У Ляхавічах прайшоў семінар «Сучасныя паслугі РУП “Белтэлекам»
Апошнім часам Белтэлекам сыпле дажджом цікавых прапаноў: толькі паспявай сачыць за навінкамі і прымяняць іх на практыцы. Прычым, пра ўсе новаўвядзенні можна даведацца не толькі праз шматлікія рэкламныя буклеты, аб’явы, на інтэрнэт-старонках. Апошнім часам папулярнымі становяцца разнастайныя прэзентацыйныя семінары. Адзін з такіх па тэме “Сучасныя паслугі РУП “Белтэлекам” у сакавіку адбыўся ў актавай зале Ляхавіцкага раённага вузла электрычнай сувязі. Удзел у ім узялі кіраўнікі і тэхнічныя спецыялісты многіх устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны, зацікаўленыя карыстальнікі паслуг. Кожны мог азнаёміцца з самымі апошнімі і папулярнымі прапановамі і тэхнічнымі магчымасцямі нацыянальнага аператара сувязі. Семінар прадугледжваў і дэманстрацыю сучасных паслуг, і актуальныя дыялогі са спецыялістамі, і прэзентацыйныя даклады. Начальнік аддзела прасоўвання паслуг камерцыйнага аддзела Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Руслан Шавялінскі зазначыў, што семінары такога кшталту ад Белтэлекама сталі традыцыяй, а маркетынгавая работа ў Ляхавіцкім РВЭС праводзіцца на высокім узроўні.
– У Белтэлекама свой брэндынгавы стыль, вывераныя формы работы з кліентамі, карпаратыўныя правілы этыкету. І супрацоўнікі РВЭС іх таксама прытрымліваюцца. Мы ідзём у нагу з часам і імкнёмся самыя “свежыя” паслугі адразу прапаноўваць кліентам, – гаворыць начальнік РВЭС Анатолій Лукашэвіч.
Усе ўдзельнікі семінара атрымалі раздатачны матэрыял, на стэндах змаглі азнаёміцца з матэрыяламі пра новыя паслугі і ўбачыць іх у дзеянні.
Руслан Шавялінскі, у прыватнасці, расказаў пра паслугу «Home Wi-Fi” – бесправадны інтэрнэт. І ў Ляхавічах ёсць ужо яго карыстальнікі. “Максіфон” – своеасаблівы аналаг знаёмага многім скайпа. Але, у адрозненне ад апошняга, новая праграма мае нумар тэлефона з уваходнай і выходнай тэлефоннай сувяззю (прычым, званкі на гарадскую сетку бясплатныя). Яшчэ адна паслуга, якая будзе рэалізавана на тэрыторыі раёна да канца 2014 года, – эфірнае лічбавае тэлебачанне «ZALA». Інтэрактыўнае тэлебачанне будзе падключана тым абанентам, для якіх гэта паслуга раней была недаступна з-за даўжыні тэлефоннай лініі, а таксама жыхарам аддаленых населеных пунктаў.
Найбольшую ўвагу прыцягнула прэзентацыя паслугі “Аўдыяканферэнцыя”. Гэта паслуга ў анлайн рэжыме забяспечвае магчымасць цэнтралізаванага вяшчання для значнай колькасці абанентаў. З дапамогай тэлефона (мабільнага ці стацыянарнага) ўдзельнікі канферэнцыі, згодна папярэдняга спісу, апавяшчаюцца аб часе канферэнцыі. Прапанова дазваляе вырашаць пытанні, не збіраючы адразу ўсіх людзей у адным месцы, – відавочная эканомія і часу, і сродкаў.
Заключным акордам семінара стаў “круглы стол”, падчас якога карыстальнікі шматлікіх паслуг Белтэлекама атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні ад спецыялістаў.
– Эфектыўнасць такіх сустрэч значная. Нішто не можа замяніць непасрэдных зносін з пастаяннымі і патэнцыяльнымі кліентамі. Даведацца пра рэальныя патрэбы, планы спажыўцоў паслуг электрасувязі дапамагаюць менавіта такія семінары, – рэзюмаваў Анатолій Лукашэвіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Услуг много, и все современные, восстребованные. Одно обидно, оплату за телефон на узле связи уже брать не будут… Оптимизация навевает грусть