Класная гадзіна – самая класная. Класныя кіраўнікі СШ №2 г. Ляхавічы удастоены адзнак рэспубліканскай праграмы “Настаўнік для Беларусі”


“Настаўнік для Беларусі” – гэта рэспубліканская праграма, у межах якой прайшоў конкурс распрацовак “Самая класная класная гадзіна”. На ўдзел у сямі намінацыях заяўкі падалі 250 педагогаў краіны – статус пераможцаў атрымалі толькі сем. Сярод іх і два настаўнікі з СШ №2 – Вольга Ланкуць і Вікторыя Таркайла.


Класны кіраўнік 7 а класа Вольга Ланкуць вызначылася ў намінацыі ад Vizor Games «Класная гадзіна ў сярэдняй школе». Яе распрацоўка “Дабро заўсёды перамагае зло?”мае форму гульні, у якой выкарыстаны разнастайныя тэхналогіі: анлайн-квэст, рэфлексія з выкарыстаннем гугл-формы, інтэрактыўныя пляцоўкі і г.д.


У намінацыі ад EPAM “Разам з бацькамі” адзначана класны кіраўнік 10 “Б” класа Вікторыя Таркайла. Яна аўтар “Коуч-сэт “Профіchoice – гэта наша будучыня” – формы работы, якая дапамагае школьнікам зрабіць правільны прафесіянальны выбар. Гэта не проста набор парад і рэкамендацый, а комплекс сучасных інтэрактыўных пляцовак, якімі карыстаюцца старшакласнікі – знаходзяцца ў сваім асяроддзі і вызначаюць інтарэсы.
Павіншаваць пераможцаў асабіста ў Ляхавічы ў школу ў мінулы панядзелак прыбыла кааардынатар праекта “Самая класная класная гадзіна”.
Калектыў нашай установы адукацыі ўпэўнены, што кожная хвіліна знаходжання ў школе – урок, перапынак або класная гадзіна – павінны быць каштоўнымі і карыснымі для навучэнцаў, і для настаўнікаў, і для бацькоў. Дзеля гэтага настаўнікі вучацца, самаўдасканальваюцца, імкнуцца захапіць дзяцей і крочыць у нагу з часам і старацца апераджаць яго.
Высокі ўзровень ведаў, актыўная жыццёвая пазіцыя кожнага вучня і педагога, творчасць, пазітыўны настрой, патрэба ісці наперад – аснова існавання школы.
Таццяна ДОРУШ, намеснік дырэктара СШ №2.