Кожная дарога мае свой пачатак. Ляхавіцкае ДРБУ-200 адзначае 60-годдзе

Для калектыву Ляхавіцкага ДРБУ-200 пунктам адліку стала
1 лістапада 1966 года. Менавіта тады на вуліцы Арлоўскага быў выдзелены зямельны ўчастак пад будаўніцтва базы ДЭУ-200. На баланс новая арганізацыя атрымала 179 кіламетраў аўтамабільных дарог. Тэхнічны парк на той момант выглядаў больш чым сціпла: два трактары і адзін трактарны прычэп. У першыя гады станаўлення прадпрыемства засяроджвалася выключна на бягучым утрыманні дарог. Між тым праца кіпела. За першае дзесяцігоддзе на тэрыторыі базы ўзведзены адміністрацыйны будынак, склады і гаражы. Аб’ёмы работ раслі, а разам з імі і парк машын – для іх абслугоўвання патрабаваліся ўсё большыя майстэрні.
У 1990 годзе прадпрыемства пераехала па новым адрасе, дзе з’явіліся не толькі сучасныя адміністрацыйныя памяшканні і абсталяваныя майстэрні, але і ўласны цэх па дрэваапрацоўцы…

Ад ДЭУ да ДРБУ

З цягам часу мяняліся і назва, і задачы прадпрыемства – ад ДЭУ-200 да ДРБУ-200, якое ўжо не толькі ўтрымлівала, але і будавала дарогі. Сёння юбіляр – сучаснае прадпрыемства, якое выконвае дарожна-будаўнічыя работы, займаецца добраўпарадкаваннем, мае ўласную вытворчасць тратуарных бартоў, пліткі і бардзюраў.
У змену міні-завод выпускае да 150 штук дарожнага борта, каля 400 штук – тратуарнага, пліткі – каля 100 квадратных метраў. Менавіта ляхавіцкія вырабы ўпрыгожылі вуліцы аграгарадка Жамчужны, які сёлета стаў месцам правядзення абласных «Дажынак». Узначальвае міні-завод майстар падсобнай гаспадарчай вытворчасці Генадзій Ланкуць. Разам з ім працуюць аператары Вадзім Казак і Вячаслаў Мельнікаў, фармоўшчыкі Валерый Плескацэвіч і Андрэй Маслоўскі.

На перадавой дарожнай службы

Сёння дарожнікі ўклад-ваюць новы асфальт на аўтадарозе Н-2 Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы. Адказны за работы – майстар Іван Клявец. Ведае сваю справу машыніст асфальтаўкладчыка Андрэй Пілінога. На дарожных катках па-майстэрску «прасуюць» асфальт Дзяніс Хлапянік, Міхаіл Бурчыц і Іван Чушаль, дарожнай фрэзай кіруе
Фёдар Таранда. У камандзе і вопытныя вадзіцелі МАЗаў, сярод якіх Віктар Скрыцкі, Уладзімір Казакевіч, Дзмітрый Багдановіч, Сяргей Тарлюк і іншыя.
Важная частка дзейнасці дарожнікаў – прафіляванне дарог. І гэта – зона адказнасці машыніста аўтагрэйдара Юрыя Піліногі.

Галоўны капітал прадпрыемства

За шэсць дзесяцігоддзяў праз прадпрыемства прайшлі сотні людзей. Для кагосьці прафесія стала сямейнай справай. У начальніка аддзела механізацыі Ігара Піліногі ў ДРБУ некалі працавалі бацька і родны дзядзька, а сёння інжынерам па арганізацыі і нарміраванні працы тут працуе яго дачка Дар’я. Побач – і дваюрадныя браты: вадзіцель пагрузчыка Андрэй Пілінога і машыніст аўтагрэйдара Юрый Пілінога.

– Самая вялікая каштоўнасць нашага прадпрыемства – тыя, хто ведае кожную дарогу ў раёне не па карце, а па памяці. Дзякуючы ім мы і трымаемся. Тэхніку можна набыць, а вопыт, адданасць справе, любоў да сваёй зямлі не купіш. Гэта выхоўваецца часам, перадаецца ад старэйшых да маладых. І пакуль у нас ёсць такі калектыў,
у прадпрыемства ёсць будучыня, – упэўнены начальнік ДРБУ-200 Максім Муха, які ўзначальвае прадпрыемства з 2023 года.

