Ляхавічы: на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме была заслухана справаздача дырэктара райбыткамбіната

Дырэктар райбыткамбіната Ганна Куніцкая на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме рабіла справаздачу аб мерах, прынятых РКБА ў першым паўгоддзі 2013 года для забеспячэння выхаду на бясстратную работу.
Сёння на прадпрыемстве 41 працаўнік. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме паслуг займаюць пральныя (47,7 працэнта), індывідуальны пашыў адзення (22,3 ), паслугі цырульні (19,1), рамонт абутку (8).

У справаздачы прагучала, што за 6 месяцаў насельніцтву аказана бытавых паслуг на суму звыш 476 млн. рублёў, з іх 181 млн. руб. — у сельскай мясцовасці. Тэмп росту аб’ёму паслуг у супастаўных цэнах — 119 працэнтаў (сярэднеабласны паказчык 93,7 працэнта) пры заданні 105. Фінансавы стан Ляхавіцкага КБА сярод аналагічных прадпрыемстваў Брэстчыны лепшы. Сёлета за 7 месяцаў тут адзначаецца самы высокі чысты прыбытак, як і самы высокі ўзровень рэнтабельнасці продажу прадукцыі. Паказчык, па якім ёсць адставанне — аказанне бытавых паслуг насельніцтву ў сельскай мясцовасці (11,1 тыс. руб. на жыхара; сярэднеабласны паказчык — 20 тыс. руб.).
У раёне функцыянуе 14 комплексных прыёмных пунктаў. На жаль, яны стратныя. Памер страт сёлета за студзень-чэрвень склаў 81,4 мільёна рублёў. У вёсках і аграгарадках найбольш запатрабаваныя цырульніцкія паслугі. Сёлета за першае паўгоддзе выязнымі майстрамі атрымана 34,2 млн. руб. выручкі. А вось што датычыцца іншых паслуг ад РКБА вяскоўцам, то тут пытанні застаюцца. І, напэўна, як адзначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Кацуба, яны маглі б вырашыцца больш вынікова, калі б прыёмшчыкі актыўней ўзаемадзейнічалі з насельніцтвам. У аграгарадку Дарава і ўвогуле праблема з прыёмшчыкам — надоўга тут ніхто не затрымліваецца. І супрацьлеглы прыклад: старшыня Свяціцкага сельвыканкама Святлана Юрасёва расказала, што прыёмшчык Свяціцкага КПП пастаянна абходзіць двары вяскоўцаў і заказы часта дастаўляе ўласнаручна.
Увогуле, за паўгоддзе прадпрыемства спрацавала прыбыткова. Плюс ад рэалізацыі паслуг склаў 77,2 млн. руб., чысты прыбытак — 35,7 млн. руб. А дзяржаўных датацый атрымана 10 млн. руб. (летась — больш за 100 млн. руб.). З мінусам спрацавалі швейнае атэлье (29,5 млн. руб.), цырульня «Прэстыж» (4,9 млн. руб.), абутковы цэх (41,7 млн. руб.). Найбольш прыбытковая вытворчасць жалезабетоннай агароджы (+153 млн. руб.) і пральня (+58,6 млн. руб.).
Атрыманыя страты Ганна Куніцкая аднесла на няпоўнае выкарыстанне магутнасцей швейнага цэха, а таксама маральны і фізічны знос абсталявання. Спаслалася і на нізкую кваліфікацыю швачак, а таксама на незапатрабаванасць паслугі ў насельніцтва. Узнікае натуральнае пытанне: чыя гэта праблема?
Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны засяродзіў увагу на неабходнасці шукаць новыя рынкі збыту паслуг.
Кіраўніцтву РКБА трэба ўшчыльную заняцца кадравым пытаннем. Не сакрэт, не хапае добрых майстроў, здольных канкурыраваць з прыватным сектарам і іншымі прапановамі рынку. Чым зацікавіць спажыўцоў? Добрай якасцю паслуг і прымальнай цаной. А наконт кадравага забеспячэння, то, мабыць, галоўнае, шукаць шляхі для павышэння заработнай платы працаўнікоў. Іншымі словамі — нарошчваць аб’ём вытворчасці. Хто захоча працаваць за 1820 тысяч рублёў у месяц (такая сярэднямесячная зарплата ў РКБА за студзень-чэрвень 2013 г. — удвая менш сярэднераённай.
Што датычыцца запатрабаванасці і папулярнасці паслуг па пашыве і рамонце адзення, то пра многае красамоўна гаворыць такі факт. У стол заказаў патэлефанавала жанчына з пытаннем, колькі прыблізна будзе каштаваць падрэзаць і падкласці ніз сукенкі для выпускнога балю. Адказ: «Не ведаю, калі зробім — скажам. Але на гэта спатрэбіцца тыдзень»…
Наконт каэфіцыента карыснага дзеяння абсталявання для сельскіх КПП, атрыманага за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (швейныя машынкі, аверлокі і г. д. на 96 млн. руб.). Але на сённяшні дзень яны прастойваюць. На комплексных прыёмных пунктах прымаюць толькі заказы, а вось спецыялісты, якія б іх на месцы выконвалі, на жаль, адсутнічаюць. З набытага абсталявання задзейнічаны толькі аверлокі ў швейным цэху Востраўскага КПП, дзе адна швачка за паўгода выканала работ на… 510 тысяч рублёў.
Пытанне рабром да кіраўніцтва РКБА.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Ляхавічы: на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме была заслухана справаздача дырэктара райбыткамбіната

  • 03/09/2013 в 23:53
    Permalink

    Надо уметь презентовать свои услуги. В конкурентных условиях быть энергичнее и расторопнее, быть ближе к людям. Тогда и будет плюс, а не минус.

  • 04/09/2013 в 13:07
    Permalink

    Вспоминаю старые добрые времена, когда в пунктах проката можно было взять на определённый срок за оплату многие необходимые вещи. Это так выручало. Почему бы не подумать над возрождением этой услуги сейчас?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *