Дарослыя пытанні дзіцячага харчавання. Пра якасць харчавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна гаварылі падчас пасяджэння райвыканкама

Дзеці павінны атрымліваць выключна якаснае, карыснае і смачнае харчаванне. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз на кастрычніцкім пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядалася пытанне аб мерах па ўдасканаленні якасці харчавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна. Гэта тэма была і застаецца адной з найбольш важных у плане дзяржаўнага клопату пра падрастаючае пакаленне.

Тэма важная і актуальная
У дзіцячых садах і школах хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць каля 70 працэнтаў часу. Стан іх здароўя ў значнай ступені фарміруецца пад уздзеяннем не толькі ўмоў арганізацыі навучання і адпачынку, але і харчавання. Таму задача дарослых – аддзела па адукацыі, калектываў устаноў адукацыі, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, райЦГіЭ – захаванне і ўмацаванне стану здароўя падрастаючага пакалення праз арганізацыю і кантроль за якасцю харчавання.

Што і казаць, даволі няпроста накарміць у адной сям’і дваіх дзяцей, бо ў кожнага з іх могуць быць свае смакавыя перавагі. А ў маштабе Ляхавіцкага раёна трэба накарміць каля 2,7 тысячы дзяцей, улічыць усе пажаданні. Вось ужо некалькі гадоў, як у школах Беларусі дзейнічае новы фармат школьнага харчавання. Меню і графікі прыёму ежы максімальна падпарадкаваны запытам навучэнцаў і іх бацькоў.
Адназначна, наш раён можа занесці сабе ў залік той факт, што харчаваннем ахоплены ўсе дашкольнікі (653) і школьнікі (2 071) Ляхавіччыны. Так, ад школьнага харчавання можна адмовіцца. Але ці варта гэта рабіць? Штодня ў школьнікаў сярэдняга і старэйшага звяна ад пяці і больш урокаў. Значыць, у школе дзіця знаходзіцца ад пяці гадзін. Згодна з гігіенічнымі патрабаваннямі для нармальнага росту і падтрымання фізічнага здароўя навучэнец павінен харчавацца з інтэрвалам 3-4 гадзіны. Важна, каб школьнік атрымліваў менавіта гарачае харчаванне ў сталовай, а не еў засохлы бутэрброд, прынесены з дому. Акрамя таго, праз арганізацыю школьнага харчавання педагогі сумесна з бацькамі навучэнцаў выхоўваюць у падрастаючага пакалення культуру здаровага харчавання.

Новаўвядзенні і лічбы
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік расказала пра навацыі, уведзеныя з 1 верасня 2026 года ў школьным харчаванні. Так, уведзены адзіны від прыёму ежы – другі сняданак пры аднаразовым харчаванні ці падвячорак – для навучэнцаў другой змены. Пры гэтым грашовыя і натуральныя нормы, як і каларыйнасць, застаюцца аднолькавымі. Для лепшага ўліку фізіялагічных патрэб, звязаных з узростам дзяцей, пры выкарыстанні натуральных і грашовых нормаў расходаў навучэнцы падзелены на тры групы па класах (замест дзвюх ранейшых). Павялічаны грашовыя нормы расходаў на харчаванне. На харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны на 2026 год запланаваны 1 мільён 613 тысяч 883 рублі, ужо зрасходавана 1 мільён 71 тысяча 360 рублёў. За кошт сродкаў раённага бю-джэту харчаваннем забяспечаны 1 318 навучэнцаў – амаль 64 працэнты ад агульнай колькасці. Гэта вучні з першага па чацвёртыя класы, навучэнцы пятых – адзінаццатых класаў у сельскай мясцовасці, дзеці з мнагадзетных сем’яў, іншыя льготныя катэгорыі навучэнцаў. За іх харчаванне бацькі не плацяць. У дзіцячых садках ільготным харчаваннем забяспечаны больш за 47 працэнтаў ад агульнай колькасці дашкалят.

Дзённае трохразовае харчаванне на навучэнцаў 1–4-х класаў каштуе 5,3 рубля, 6–8-х класаў – 5,8 рубля, 9–11-х класаў – 6,25 рубля. Такім чынам, трохразовае харчаванне ў школьнай сталовай абыдзецца бацькам другакласніка крыху больш за 100 рублёў у месяц. Не такая ўжо важкая сума для сямейнага бюджэту.
Па словах начальніка аддзела па адукацыі, значная ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, што, безумоўна, спрыяе павышэнню якасці дзіцячага харчавання. І працяг у гэтым напрамку мае месца. Зроблена праектна-каштарысная дакументацыя па капітальным рамонце харчаблока дзіцячага сада № 1, вырашаецца пытанне аб капітальным рамонце харчаблока СШ № 2.

Пра якасць і парушэнні
Харчаванне ў школах і дзіцячых садках павінна быць якасным. На гэтым значны акцэнт у сваім выступленні рабіла начальнік аддзела па адукацыі. Міжведамасная камісія па аналізе за арганізацыяй якаснага харчавання ва ўстановах адукацыі раёна пастаянна вывучае сітуацыю. Канстатавана, што парушэнні выяўлены на ўсіх харчаблоках. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што нягледзячы на значнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, ва ўстановах адукацыі па-ранейшаму выяўляюцца парушэнні, у тым ліку і эпідэміялагічна значныя. Па яго словах, колькасць недахопаў у частцы выяўлення грубых парушэнняў зменшылася, а вось станоўчых тэндэнцый у змяншэнні парушэнняў бягучага характару не адзначаецца. Для аператыўнага выяўлення і ўхілення недахопаў і парушэнняў, забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і захавання здароўя дзяцей ва ўстановах адукацыі арганізаваны нагляд за харчаваннем. Найбольш часта выяўляюцца парушэнні ў плане арганізацыі і правядзення вытворчага кант-ролю (41,3 працэнта) – фармальнае вядзенне бракеражу і журналаў вытворчага кантролю, нездавальняючы стан абсталявання, няякаснае правя-дзенне вільготнага прыбірання памяшканняў харчаблокаў. 40 працэнтаў выяўленых недахопаў
прыпадаюць на незахаванне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму. Размова ідзе пра невыкананне правілаў гігіены работнікамі харчаблокаў, незахаванне паточнасці тэхналагічнага працэсу і іншае.

Таксама санітарная служба рэгіструе факты невыканання тэхналогіі прыгатавання страў, парушэнні ўмоў захоўвання прадуктаў харчавання, парушэнні ў якасці харчавання (незахаванне прыкладнага двухтыднёвага рацыёну харчавання).

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна ўказаў на недастатковы ўнутраны кантроль з боку адказных за харчаванне, членаў бракеражных камісій, савета па харчаванні. Марыя Саракавік адзначыла, што выяўленыя парушэнні звязаны з нядобрасумленнымі адносінамі некаторых работнікаў харчаблокаў да выканання сваіх абавязкаў і нізкім кантролем з боку кіраўніцтва ўстаноў адукацыі.
Яшчэ адно кантралюемае пытанне – харчовыя адходы. Працэнт утварэння харчовых адходаў асобных страў застаецца па-ранейшаму высокім. Прычым найбольшы працэнт прыпадае на крупы, салаты, чай, каву. Згодна з анкетаваннем, дзеці аддаюць перавагу піццы, бульбе-фры, сэндвічам, бургерам, аладкам, фруктам, сокам, газіраваным напіткам. Пры гэтым гарніры і супы, кампоты знаходзяцца ў канцы спіса іх смакавых пераваг.

Падводзячы вынікі разгляду пытання, кіраўнік раёна Мікалай
Мароз падкрэсліў, што, нягледзячы на новыя падыходы да арганізацыі дзіцячага харчавання, яго прынцыпы нязменныя: стравы павінны быць якаснымі і бяспечнымі для здароўя.
Галіна КАНЬКО.