Канстытуцыя замацавала шчаслівае жыццё беларусаў

15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета гэта падзея асаблівая.
Менавіта 2022 год стаў вызначальнай кропкай новага этапу ў гісторыі рэспублікі. Большасць выбаршчыкаў на рэспубліканскім рэферэндуме прагаласавала за абноўлены Асноўны Закон краіны.

28 гадоў назад у Беларусі ўпершыню ў гісторыі нашай дзяржаўнасці была прынята Канстытуцыя. Кіруючыся Асноўным Законам, шматнацыянальны народ Рэспублікі Беларусь мірна жыве ў незалежнай дзяржаве, выбірае, якім шляхам рухацца, не баіцца цяжкасцяў і выпрабаванняў, якіх на нашу долю прыпадае нямала. Але ж на тое яно і жыццё… І, здаецца, у гэтым мірным, шчаслівым жыцці мы крыху абясцэнілі тое, што для многіх народаў сёння вялікая мара. Так, ізноў пра наш беларускі мір, пра наш спакой. Падзеі апошніх гадоў прымусілі зусім па-іншаму паглядзець на звыклае блакітнае неба над галавой, зразумець, што значыць квітнеючая краіна, і як дорага каштуе суверэнітэт.

Звернемся да нашай Канстытуцыі. Так сімвалічна, што абноўлены
дакумент – Асноўны Закон Беларусі, які падтрымала на рэспубліканскім рэферэндуме абсалютная большасць выбаршчыкаў, – уступіць у сілу 15 сакавіка. Дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі – па-сапраўднаму асаблівае для нас. Гэты народны па сутнасці дакумент – наш гарант, наш звод правілаў, наша незалежнасць і абарона. І нашы людзі, разумеючы яго важнасць і першачарговую значнасць,  27 лютага і напярэдадні прадэманстравалі ўсім нядобразычліўцам, тым, хто так імкнуўся гэты дзень сапсаваць, што мы свой Закон паважаем, абараняем і спыняцца ў сваім развіцці не збіраемся. Мы не прымаем, каб намі кіравалі, каб нам дыктавалі ўмовы не самыя «зацікаўленыя» ў нашым паспяховым жыцці краіны. Усё гэта абудзіла ў беларусаў не нянавісць, што планавалі заходнія правакатары, а не што іншае, як ПАТРЫЯТЫЗМ, адданасць сваёй Радзіме. Тое ж сёння мы бачым у брацкай Расіі: пад знешнім націскам расіяне аб’ядналіся пад слоганам «Нам не сорамна!». І новы артыкул у абноўленай беларускай Канстытуцыі, што гарантуе захаванне гістарычнай памяці, – чарговае пацвярджэнне: мы ніколі не забудзем подзвіг продкаў, нам не трэба «маляваць» нейкую іншую рэальнасць і спрабаваць перапісваць гісторыю. Мы з першых вуснаў ведаем пра жахі вайны, таму не атрымаецца адняць у нас святое – памяць і пашану нашых Пераможцаў.


