Дарога даўжынёй у паўстагоддзя. У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць дарожнікі і аўтамабілісты /фота/

Майстар ДРБУ-200 Яўгеній Занько і яго брыгада – Дзяніс Хлапянік, Аляксандр Куніцкі, Іван Бортнік, Сяргей Гаўдзіс – гэтымі днямі працуюць на добраўпарадкаванні вуліцы Чкалава ў райцэнтры.

Для работнікаў гэтай арганізацыі  дарогі сталі неад’емнай часткай жыцця. І яны па іх не толькі перамяшчаюцца. Тыя, хто працуе ў філіяле Брэстаблдарбуда “Ляхавіцкае ДРБУ-200”, дарогі плануюць,  будуюць, рамантуюць, утрымліваюць у парадку.  І менавіта ад прафесіяналізму дарожнікаў у многім залежыць,  наколькі бяспечнымі  і камфортнымі  будуць  нашы  паездкі і прагулкі,

наогул, наколькі зручным будзе наша жыццё.

А пачыналася ўсё паўвека назад.  1 лістапада 1966 года  ў нашым райцэнтры  было створана дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне   № 200, якое ўзначаліў   Уладзімір Куцень. 10  работнікаў – увесь штат новай  арганізацыі.   Адным з першых аформлены загад  пра прыняцце на работу трактарыстам Міхаіла  Піліногі.  З таго часу і да 2007 года, калі выйшаў на пенсію, Міхаіл Іванавіч у сваёй працоўнай кніжцы меў толькі  адзін запіс: механізатар ДРБУ-200. Зараз ён на заслужаным адпачынку, а  сямейную дарожную дынастыю дастойна прадаўжаюць яго сын – цяперашні  начальнік арганізацыі Ігар Пілінога, пляменнікі – вадзіцелі Юрый і Андрэй Піліногі.

Рабочым пачынаў свой працоўны шлях у толькі створаным упраўленні  Іван Коктыш, які потым доўгі час  працаваў тут  токарам.  Разам са станаўленнем дарожнага ўпраўлення першыя крокі ў прафесіі рабіў і колішні галоўны інжынер Алі-Рашыд Байрашэўскі. Ветэраны ДРБУ-200 і сённяшнія работнікі з пашанай успамінаюць Івана Касміна, які быў  на чале арганізацыі  25 гадоў.  Яго, на жаль, ужо няма сярод жывых, але  тут працуе інжынерам  яго зяць. Дзесяцігоддзе  ўзначальвала  дружны і зладжаны калектыў Алена Лойка. І сёння яна – чаканы госць і добры дарадца калегам.  Алену Іванаўну і іншых ветэранаў-дарожнікаў запрасілі  на свята-ўшанаванне, прысвечанае  паўвекавому юбілею арганізацыі.

За дзесяцігоддзі плённай працы  ляхавіцкія дарожнікі пакінулі  пасля сябе нямала добрых напамінаў. Сярод важных аб’ектаў у біяграфіі іх службы, напрыклад, аўтадарогі  Ляхавічы-Крывошын-Свяціца,  Ляхавічы-Сваятычы, Дарава-Навасёлкі, Краглі-Падлессе і многія іншыя. Акрамя сваёй асноўнай  работы, паспявалі дапамагаць наводзіць прыгажосць  у горадзе і аграгарадках, на вытворчых тэрыторыях прадпрыемстваў: добраўпарадкавалі дарожкі  ў скверы райцэнтра, тэрыторыю  льнозавода,  зернесушыльных комплексаў, вясковыя і аграгарадскія вуліцы. Плённа працавалі не толькі  па адрасах свайго раёна, але і за яго межамі.  Напрыклад,  удзельнічалі ў будаўніцтве ўчастка  аўтадарогі “абход тэрыторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Ёсць у арганізацыі  свой завод па выпуску дарожнага борта і тратуарнай пліткі  (узначальвае майстар Ларыса Прыхач).  Яго  прадукцыя выкарыстоўваецца не толькі для ўласных патрэб дарожнай службы, запатрабаваная і  сярод насельніцтва, яе з ахвотай закупляе і Клецкае ДРБУ: задавальняюць якасць і кошт.

Яркія дарожныя знакі – нязменныя спадарожнікі ўсіх аўтамабільных шляхоў. Іх абнаўленнем і рэстаўрацыяй займаецца мастак-афарміцель  Алена Магала. Яна гэтай справе  аддала  больш за 20 гадоў.

– Прафесійна  выконваюць абавязкі спецыялісты інжынерна-тэхнічнай службы. Асноўныя  дарадчыкі і памочнікі, ініцыятары новых ідэй – галоўны інжынер Валерый Зубік, галоўны механік Генадзій Барыскін, – расказвае пра калег Ігар Пілінога.  –  Кампетэнтнасць, уважлівасць і дакладнасць – вызначальныя якасці нашага галоўнага бухгалтара Таццяны Азімка, якая працуе ў ДРБУ амаль 3 дзесяцігоддзі.

Канешне,  немагчыма  ўявіць  дарожную службу без галоўных дзеючых асоб, тых, хто працуе на іх  будаўніцтве і добраўпарадкаванні.    На парадку дня – завяршэнне бягучага  рамонту  аўтадарогі  Дарава-Навасёлкі. Гэтым аб’ектам займаецца брыгада  майстра  Максіма  Мухі.  Максім у ДРБУ-200  працуе  першы год па размеркаванні пасля заканчэння  Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Дарэчы, 4 мільярды недэнамінаваных рублёў выдаткаваны на вышэйзгаданы  рамонт са сродкаў так званага транспартнага падатку, выплачанага ўладальнікамі аўтамабіляў.  Яшчэ 3,9 мільярда  недэнамінаваных рублёў з абласнога бюджэту пайшлі на  рамонт  і ўтрыманне дарогі  Заполле-Гута-Кулікі.  Сёлета  пакладзена 600 метраў  асфальту на вуліцы Будзённага  ў  Галаўнінцах, 350 метраў – на Лугавой у Літве.

Свой аўтограф дарожнікі пакінулі  і ў час падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да 2016/2017 навучальнага года: добраўпарадкавалі тэрыторыю, уладкоўвалі  пешаходныя дарожкі ў Начаўскай, Тальмінавіцкай СШ, Задворскім, Крывошынскім, Тальмінавіцкім дзіцячых садках.  Зараз сіламі ДРБУ-200  асфальтуецца вуліца Піянерская ў райцэнтры.

Дарожныя рабочыя  добра ведаюць сваю справу. Раўняюцца яны на вопытных Леаніда Вялічку,  Івана Рокача  і на маладога Сяргея Варвашэвіча. Яны не падвядуць!

У штаце ўпраўлення нямала выдатных вадзіцеляў. Упэўнена адчуваюць сябе за рулём магутных МАЗаў Валерый Кабяльчук,  Віктар Скрыцкі,  Уладзімір Казакевіч,  Анатолій Жагунь, Аляксандр  Шыбкоўскі, які кіруе  супер-машынай   “СТИМ-5000”.  На грэйдарах і пагрузчыках таксама профі –   Андрэй і Юрый Піліногі,  Мікалай Кулік, Аляксей Смаршчок, вадзіцель асфальтаўкладчыка Канстанцін Засухін – майстар сваёй справы.

Не за гарамі зіма, якая прынясе дарожнікам дадатковыя клопаты. Па словах начальніка,   арганізацыя   поўнасцю гатова  да работы ў зімовы перыяд.  “Перапынку ў руху аўтатранспарту па дарогах мясцовага значэння, нягледзячы на снегапады і галалёд, не адзначаецца”, – менавіта так найчасцей каменціруюць сітуацыю ў ДРБУ-200, калі непагадзь уступае ў свае правы. А за гэтымі лаканічнымі  радкамі – скаардынаваная работа ўсіх падраздзяленняў, пастаянная гатоўнасць і  рэгулярнае абнаўленне аўтапарка, забяспечанасць ГЗМ, спрактыкаваная каманда работнікаў,  дакладна пастаўленыя задачы.

Наперадзе ў ДРБУ-200 яшчэ адзін важны, пакуль тэарэтычны аб’ект – стварэнне дарожнай карты. Маецца на ўвазе не схемы раённых шляхоў.

–  Дарожная карта для нашай арганізацыі – гэта перспектыўнае планаванне рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўсёй гаспадаркі, у тым ліку яе вытворчай базы, з прымяненнем новых тэхналогій, – тлумачыць Ігар Пілінога.

У нядзелю  дарожнікі ўсёй краіны  будуць адзначаць прафесійнае свята, а ляхавіцкія –  яшчэ і юбілей сваёй арганізацыі. А ўжо ў панядзелак, як звычайна ў 7.30, для іх пачнецца чарговы працоўны дзень. Каб нашы дарогі былі шчаслівымі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Інжынерна-тэхнічная служба.

Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога – дарожнік у другім пакаленні.

Слесар-электрык Мікалай Сцепчанка і токар Уладзімір Буйко.

Мастак-афарміцель Алена Магала.

Вадзіцелі Уладзімір Казакевіч і Віктар Скрыцкі.

Аператар Іван Рокач, фармоўшчык Віталій Яцко, аператар Віктар Данішэўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *