18 мая Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Многа ці не вельмі, але ж усе мы вучыліся. Сярод тых светлых успамінаў засталося і нярэдкае пачуццё нібыта бясконцай працягласці школьнага ўроку. Да якога не падрыхтаваўся, напрыклад: час, здавалася, спыніўся, а ўсяго толькі 45 мінут. А калі 45 гадоў бесперапынных урокаў? Зрэшты, гэту вельмі сур’ёзную прафесійную і ў нечым сімвалічную дату настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ляхавіцкай СШ № 1 Анатолій Малевіч сустракае не сёння — застаецца адзін гадавой працягласці крок-урок.

Парог спартыўнай залы ў якасці настаўніка Анатолій Малевіч упершыню пераступіў у 1969 годзе. Школа была тая, дзе яшчэ нядаўна вучыўся, — Ліпская сярэдняя, знаёмая ледзь ці не да кожнай шчарбінкі ў пакрыцці спартыўная зала, вучні — усе знаёмыя асобы, а некаторыя, лічы, равеснікі новага настаўніка — нядаўняга паспяховага выпускніка. Першая, адразу пасля выпускнога балю спроба штурмаваць спартфак атрымалася не зусім. Была вакансія, і адміністрацыя школы, безумоўна, ведала, на што ішла, калі прапаноўвала Анатолію папрацаваць настаўнікам фізкультуры. З таго бласлаўлення, як кажуць, верай і праўдай служыць справе фізічнага і ўвогуле выхавання юнага пакалення. Былі вартыя гонару поспехі, здараліся, мабыць, паражэнні. Была служба ў пагранічных войсках, без адрыву ад педагагічнай працы вучоба на спартыўным факультэце Брэсцкага педінстытута. Агульнаадукацыйнай школе Анатолій Васільевіч «здрадзіў» толькі аднойчы і ўсяго на 3 гады, калі з 1996 па 1999 год дырэктарстваваў у Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Анатолій Васільевіч і 11 "Б" клас

З арганізацыяй у СШ № 1 ваенна-патрыятычнага класа Анатолій Малевіч вярнуўся ў другую пасля Ліпскай родную для сябе школу. На той час клас з’яўляўся, магчыма, адзіным падобна профільным у вобласці. У сітуацыі, калі мінімум напрацовак, спецыяльных методык і практык, роля настаўніка павышаецца ў разы, набывае асаблівую значнасць. Наладзілі супрацоўніцтва з Ваеннай акадэміяй, як і зараз, Анатолій Васільевіч вы-кладаў хлопцам асновы ваеннай справы і фізічную падрыхтоўку. Па сутнасці, профільныя для патэнцыяльных кадравых ваенных дысцыпліны.
— Фізпадрыхтоўка вайскоўцаў мае на ўвазе папраўкі прыкладнога характару. Крос як лепшы спосаб падцягнуць вынослівасць і загартаваць характар, падцягванне, стральба, паласа перашкод і іншае, без чаго не можа быць і проста курсанта, і паспяховага кадравага ваеннага, — перакананы Анатолій Васільевіч.
За гады дзеяння ў СШ № 1 названага прафарыентацыйнага профілю ваеннай сцежкай пайшоў не адзін дзясятак выхаванцаў школы. Кандыдатамі на званне курсанта з’яўляюцца і некалькі сёлетніх выпускнікоў.
Пажадаем ім поспехаў у ажыццяўленні мары і вернемся да аднаго з тых, хто яе — высокую мару — набліжае, дапамагае хлопцам рэалізавацца ў прафесіі.
Паварот нечаканы, але факт: фізрука Малевіча магло і не адбыцца. Акрамя любві да спорту, спартыўных уменняў і поспехаў у школьныя гады ён праяўляў і пэўныя літаратурныя здольнасці. Напрыклад, адно з сачыненняў старшакласніка з Ліпска аказалася сярод лепшых на абласным конкурсе. З улікам ваенна-патрыятычнай тэматыкі таго конкурсу, героем аповеду Анатолія Малевіча стаў зямляк-аднафамілец Аляксандр Іванавіч Малевіч. Сапраўдны герой, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер Ордэнаў Славы.
— Але спорт перасіліў, — узгадвае Анатолій Васільевіч. — У многім, дзякуючы настаўніку фізкультуры Раману Адамавічу Ходару. Прывіў любоў, займаўся з намі, не шкадуючы ні часу, ні сіл. Са спартзалы, лічы, не вылазілі. Ды і, не без шкадавання заўважу, стаўленне моладзі да спорту ў тыя часы было не тое, што зараз.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *