Час схадзіць на экскурсію. Як у ляхавіцкіх школах арганізаваны час восеньскага адпачынку

Восеньскія канікулы – час, калі можна добра адпачыць, знайсці новых сяброў і атрымаць шмат яркіх эмоцый. Настаўнікі паклапаціліся, каб кожны школьнік правёў тыдзень з карысцю і цікава.
З 2 па 6 лістапада будуць працаваць шэсць аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, якія адкрыюцца на базе СШ № 2 і гімназіі, Падлескай БШ, Малагарадзішчанскай і Навасёлкаўскай СШ імя Г. Ф. Нагорнага, ЦКРНіР. Усяго ў гэтых лагерах змогуць адпачыць і набрацца сіл 120 навучэнцаў.

Кошт пуцёўкі, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, зменшаны больш чым удвая і, у залежнасці ад узросту дзіцяці, абыдзецца бацькам ад 18 да 25 рублёў 50 капеек. І гэта на пяць дзён пры трохразовым збалансаваным харчаванні. Па традыцыі праграма змен у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем напоўнена разнастайнымі мерапрыемствамі.
– Спланаваны патрыятычныя і забаўляльныя мерапрыемствы, спартыўныя гульні і конкурсы, а яшчэ прадугледжаны экскурсіі. Для навучэнцаў 8–11-х класаў на базе СШ № 2 і гімназіі адкрыюцца профільныя атрады інтэлектуальнай накіраванасці, дзе старшакласнікі змогуць паглыбіць свае веды па некаторых школьных прадметах, – адзначае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Буцько.
Намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш адзначыла, што дзень адзінаццацікласнікаў у атрадзе будзе распісаны літаральна па хвілінах. У першай палове дня яны рыхтуюцца да ЦЭ і ЦТ па матэматыцы, фізіцы, англійскай, беларускай і рускай мовах. А пасля абеду прадугледжаны прафарыентацыйныя экскурсіі на прадпрыемствы Ляхавіччыны.
Навучэнцы Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча будуць заняты на добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі падчас другаснай занятасці. У працоўнай каман-дзе 14 навучэнцаў ва ўзросце
14–17 гадоў.
Асаблівая ўвага падчас восеньскіх канікулаў нададзена аздараўленню дзяцей з мнагадзетных, малазабяс-печаных і няпоўных сем’яў, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
Установы культуры Ляхавіччыны таксама ў канікулярнай тэме. Дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь расказаў, што для рабят пройдуць дыскатэкі, выставы, канцэрты, гульнявыя праграмы, спартыўна-аздараўленчыя і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.
Галоўнае – бяспека дзяцей і разуменне бацькамі асабістай адказнасці за сваіх дочак і сыноў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.