Туманы «з’елі» лёд. Асвод нагадвае: нельга выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня менш за сем сантыметраў

З-за рэзкага пацяплення лёд на рэках і вадаёмах становіцца рыхлым, «з’ядаецца» зверху сонцам, расталай вадой, а знізу падмываецца цячэннем. Вельмі небяспечна па ім хадзіць, займацца падлёднай лоўляй, а таксама гуляць: у любы момант лёд можа рассыпацца пад нагамі і самкнуцца над галавой, хаця выглядае моцным. Ён не здольны вытрымаць вагу чалавека.

Асвод нагадвае: нельга выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня менш за сем сантыметраў, а таксама ў цёмны час сутак і пры дрэннай бачнасці (туман, снегапад, дождж).
Пры вымушаным пераходзе вадаёма бяспечней за ўсё прытрымлівацца пратаптаных сцежак або ісці па пракладзенай лыжні. Калі іх няма, трэба перад тым, як спусціцца на лёд, вельмі ўважліва агледзецца і намеціць маршрут.
Нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Калі пасля першага моцнага ўдару лыжнай палкай з’явіцца хоць трохі вады – значыць, лёд тонкі, па ім хадзіць нельга. У такім выпадку варта неадкладна адысці па сваім жа следзе да берага слізготнымі крокамі, не адрываючы ногі ад лёду і расставіўшы іх на шырыню плячэй, каб нагрузка размяркоўвалася на вялікую плошчу.
На замёрзлы вадаём неабходна браць з сабой моцны шнур даўжынёй 20-25 метраў з вялікай глухой пятлёй на канцы і грузам. Груз дапаможа закінуць шнур да таго, хто праваліўся ў ваду, а пятля патрэбна, каб пацярпелы мог надзейней трымацца, прасунуўшы яе пад пахі.
Асабліва асцярожным трэба быць у месцах, пакрытых тоўстым
пластом снегу, у месцах хуткага цячэння і выхаду крыніц, паблізу выступаючых над паверхняй кустоў, асакі, травы, у месцах упадзення ў вадаёмы ручаёў.
Пры рыбнай лоўлі на лёдзе не рэкамендуецца рабіць лункі на адлегласці бліжэй 5-6 метраў адна ад адной. Каб пазбегнуць бяды, у рыбака павінны быць выратавальная камізэлька або нагруднік, а таксама вяроўка 15-20 метраў даўжынёй з пятлёй на адным канцы і грузам 400-500 грамаў на другім.
Трэба ведаць, што чалавек, які трапіў у ледзяную ваду, можа замерзнуць праз  10-15 мінут, а праз 20 – страціць прытомнасць. Таму жыццё пацярпелага залежыць ад хуткасці дзеянняў выратавальнікаў, тых, хто апынуўся на месцы здарэння.
ЗАБАРАНЯЕЦЦА выходзіць на лёд у стане алкагольнага ап’янення, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікай колькасці людзей у адным месцы.
Строгае выкананне мер засцярогі на лёдзе – галоўная ўмова прадухілення няшчасных выпадкаў падчас сходу ледаставу. Паважаныя рыбакі, памятайце: ніякі ўлоў не каштуе вашага жыцця!
Беражыце сябе, сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей.
Віктар Прыхач,
старшыня раённага  савета Асвода.