выправіць.
А наогул, Леанід перакананы, што «зацыклівацца» на адной справе, нават самай цікавай, не варта. З жонкай Ганнай захапіліся паліграфічнай справай, якая стала хобі. А тое, што за працай трэба знаходзіць час і для сям’і, нават не аспрэчваецца. Абавязковым пунктам у раскладзе дня – прагулкі з дочкамі Вікай і Кацяй.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў
за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі – узнагароджаны інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі Баранавіцкага занальнага вузла электрасувязі Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» Леанід КУДЗІНОВІЧ.