Знакавасць падзеі пацверджана статусам

Першае пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу прайшло 24–25 красавіка 2024 года. У канстытуцыйным статусе сход адбыўся ўпершыню. Падзея аб’яднала 1 166 дэлегатаў пад дэвізам «Час выбраў нас!»

Шосты Усебеларускі народны сход падрыхтаваў канстытуцыйную аснову сёмаму УНС . Рэферэндум прапанаваў беларусам выказаць сваё «за» ці «супраць» па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Чацвёрты ў гісторыі суверэннай Беларусі рэспубліканскі рэферэндум, у якім прынялі ўдзел больш за 80 працэнтаў грамадзян, закрануў пытанні і статусу Усебеларускага народнага сходу. Абсалютнай большасцю беларусы надалі УНС канстытуцыйны статус. З таго моманту УНС – вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, рашэнні якога набылі абавязковы характар. На першым пасяджэнні Ляхавіччыну прадстаўляла дэлегацыя ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая Мароза, старшыні райсавета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча, выбраных дэлегатаў Івана Патаповіча, Таццяны Пішч, Маргарыты Кухта-Маслоўскай.
Мікалай Мароз, старшыня раённага выканаўчага камітэта:
–УНС для краіны заўжды станавіўся апорнай кропкай, прыпынкам, кабзверыць гадзіннікі, акрэсліць планы на заўтрашні дзень.Другое пасяджэнне вызначыла напрамкі развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Праект праграмы абмяркоўвалі ў кожным калектыве: грамадзяне разумелі,што за кожнай лічбай, планам, аб’ектам, задачай стаіць іх праца. Быць сведкай выступлення Кіраўніка дзяржавы–гэта сама па сабе яркая падзея. Вопытны і паважаны палітык на міжнароднай арэне заўжды гаворыць фактамі, гаворыць адкрыта, нібы звяртаецца да кожнага беларуса. Напрыканцы мінулага года мы вызначыліся з планамі на пяцігодку. Бягучая пяцігодка прадугледжвае рэалізацыю вялікага інвестыцыйнага праекта на Ляхавіцкім малочным заводзе – арганізацыя вытворчасці харчовага казеіну.
Праграма прадугледжвае будаўніцтва вытворчых аб’ектаў у сельскай гаспадарцы. У раёне запланавана будаўніцтва трох малочнатаварных комплексаў. Лічаныя дні – пачнецца будаўніцтва МТК «Дамашы» (ААТ«Жарабковічы»), на стадыі праектавання – узвядзенне МТК «Бажкі» (ААТ«Шлях новы»). Запланавана будаўніцтва і ў СУП «Белазем’е»: там з’явіцца МТК «Альхоўцы».
Юрый Чаранкевіч, старшыня дэпутацкага корпуса раёна:
– Асаблівая падзея адбылася 24–25 красавіка 2024 года, лічу гэта гістарычным паваротам. Знакавасць падзеі ў тым, што УНС упершыню адбыўся ў новым статусе – канстытуцыйным, яго рашэнні вызначаюць нашу стратэгію жыцця, рашэнні выконваюцца безагаворачна. Тысячы прадстаўнікоў з усёй краіны побач з кіраўніцтвам краіны абмяркоўвалі надзённае. А яно няпростае – гэта і сітуацыя вакол нашых меж, унутрыпалітычная абстаноўка, вектары развіцця. Усё гэта ў прамым эфіры на экранах назірала краіна і не толькі. Усё адкрыта і даступна для кожнага. Што яшчэ раз падкрэслівае наш адкрыты і незалежны напрамак развіцця. Мы ведаем пагрозы і, больш таго, мы ведаем, як абараніць сябе з улікам нацыянальных інтарэсаў. Асаблівым момантам для мяне сталі сустрэчы пасля, калі мы расказвалі ляхавічанам пра прынятыя Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну. І землякі былі поўнасцю пагружаны ў гэтыя дакументы, валодалі інфармацыяй, што гаворыць пра палітычную ўключанасць і актыўнасць.
Іван Патаповіч, аператар па штучным асемяненні жывёлы СВК «Ляхавіцкі»:
– Шчыра сказаць, быў разгублены ад адказнасці, калі абралі дэлегатам УНС. Наша гісторыя паказвае, што ва ўсе часы сход вырашае самае актуальнае для беларусаў. Менавіта першы сход, калі беларускае грамадства ў моцным слове, дзейным плане на будучыню, даў штуршок для нашага развіцця. Пасля на другім сходзе выбудавалася мадэль беларускай эканомікі, на пасяджэннях сходаў вырашаўся наш лёс. Зразумела, хваляваўся, калі ўвачавідкі пераканаўся ў маштабнасці форуму, убачыў столькі людзей, у руках якіх кіраўніцтва краінай. Канешне, як чалавек з вёскі, працаўнік аграрнага сектара, зацікавіўся развіццём моцных рэгіёнаў. Гэта пра сучасную вёску, дзе развіта інфраструктура, куды імкнуцца жыць далей ад гарадской мітусні. А значыць, вёскі чакаюць большага камфорту, што мы і бачым зараз: электраэнергія, водазабеспячэнне, ацяпленне, асфальтаванне, сацабслугоўванне – усё ідзе на вёску. Канешне, праграма «АПК будучыні» стала аб’ектам павышанага вывучэння. Стаяць задачы на гэту пяцігодку павялічыць дойны статак, працаваць на стварэнне трывалай кармавой базы. Праграма паставіла задачу дасягнуць сярэднегадавы ўдой на карову да 7 300 кілаграмаў да 2030 года. За дзевяць месяцаў гэтага года СВК «Ляхавіцкі» дэманструе вынік у 7 623 кілаграмы, што гаворыць пра рэальнасць лічбаў і вялікі патэнцыял сельскагаспадарчай галіны.
Таццяна Пішч, загадчык Навасёлкаўскага СДК:
– 30-годдзе УНС – гэта не проста прыгожая лічба. Гэта вопыт, які краіна пранесла праз дзесяцігоддзі, гэта гісторыя нашага станаўлення. Заўжды ў цэнтры ўвагі сходаў гучалі пытанні, які адлюстроўвалі рэчаіснасць. Прэзідэнт свае даклады будаваў і працягвае гэта рабіць так, каб кожны беларус адчуваў дачыненне да ўсяго, што адбываецца і нас чакае ў будучыні. Ніколі праблемы не замоўчваліся, наадварот – мы гэта бачым, прымаем, вырашаем. Яскравы прыклад – прыняцце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Усё на паверхні, бачым пагрозы, выклікі, ведаем, з чым і як працаваць. Так было заўжды. Рашэннямі, прынятымі дакументамі пішацца гісторыя – яны пра нас і наш час. Мне, як чалавеку культуры, адклікаецца ў сэрцы тэма захавання культурна-гістарычнай спадчыны. І, заўважце, пра гэта гаварылася на кожным УНС. Праз культуру мы ёсць беларусы. Наша душа творчая, багатая, таленавітая. Шчыра дзякую нашаму кіраўніцтву, што ў сваіх шматлікіх фестывалях мы бачым сябе як людзей, якія ніколі не страцяць талент душы, фальклор і народную творчасць. А наадварот, мы зараджаем сваёй творчасцю іншых. І нават сваімі фэстамі аб’ядноўваем народы. У такім кантэксце бачу сваю работу – жыць культурай дзеля жыцця народа.
Маргарыта Кухта-Маслоўская, галоўны рэдактар раённай газеты «Ляхавіцкі веснік»:
– Для мяне, як прадстаўніка моладзі і дэлегата ад самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны – БРСМ, гэта адказнасць – быць дэлегатам – падвойваецца. На стыку пакаленняў важна не згубіць сувязь. Захаваць гістарычную праўду – на гэтым трымаецца наша адзінства. Зберагчы галоўныя каштоўнасці беларусаў. А ці не на гэтым акцэнтуе ўвагу амаль кожны сход. Заўжды ў справаздачах Прэзідэнта гучыць тэма будучыні, наш заўтрашні дзень. Дзень, калі ўжо мае дзеці стануць дарослымі, стануць бацькамі і будуць ажыццяўляць свае мары, – усе рашэнні сходу не толькі дзеля сёння. Хачу, каб мае дзеці далей жылі ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве. Адукацыя, медыцына, бяспека жыцця – прыярытэты сёння, няхай так і застанецца. Тэма мацярынства асабліва кранальная для мяне. Быць мамай у нашай краіне – значыць цвёрда стаяць на нагах: бо ведаеш, што пра тваё дзіця клапоціцца і дзяржава. Мы бачым, што Прэзідэнт арыентуе на стварэнне сем’яў, у якіх шматгалоссем гучаць дзіцячыя галасы, пры гэтым голас маці, якая жадае працаваць і развівацца, гучыць таксама моцна і з дзяржаўнай падтрымкай. Мы бачым, як дзяржава шукае шляхі да бацькоўскага стымулу. Краіна ў прадчуванні змяненняў, калі дапамогу па доглядзе дзіцяці
да 3 гадоў прывяжуць да рэальных даходаў атрымальніка гэтай дапамогі. Гэта гаворыць пра тое, што рашэнні сходу ставяць рэальныя задачы, прапаноўваючы рэальныя механізмы.