У лютым перспектыўны кадравы рэзерв Брэстчыны атрымаў выдатную магчымасць пабываць у Палацы Незалежнасці. Першае, пра што падумалася: у гэтым па праве народным месцы павінен пабываць кожны, гэту атмасферу не перадаць, яе трэба адчуць. Напэўна, многія чулі шмат фэйкаў пра гэта велічнае збудаванне. І за іх мне сорамна.
Палац Незалежнасці – наш беларускі цуд, наш гонар, гэта ўвасабленне моцы, тытанічнасці, але разам з тым шчырасці і адкрытасці нашай краіны. Уражвае, што практычна ўсе будаўнічыя матэрыялы – нашы, айчынныя, як і майстры-будаўнікі-архітэктары, увогуле каманда, што ўзводзіла Палац, – нашы землякі-беларусы. І калі ведаеш гэты красамоўны факт, углядаешся ў кожную дэталь – тут вось віднеецца наш васілёк, а вось тут арнамент, таксама наш, родны, матывы вядомыя – беларускія. А цяпер супастаўляеш, калі на сустрэчы міжнароднай важнасці да нас прыязджаюць высокапастаўленыя асобы, менавіта тут, у гэтым месцы, дзе так тонка спалучыліся сучаснасць і гістарычнае мінулае, яны адчуваюць нас, беларусаў, разумеюць нашу душу, наш унутраны свет.
Сёння асаблівую значнасць маюць заключаныя ў 2015 годзе Мінскія пагадненні. Менавіта ў Палацы Незалежнасці кіраўнікі Расіі, Германіі, Францыі, Украіны знайшлі шляхі паразумення. Калі трапляеш у гэтую залу, дзе быў падпісаны такі ключавы дакумент, паўтаруся, гонар за мірную Беларусь перапаўняе. Сёння таксама на нашай зямлі спрабуюць прыйсці да адзінства меркаванняў дэлегацыі Расіі і Украіны. Справядліва назваць нашу тэрыторыю гарантам міру.
Ёсць адчуванне, што Палац Незалежнасці – гэта працоўны кабінет
краіны. Тут, нібы ў цэнтры палітычнага жыцця, для кожнай падзеі свае залы. Калі прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант у дэталях расказала, для якіх мэт выкарыстоўваецца тая ці іншая зала, разумееш мабільнасць і незаменнасць нашага Палаца. І чаму яго будаўніцтва было так неабходна!
Урачыстая зала для ўзнагарод напомніла, колькі шчырых і шчымлівых падзей мы перажылі, колькі святаў і прыёмаў тут ладзілася, такія беларускія традыцыі, свае… І гэта варта захаваць. І зноў жа, гістарычная падзея – падпісанне Рашэння рэферэндуму праходзіла ў Палацы. У гэтым народным месцы абноўленая Канстытуцыя пачынае новае жыццё.
Музей, дзе сабраны падарункі і сувеніры Прэзідэнту, таксама пагружае ў стужку беларускіх падзей. Вось і 1000-годдзе Брэста ўвасобілася ў такіх пяшчотных, вытанчаных васільках, тут і аўтографы Дар’і Домрачавай, і зноў жа слёзы гонару… Памятаем сваіх герояў. Сцяг патрыётаў, як напамін, што адстаім Беларусь! Наогул, тут многа рэчаў, што аб’ядноўваюць беларусаў у адну вялікую сям’ю.
Сям’я… Нас так выхавалі, што нават Канстытуцыя замацавала такі грамадска важны інстытут, як саюз мужчыны і жанчыны. Здаровая сям’я – залог моцнай дзяржавы. Не ў кожнай краіне канстытуцыйна замацавана падтрымка тым, каму гэта так неабходна: шматдзетным сем’ям, пажылым грамадзянам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. І як жа на гэтым фоне недарэчна, негуманна і бесчалавечна выглядае нядопуск нашых паралімпійцаў да галоўнага спаборніцтва ў іх жыцці. Але можна забраць медаль, а вось веру, прагу змагацца і перамагаць – ніколі. Як і любоў, і падтрымку мільёнаў беларусаў!
У гэтыя дні пра многае думаецца, многае пераасэнсоўваецца. У мінулыя выхадныя была Масленіца – глядзіш, а дзеці ў нас усміхаюцца, шчаслівыя; віншавалі жанчын з прыгожым
святам – яны ў нас самыя мілыя, сапраўдныя, працавітыя, бо так склалася, што беларуска – яна беражэ традыцыі, яна захавальніца сямейнага цяпла. Віншавалі тых, хто штодня прыходзіць на службу, каб мірна было і ў мірны час, рызыкуючы жыццём, не звяртаючы ўвагу на час, людзі ў пагонах аберагаюць наш спакой. А памятаеце, колькі знявагі вылілася на іх тады… Не кожны вытрымае. А дзякуючы ім на нашы вуліцы вярнуўся спакой.
Напярэдадні вялікага свята – Дня Канстытуцыі – мы ўспамінаем многае, праз што давялося прайсці. І наш Асноўны Закон замацаваў у сабе ўсе галоўныя важныя аспекты паўсядзённасці беларусаў. Мы пераасэнсавалі рэальнасць, і гэта ўвабрала Канстытуцыя. Гэта было неабходна. І самае важнае, што беларусы гэта разумелі. Мінулы Год адзінства даказаў, што мы сапраўды адна сям’я: так, мы розныя, па-рознаму думаем, жывём, але ж дзеля міру і шчаслівай будучыні ўмеем прыходзіць да адзінага, дамаўляцца, абмяркоўваць, ісці на кампраміс. У Год гістарычнай памяці мы ізноў з’ядналіся. І на гэты раз нас аб’ядналі памяць і імкненне захаваць мір.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.