Гэта яго першае працоўнае месца. Дзесяць гадоў назад ён прыйшоў сюды майстрам дарожнага будаўніцтва, а сёння ў яго падначаленні немалы калектыў – 67 чалавек. Правая рука кіраўніка – галоўны інжынер Яўгеній Занько, які ў статусе «дарожніка» з 2013 года, а на пасадзе ўжо два гады. Ён не баіцца браць адказнасць на сябе і хварэе душой за справу.
Усё ведае, усіх памятае, усім дапаможа – гэта пра інспектара па кадрах Кацярыну Новік. Кваліфікаваны юрыст спалучае глыбокія прафесійныя веды з уменнем чуць кожнага. У вытворчай камандзе – прафесіяналы з вялікім вопытам – майстар па ўтрыманні дарог Анастасія Янкоўская, начальнік праектна-планавага аддзела Наталля Гараховіч, начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку Дар’я Ешану, майстар Яўгеній Расюк і іншыя. Кожны ведае сваю справу і адказвае за свой участак.

Асобнае слова ў юбілейным партрэце ДРБУ-200 – ветэранам. Іх паважаюць і цэняць. Ганаровы ветэран «Ганаровы дарожнік Беларусі» ІІ ступені, чыё імя ўпісана ў гісторыю ДРБУ, – Алена Лойка.
Дзесяць гадоў узначальвала прадпрыемства, а перад гэтым 24 гады займала пасаду галоўнага інжынера. Яна ўспамінае:
– У 70-я гады, калі пачынала тэхнікам, на прадпрыемстве працавалі майстры-франтавікі. Гэта былі людзі з вялікім вопытам, з характарам. У раёне тады многіх дарог не было. На Свяціцу нават праезду не існавала, масты – драўляныя. Потым усё перабудавалі на бетонныя. Дарогі былі ў асноўным гравійныя. Асфальтабетон ляжаў толькі на аўтадарозе Баранавічы – Ляхавічы, і то месцамі. Па размеркаванні прыйшла малады спецыяліст Валянціна Аўраменка. Я тады працавала галоўным інжынерам, а яна стала інжынерам. У памяці і пераезд на новую базу, дзе ацяпляліся ўсе гаражы. Для дарожнікаў гэта вельмі важна: зімой прыйшоў, тэхніку завёў – і паехаў. Для рабочых стварылі добрыя ўмовы, калектыў павялічваўся. І хоць калектыў пераважна быў мужчынскі, мяне ніхто і ніколі не падвёў. Галоўны механік Казімір Коктыш па першым званку прыходзіў, асабліва зімой. ДРБУ я ўзначаліла пасля прафесіянала высокага класа Івана Нікадзімавіча Касміны, які навучыў працаваць з людзьмі, верыць ім, падбіраць кадры. У нас, калі прыходзілі, заставаліся назаўсёды.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Паважаныя работнікі і ветэраны ДРБУ-200, шчыра віншуем вас з юбілеем прадпрыемства!
Шэсць дзесяцігоддзяў – гісторыя, створаная рукамі некалькіх пакаленняў дарожнікаў. Вы будавалі, рамантавалі і ўтрымлівалі дарогі, якія звязваюць гарады і вёскі, набліжаюць людзей і забяспечваюць бесперапынны рух жыцця.
За кожным кіламетрам асфальту – добраўпарадкаванымі дарогамі – ваша штодзённая нялёгкая, але такая патрэбная праца.

Ад усёй душы дзякуем вам за адданасць справе, за прафесіяналізм і за тое, што працягваеце закладзеныя традыцыі. Асобная ўдзячнасць – нашым шаноўным ветэранам. Тым, хто стаяў ля вытокаў, перадаваў вопыт, хто вучыў моладзь любіць дарожную справу. Шчыра жадаем моцнага здароўя і даўгалецця, дабрабыту ў сем’ях, а нашаму калектыву – згуртаванасці, новых праектаў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай дарогі, якія мы будуем, вядуць да лепшай будучыні, а праца прыносіць радасць і задавальненне.
Адміністрацыя і прафкам ДРБУ-200.

Начальнік ДРБУ-200 Максім Муха і намеснік начальніка – галоўны інжынер Яўгеній Занько.
Ветэраны прадпрыемства Ніна Богдан, Ніна Буранкова, Алена Лойка і Валянціна Аўраменка.
Дзмітрый Кульбачко і Міхаіл Саланевіч.
Дар’я Ешану, Анастасія Янкоўская і Кацярына Новік.