Для Ляхавіцкага раённага вузла электрычнай сувязі інфарматызацыя была і застаецца адным з галоўных і прыярытэтных накірункаў развіцця

У традыцыйным Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт нашай краіны сярод трох нацыянальных праектаў для абнаўлення Беларусі назваў і інфарматызацыю грамадства.
Для раённага вузла электрычнай сувязі як аднаго з падраздзяленняў Белтэлекама, інфарматызацыя была і застаецца адным з галоўных і прыярытэтных накірункаў развіцця. Можна бясконца пералічваць новыя віды паслуг, якія дазваляюць больш поўна задавольваць патрэбы людзей, пазбаўляюць валакіты, бюракратызму. Адна з апошніх і запатрабаваных — аб’яднанне разрозненых тэрытарыяльных вузлоў у адзіную інфармацыйную прастору пры дапамозе карпаратыўнай сеткі VPN. Яна з поспехам выкарыстоўваецца ў райвыканкаме, сельвыканкамах, РАНС, РУПС, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, фондзе сацыяльнай абароны, ашчадных банках. У бліжэйшы час да яе далучыцца цэнтральная раённая бальніца. Пасля ўключэння райбальніцы ў Брэсцкую абласную карпаратыўную сетку VPN любую інфармацыю паміж фельчарска-акушэрскім пунктам, ЦРБ і абласнымі структурамі аховы здароўя можна будзе аператыўна (у межах 30 секунд) перадаваць ад аднаго адрасата да другога.
Кожны, хто карыстаецца паслугай анлайн-аплаты, адчуў яе перавагі: хутка, зручна і не трэба стаяць у чэргах.
Яшчэ адзін інфарматызацыйны складальнік дэбюракратызацыі ў галіне электрасувязі — электронны дакументазварот з выкарыстаннем электроннага подпісу кіраўніка, што дазваляе значна скараціць паператворчасць і сэканоміць час. Кіраўнік ставіць электронны подпіс не на паперы, а на электронным носьбіце, і літаральна праз хвіліну патрэбны дакумент будзе, напрыклад, у галаўным офісе ў Брэсце. Аператыўнасць гарантавана.
У гэтым кантэксце нельга не ўзгадаць яшчэ адну паслугу 2G/3G, якая цяпер аказваецца Белтэлекамам сумесна з аператарам сотавай сувязі МТС. Яна дазваляе выкарыстоўваць шырокапалосны бесправадны доступ да інтэрнэту, незалежна нават ад таго, падключаны абанент да стацыянарнага тэлефона ці не.
Мікалай ЯЦУШКА,
спецыяліст па маркетынгу
РВЭС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *