Медыцынскі вектар актыўнасці

Бадай самым яскравым пацвярджэннем таго, што прафсаюз –
важкая і папулярная арганізацыя сярод медыкаў, гаворыць наступны факт: усе без выключэння работнікі ЦРБ – 680 чалавек – члены прафсаюза.
Пярвічка райбальніцы зладжаная, ініцыятыўная, кожны карыстаецца аўтарытэтам сярод калег.
Наша галоўная задача – клопат пра членаў арганізацыі, актыўнае ўзаемадзеянне з адміністрацыяй райбальніцы ў плане вырашэння задач сацыяльна-эканамічнай накіраванасці, забеспячэнне высокай выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці работнікаў устаноў аховы здароўя пры аказанні меддапамогі насельніцтву.
Зона асаблівай увагі прафсаюзаў – маладыя спецыялісты. Для іх у калектыўным дагаворы прадугледжаны разнастайныя надбаўкі, паспяхова практыкуецца ў нас і настаўніцтва.
І падчас пандэміі каранавіруса прафсаюзы зноў побач з работнікамі. Усе працаўнікі ЦРБ, якія перахварэлі на COVID-19, атрымалі матэрыяльную прафсаюзную падтрымку.
Насычанае ў нас і культурнае жыццё. Нягледзячы на пандэмію, для калег-жанчын летась арганізавалі шыкоўную святочную праграму,  прымеркаваную да 8 Сакавіка.
Прадугледжана для медработнікаў і багатая экскурсійна-краязнаўчая праграма. Шмат цікавых, знакамітых мясцін Беларусі наведалі  работнікі ЦРБ. Так, сёлета напачатку красавіка адбылася запамінальная паездка па маршруце шклозавод «Нёман» – Ліда. Мы пазнаёміліся з гісторыяй завода, асабліва было цікава ў тутэйшым музеі, уразіла, як звычайнае шкло ператвараецца ў цудоўныя вырабы. У Лідзе нібы вярнуліся на стагоддзі назад, пабываўшы ў сярэдневяковым замку Гедыміна.
А колькі ўспамінаў пасля экскурсіі па Фарным касцёле Узвіжання Святога Крыжа.
Нашы работнікі актыўна сябруюць са спортам. Можна бясконца пералічваць спартыўныя старты, у якіх удзельнічаюць ляхавіцкія медработнікі. Наша каманда з прадстаўніц прыгожай паловы нядаўна вярнулася са спаборніцтваў па валейболе з другога этапу абласнога турніру работнікаў аховы здароўя. Пераможна «засвяціліся» медыкі і на раённых спаборніцтвах па лыжах і біятлоне падчас Сусветнага дня снегу. Удзельнічалі ў многіх відах: лыжная эстафета, біятлон, сямейная эстафета. Памочнік урача агульнай практыкі Анастасія Матарас стала сярэбраным прызёрам у лыжнай гонцы сярод дзяўчат. Па праве ганарымся і выступленнямі ў праграме спартакіяды працоўных калектываў. Загадчыца Конькаўскага ФАПа Валянціна Тышкоўская перамагла ў чэмпіянаце раёна па дартсе, фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Маневіч стаў трэцім у аналагічным спаборніцтве сярод мужчын.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ,
старшыня прафсаюзнай пярвічкі
УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».