МТФ «Зарытава»: вынікі ёсць, перспектывы таксама. У Ляхавіцкім раёне ААТ «Жарабковічы» – адзін з лідараў па колькасці малочнатаварных фермаў і комплексаў

У Ляхавіцкім раёне ААТ «Жарабковічы» – адзін з лідараў па колькасці малочнатаварных фермаў і комплексаў. Іх у гаспадарцы пяць. На гэтым тыдні карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на МТФ «Зарытава» – адной з лепшых фермаў ААТ.

Ранішняя дойка – на завяршальнай стадыі. Са сваімі прафесійнымі абавязкамі, як заўжды, на выдатна спраўляюцца вопытныя аператары машыннага даення Людміла Кудзін і Зоя Русакевіч. Кожная з іх сваю справу ведае добра і ўпэўнена: галоўнае – належным чынам клапаціцца пра рагулін статак, тады і аддача будзе адпаведнай.
– Сёння наш калектыў – 25 чалавек: аператары машыннага даення і на адкорме буйной рагатай жывёлы, жывёлаводы, ветэрынарныя фельчары, слесар. Разам мы ў адказе за 1 320 нашых падапечных, з якіх 709 дойных кароў. Таму заслуга кожнага ў надоях і прывагах, якія на ферме растуць. Стараюцца ўсе і працуюць на вынік. А ў спалучэнні з добрымі ўмовамі працы, забяспечанасцю жывёлы збалансаваным рацыёнам у дастатковай колькасці ўдаецца прыбаўляць у паказчыках, – расказвае брыгадзір вытворчай брыгады МТФ «Зарытава» Бажэна Мацкевіч.
Як адзначылі ў гаспадарцы, МТФ «Зарытава» па рэйтынгу ў «Жарабковічах» саступае толькі больш маладой і сучаснай ферме ў Падлессі. Калі браць канкрэтныя лічбы, то сёлета за 9 месяцаў валавы надой па ферме склаў 4 553 тоны (за аналагічны перыяд мінулага года – 3 699 тон). Плюс па надоі на адну карову склаў амаль 800 кілаграмаў, і па выніках 9 месяцаў дасягнуў 6 558 кілаграмаў. Пераўзыходзяць
тутэйшыя жывёлаводы і свае мінулагоднія паказчыкі ў сярэднясутачных прывагах БРЖ. Калі летась за 9 месяцаў яны складалі 640 грамаў, то сёлета 717 грамаў.
Як правільна і ў поўным аб’ёме накарміць жывёлу, паклапаціцца пра рагуліна папаўненне, якое з летніх домікаў на халодны перыяд года пераводзіцца ў камфортны цялятнік, ведаюць тутэйшыя жывёлаводы.
А, напрыклад, Валерый Жылецкі і Вольга Грамак у падрабязнасцях раскажуць, чаму аддаюць перавагу цяляткі розных узростаў, нават самыя маленькія з ясельнай групы.
Толькі здаровы статак можа даваць шмат малака належнай якасці. Таму ветэрынарная служба ў складзе Сяргея Кобеля, Дзіяны Сергіені, Аліны Чаркас і Аркадзія Платко, вельмі ўважліва выконвае ўсе неабходныя рэгламенты.
– Пастаянна трымаем на кантролі стан здароўя кароў і цялят. Калі выяўляюцца нейкія праблемы, адразу прыступаем да лячэння. У прыярытэце і вакцынацыя. Як і ў людзей, у жывёлы хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым яе лячыць, таму ў гаспадарцы на ўсіх фермах надаецца ўвага менавіта прафілактыцы. Забяспечаны ўсімі неабходнымі прэпаратамі і ў патрэбнай колькасці – і для лячэння, і для прышчэпак, – гаворыць Аліна Чаркас.
Дарэчы, Аліна Чаркас і Дзіяна Сергіеня пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў аграрных каледжах, атрымалі дзяўчаты і адпаведную вышэйшую адукацыю. Абедзве любяць сваю прафесію, якую самі выбралі. Тут, у гаспадарцы, працуюць і іх другія палавінкі. Акрамя іншага, «Жарабковічы» паклапаціліся пра вырашэнне жыллёвага пытання, Сем’і Чаркас і Сергіеня атрымалі ад гаспадаркі добраўпарадкаванае жыллё.
– Заўжды можна атрымаць адказ на ўзніклае пытанне, больш вопытныя калегі параяць і падкажуць. Тут створаны добрыя ўмовы для працы, зарплата дастойная.
Увогуле, усё падабаецца. Таму застаёмся працаваць у гаспадарцы – у пацвярджэнне чаго прадоўжылі кантракт, – расказвае Дзіяна Сергіеня.
Брыгадзір «Зарытава» Бажэна Мацкевіч, нягледзячы на малады ўзрост, мае кіраўніцкі вопыт (у гаспадарцы працуе з 2019 года), раней узначальвала МТФ «Гулічы», а да гэтага спрабавала сябе ў якасці аператара машыннага даення і асемянатара. Не на словах, а на справе ведае ўсё пра жывёлагадоўлю.
Не толькі «Зарытава», але і іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты сельгаспрадпрыемства сёлета зрабілі крок наперад. За студзень – верасень валавы надой малака ў таварыстве склаў 106,2 працэнта да аналагічнага леташняга перыяду. Нельга не звярнуць увагу на важны паказчык: у мінулым годзе на малочны завод прададзена гатункам экстра 79,3 працэнта ўсяго «жарабковіцкага» малака, сёлета – 81,3 працэнта. А гэта дадатковыя фінансавыя паступленні на рахунак гаспадаркі, а, значыць, чарговы плюс у дабрабыт кожнага
тутэйшага працаўніка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля БІЗА, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу:
– Ляхавіцкі раён за 9 месяцаў 2026 года дасягнуў 103 працэнтаў у вытворчасці малочнай прадукцыі ў параўнанні з такім перыядам 2025 года. У сярэднім па раёне ад кожнай каровы надоена 5 528 кілаграмаў малака. Адназначны лідар па гэтым паказчыку – СВК «Ляхавіцкі» з 7 623 кілаграмамі (плюс 419 кілаграмаў да леташняга ўзроўню). У адстаючых пакуль СУП «Белазем’е» – 3 061 кілаграм. Найбольш высокі ў раёне паказчык продажу малака гатункам экстра паказвае ЗАТ «Белпрампрыбор» – 95 працэнтаў, нізкі – «Белазем’е» (20 працэнтаў).
Што датычыць паказчыкаў у вырошчванні прадукцыі БРЖ, рост
за 9 месяцаў складае 106 працэнтаў. За бягучы студзень – верасень сярэднясутачныя прывагі БРЖ у раёне дасягнулі 743 грамы
(плюс 56 грамаў). І для параўнання: самы высокі паказчык –
820 грамаў у ААТ «Жарабковічы», самы нізкі – 622 грамы ў СУП «Ліпнянка».

Алена Ленкавец і Людміла Кудзін.
Брыгадзір Бажэна Мацкевіч.
Дзіяна Сергіеня і Аліна Чаркас.
Жывёлаводы Вольга Грамак і Святлана Коўш