«Малады тыдзень». У Ляхавічах Дзень моладзі і студэнцтва прайшоў весела і ярка

Маладосць адчуваецца адразу. Энергія, запал, хваля бясконцага аптымізму і рамантыкі. Менавіта пад такім настроем у мінулую суботу ў райцэнтры прайшло самае «маладое» свята. Дарэчы, цяпер яго назва гучыць інакш. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня падпісаў указ аб перайменаванні Дня моладзі ў Дзень моладзі і студэнцтва.

Падчас тыдня моладзі па ўсёй краіне праходзілі сустрэчы, дыялогі, квэсты і г. д.
У чацвер ляхавіцкія юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у адкрытым дыялогу «Моладзь Беларусі: рэаліі і перспектывы», які звязаў актыўных і перспектыўных з усёй рэспублікі каля экранаў камп’ютараў. Галоўная студыя адкрытага дыялогу дыслацыравалася ў зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А вось райкамы і абкамы БРСМ падключыліся да адкрытага дыялогу анлайн.
У суботу сквер каля фантана расквецілі юныя таленты. Сонечна было ад усмешак, віншаванняў, апладысментаў юнакоў і дзяўчат, якія гэты суботні вечар правялі ў кампаніі такіх жа творчых і таленавітых.
Пачалася праграма цікавым дызайнерскім конкурсам «Крэатыўны веласіпед». На парад двухколавых сабраліся тыя, для каго веласіпед –
не толькі сродак перамяшчэння, але і магчымасць прадэманстраваць дызайнерскія здоль-насці. Кветнік на калёсах, банцікі, мішура –
выдумцы ляхавічан можна пазайздросціць.
Святочны канцэрт таксама быў асаблівым – маладыя выканаўцы Ляхавіччыны дарылі свае творчыя здольнасці ўсім прысутным, за што і атрымлівалі шквал эмоцый і «брава!».
І па традыцыі, няхай і са зменай дыслакацыі, конкурс для тых, хто любіць адвесці душу ў караоке, пазмагацца за званне самага галасістага ў маладзёжнай вечарыне «Адкрыты мікрафон». Тры каманды гарадскіх школ спаборнічалі ў музычных батлах –  і з кожным музычным крокам набіралі вакальныя абароты. Як заўжды, было весела і запамінальна, а пра гэта сведчыць і безліч гісторый і публікацый у навінных стужках сацыяльных сетак.
І як жа без узнагароджання актыўных маладых кадраў. Сваіх самых-самых узнагародзілі галіновы прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, малочны завод, райкам БРСМ.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.