Наш зямляк — святы Серафім

Падлеская Святадухаўская царква пабудавана ў другой палове ХVІІІ стагоддзя. Дасёння яна дзеючая.

Авеяная легендамі, гучнагалосая, таленавітаая вёска Падлессе. Гэты самабытны куточак ляхавіцкай зямлі ў свой час стаў першакрыніцай натхнення маэстра Цітовіча — арганізатара і стваральніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору, які сёння носіць яго імя і які пачынаўся з галасістых падляшанак.
А гісторыя, звязаная з падлескім праваслаўным храмам, наогул цудоўная. Ва ўсякім разе з пакалення ў пакаленне перадаецца сказ пра цудатворны камень, што дапамог сляпой дзяўчыне стаць відушчай, пра выяву следу Маці Божай на ім. Удзячны бацька дзяўчыны паабяцаў пабудаваць царкву. Пра гэта «ЛВ» расказваў сваім чытачам, як і пра тое, што зямлі падлескай наканавана было стаць радзімай святога Серафіма Жыровіцкага — у міру Рамана Шахмуця. 28 кастрычніка 1999 года Свяшчэнным Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ архімандрыт Серафім Шахмуць быў далучаны да ліку мясцовашанаваных святых навамучанікаў зямлі беларускай, а ў жніўні 2000 года Архіерэйскім Саборам рускай Праваслаўнай Царквы ўслаўлены ў Саборы Навамучанікаў і спаведнікаў расійскіх ХХ стагоддзя. Памяць святога Серафіма ўшаноўваецца 6 верасня — у дзень, калі ён быў арыштаваны, і які стаў пачаткам яго крыжовага шляху.
9 гадоў таму, 2 верасня, 2004 года праз наш раён прайшоў шлях ХІ Беларускай рэспубліканскай навукова- асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святынь», якая несла Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй і скіроўвалася ў старажытны Тураў — тагачасную сталіцу Дня беларускага пісьменства. Вось што пісаў «ЛВ» у №83-84 за 4 верасня 2004 г.: «… Адчуць цяпло і подых свяшчэннага агню змаглі і праваслаўныя вернікі Падлесся. Праз усю вёску да мясцовай Святадухаў-скай царквы прайшлі хрэсным ходам з харугвамі ўдзельнікі экспедыцыі на чале з галоўным захавальнікам Жыватворнага агню іерэем Аляксандрам Якуцікам, мясцовыя жыхары і вучні школ. Для рабят былі праведзены ўрокі пісьменства. Былі зроблены прыпынкі і прачытаны малітвы каля месца, дзе нарадзіўся Святы Серафім Жыровіцкі, а таксама насупраць капліцы Святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца».
Так, тут асаблівая аўра, пра што шчыра сказала ўдзельніца экспедыцыі Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, у мінулым рэдактар часопіса «Работніца і сялянка» Марыя Карпенка: » Мяне вельмі ўзрушылі мясцовыя старэнькія бабулькі, якія прайшлі хрэсным ходам. Такі доўгі шлях, а іх вочы зіхацелі надзеяй. Я глядзела на іх шурпатыя рукі, спрацаваныя постаці і думала: «Божачкі, дай ім шчасця, яны гэтага заслугоўваюць»…
Мусіць, светлая акалічнасць спалучэння ўзвышанага і зямнога стала прычынай жадання ў той час 9-класніка Ляхавіцкай гімназіі Серафіма Жытко даведацца як мага больш пра зямны шлях святога Серафіма Жыровіцкага. Ён напісаў навуковую работу, якая прызнана адной з лепшых падчас раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і была надрукавана на старонках раёнкі. З таго часу ён тэму гэту вывучыў больш дасканала і прапануе свае нататкі землякам.
Дарэчы, Серафім Жытко з’яўляецца адміністратарам сайта «Ляхавічы праваслаўныя», памочнікам рэдактара сайтаў Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі і Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Святы Серафім, малі Бога пра нас.

Уся гісторыя праваслаўнай царквы ззяе подзвігамі многіх мучанікаў, святароў, прападобных і праведных угоднікаў Божых.
Адным з верных Хрыстовых сыноў быў прападобнамучанік Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, ураджэнец вёскі Падлессе нашага раёна. Нарадзіўся айцец Серафім (у міры Раман Раманавіч Шахмуць) у 1901 годзе ў сялянскай сям’і. Акрамя яго ў сям’і былі яшчэ два сыны — Рыгор і Сяргей. Па ўспамінах Надзеі Рыгораўны Баўтрукевіч, пляменніцы айца Серафіма (ёй расказаў дзед Сцяпан, родны дзядзька прападобнамучаніка), хлопчык пазбягаў дзіцячых забаў. Маленькі Раман надзяваў мамін фартух замест рызы, рабіў крыжыкі з палачак і, наколькі дазваляла дзіцячае ўяўленне і памяць, «служыў», як гэта рабілі ў Падлескай царкве. Бывала, у час такіх гульняў да яго падыходзілі суседскія дзеці, абступалі і дапамагалі «правіць службу».
Хлопчык рос паслухмяным, дапамагаў па дому, а ў нядзелю і святочныя дні заўсёды наведваў богаслужэнні ў Святадухаўскай мясцовай царкве.
У 1915 годзе памёр бацька, і ўсе клопаты па выхаванні дзяцей ляглі на плечы маці. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, Раман Шахмуць вучыўся і закончыў двухкласнае Ляхавіцкае народнае вучылішча. Паралельна ён наведваў Свята-Крыжа-Уздвіжанскую царкву, якая стаяла на месцы, дзе цяпер знаходзіцца рыначная плошча.
25 чэрвеня 1922 года, адчуваючы ў сабе манаскае прызванне, Раман адправіўся ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, дзе настаяцельстваваў архімандрыт Ціхан. 1 красавіка 1923 года Раман Шахмуць быў пастрыжаны ў манаства з імем Серафім, што азначае «палымяны». У манастыры нёс кліраснае паслушанне. У яго былі дасканалыя музыкальныя здольнасці. Праз 5 гадоў нашага земляка рукапалажылі іерадыяканам. Серафім вельмі адказна выконваў манастырскія паслушанні, з глыбокай пашанай адносіўся да богаслужэнняў. Яго любілі і паважалі і манастырскае начальства, і манахі. Яшчэ праз 4 гады ён быў рукапаложаны ў святары.
Да вайны айцец Серафім неаднойчы наведваў блізкае сэрцу Падлессе. Па ўспамінах яго пляменнікаў Мікалая Рыгоравіча і Надзеі Рыгораўны, прыезд дзядзькі быў для ўсіх на сяле святам. Звычайна ў Ляхавічах яго сустракаў брат, і далей на кані яны дабіраліся да месца. Прыязджалі ў царкву. Народу збіралася мноства, «як на Вялікдзень», па ўспамінах відавочцаў, доўгажыхароў вёскі. А потым ішлі да дому Шахмуцёў. У такія дні хата не магла ўмясціць ўсіх жадаючых. Айцец Серафім прапаведаваў і вучыў людзей, праводзіў душавыратавальныя размовы. Часта з ім прыязджаў і свяшчэннаслужыцель Рыгор Кударэнка, які пазней стаў вядомы як архімандрыт Ігнацій. Назаўсёды ў памяці падляшан, асабліва пляменнікаў айца Серафіма, засталіся дні, калі ён бываў у сябе на радзіме.
Аднавяскоўцы, якія неаднаразова прыязджалі ў Жыровічы, па іх расказах, усякі раз пераконваліся ў найвялікшай сціпласці і велікадушнасці свайго земляка.
Пропаведзі айца Серафіма ў манастыры прыцягвалі многіх. У сувязі з гэтым яго разам з айцом Рыгорам пачалі адпраўляць у паездкі па прыходах з цудатворнай іконай Божай Маці. Там яны праводзілі богаслужэнні, малебны, акдрывалі храмы. Пабывалі ў Брэсце, Гродна, Ваўкавыску, Яблочыне, Бельску, Пружанах і многіх іншых гарадах і вёсках. Заўсёды сустракалі іх урачыста і шматлюдна. У час аднаго з даваенных місіянерскіх падарожжаў яны аказаліся на прастольным свяце ў Свята-Нікольскім храме вёскі Дарава. Стрыечная сястра айца Серафіма Марыя Скрыцкая (у дзявоцтве Шахмуць) была на гэтым богаслужэнні. Яна падышла да аднаго са свяшчэннікаў і спытала: «Ці не Раманам клічуць вашага сабрата?» У адказ пачула: «Раман, але ў нас ён ужо Серафім».
У канцы службы айцец Серафім падышоў да Марыі. З цяжкасцю пазнаў у ёй сваю сястру, якую даўно не бачыў. Сустрэча была вельмі жаданай і шчымлівай. Праз некаторы час на конях прыехаў муж Марыі Міхаіл Скрыцкі і запрасіў айца Серафіма да сябе на хутар. Пасля невялікага адпачынку Міхаіл даставіў дарагога госця назад, у Дарава.
Місіянерскую дзейнасць архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор Кударэнка працягвалі і ў 40-ых гадах. Мінск, населеныя пункты Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў, Віцебск, Орша, Быхаў, Жлобін, Магілёў, Гомель — маршруты іх пралягалі па ўсёй Беларусі. У дарозе апыналіся ў самых розных сітуацыях, часам, здавалася, бязвыхадных. Па вяртанні ў Мінск місіянеры пачалі весці службу ў Святадухаўскай царкве (сёння гэта кафедральны сабор беларускага Экзархата) займаліся міласэрнасцю, чым маглі дапамагалі абяздоленым і немачным.
А 6 верасня 1944 года іх арыштавалі. Пяць дзён працягваўся допыт на месцы (у Гродна, дзе яны былі затрыманы), а затым арыштаваных перавезлі ў турму ў Мінск. Родны брат айца Серафіма Рыгор Шахмуць, які даведаўся пра яго зняволенне, адправіўся ў Мінск. Паміж братамі вялася перапіска. Здароўе бацюшкі ў турме было моцна падарвана.
На допытах арыштаваныя трымаліся мужна. Ім прад’яўлялі абвінавачванні ва ўчыненні злачынстваў, якіх на самой справе не было. Следства працягвалася 10 месяцаў. 7 ліпеня 1945 года абодвум свяшчэннаслужыцелям быў вынесены прыгавор: пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў: іх адправілі ў лагеры Горкаўскай вобласці.
У цяжкім становішчы апынуліся і сваякі айца Серафіма. Яны сталі роднымі «ворага народа». Адзін Бог ведае, колькі перанесена пакут, зняваг і праліта слёз. Нягледзячы ні на што, Рыгор Шахмуць зноў накіраваўся да месца зняволення брата. Аднак вярнуўся ні з чым. Пісьма ад айца Серафіма родныя таксама не дачакаліся. Стала зразумела, што любімага імі чалавека больш ніхто не ўбачыць.
Па афіцыйных даных айцец Серафім памёр у зняволенні ад сардэчнай недастатковасці. Што адбылося на самой справе — невядома.
Запісаў Серафім ЖЫТКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *