І ў лесе грошы растуць.Ці будзем зімой з вітамінамі – такое пытанне вырашаем сёння

Лета – адпускная пара. Нехта, нягледзячы на каранавірус, едзе на мора, многія спяшаюцца ў лес, на прысядзібныя ўчасткі, дачы. І не толькі для таго, каб адпачыць, але і папрацаваць. Лясы Ляхавіччыны напаўняюцца галасамі шматлікіх ягаднікаў і грыбнікоў. Кожны імкнецца адхапіць свой кусок «пірага» з чарніц ці маліны. Перспектывы, што адкрывае паляванне на вітамінныя лясныя пачастункі, не абмяжоўваюцца прыгатаваннем духмянага варэння. На нарыхтоўцы ягад можна нядрэнна зарабіць, калі добра папрацаваць. Для некаторых гэта і ўвогуле сямейны бізнес, калі на збор спачатку чарніц, а пазней і журавін прыязджаюць сем’ямі і здаюць за раз па дзясятку вёдраў.

А што  на рынку?
Так, замарозіць, закансерваваць і пасушыць, безумоўна, можна, але толькі тады, калі ёсць сыравіна. Таму, хто мае багаты ўраджай на прысядзібным участку ці дачы, прасцей: нарыхтуе сабе, а лішкі можа прадаць на базары ці здаць нарыхтоўшчыкам. Многія з тых, хто не мае ўласнага агарода, дачы ці саду, а таксама магчымасці або жадання запасацца дарамі прыроды ў лесе, ідуць на базар.
Што ж можна купіць на ляхавіцкім рынку? У мінулыя выхадныя, напэўна, задаволіла пакупніцкі попыт прапанова на агуркі, памі-
доры, бульбу, цыбулю, кабачкі. Гэту агародніну прадавалі райпо, фермеры і прыватнікі са сваіх прысядзібных участкаў. Кошт прыблізна аднолькавы ва ўсіх. Агуркі, напрыклад, каштавалі ў межах 1,5–2,5 рубля за кілаграм. Памідоры – ад трох да пяці рублёў за кілаграм. А вось з ягадамі атрымаўся пэўны дэфіцыт.
Пачнём з клубніц, сезон якіх
нядоўгі – два-тры тыдні. Іх у гандлёвых кропках райпо прадавалі няшмат. Як расказаў вядучы таваразнаўца райпо Віктар Скіндзер, сёлета гэтай ягады было не надта многа.
У Лунінецкім раёне закупілі  2,6 тоны, большая частка пайшла на кансервавы завод, астатняе прадавалася, на замарозку  гэта ягада ў нашым райпо  не ідзе.
Зараз на рынку «руляць» іншыя ягады. Напрыклад, чарэшня. Не-
вялікая, але салодкая – беларуская – абыдзецца ў тры рублі за кілаграм, а вось вялікая сакавітая родам з Малдовы ў цане апусцілася ўжо да сямі рублёў за кілаграм.
«На сцэну» выходзіць і маліна. За паўлітровы слоік прадаўцы просяць 3,5 рубля. Самы рэдкі і таму самы дарагі прадстаўнік ягадных – суніцы – прапаноўваюцца па пяць рублёў за паўлітровы слоік. Чарніцы  можна купіць па тры рублі за паўлітра.

Нарыхтоўкі  ў разгары
Менавіта чарніцы – адзін з лідараў нарыхтоўчай кампаніі. У Ляхавічах чарніцы прадаюць самі зборшчыкі і кропкі райпо. Кошт мяняецца, апошнімі днямі ў палатках райпо прадавалі па 5,2–5,5 рубля за кілаграм. Як адзначыў Віктар Скіндзер, сёлета сезон для чарніц павінен быць не горшым, чым у мінулым годзе. А летась іх назапасілі 24 тоны (20 тон пайшлі на экспарт). Пакуль, па стане на 15 ліпеня, у райпоўскіх запасні- ках – дзве тоны. Максімальная закупачная цана вагаецца ў залежнасці ад прапаноў. Як толькі пайшла першая чорная ягада, за кожны кілаграм райпо плаціла па чатыры рублі, 15 ліпеня кілаграм чарніц «заважыў» 4,5 рубля.
Як патлумачыў Віктар Скіндзер, трэба гібка рэгуляваць закупачныя цэны, каб канкурэнты не апярэдзілі. Дарэчы, Ляхавіцкае райпо мае дазвол на закупку ў шасці раёнах Брэстчыны: акрамя свайго, у Іванаўскім, Ганцавіцкім, Столінскім, Баранавіцкім, Пінскім.
Што тычыцца землякоў, традыцыйна найбольшую актыўнасць праяўляюць зборшчыкі лясных ягад з Куршынавічаў, Свяціцы, далёкіх Навасёлак, Мінічаў, Крывошына – здаюць і ў магазіны сваіх вёсак, і нарыхтоўшчыкам (іх у штаце райспажыўкааперацыі трое), якія чакаюць ягаднікаў ўжо на ўзлесках. Па словах Віктара Скіндзера, нарыхтоўкай займаюцца 18 гандлёвых кропак райпо ў сельскай мясцовасці, сюды можна здаць любыя ягады ці агародніну і атрымаць разлік як грашыма, так і таварам, што маецца ў наяўнасці. Прымаюць агароднінна-садова-ягадны асартымент і тры гарадскія нарыхтоўчыя пункты: па вуліцы Савецкай і два па завулку Вакзальным.
Частка закупленых чарніц адразу з лесу ідзе на продаж праз магазіны, частка замарожваецца, каб потым адправіцца на экспарт. Дарэчы, гэта някепская крыніца даходаў для райпо.
Распачаўся сезон парэчак і вішні. Пазней кааператары плануюць нарыхтоўваць слівы, брусніцы, журавіны. З агародніны – бульбу, капусту, цыбулю, памідоры, моркву, не забудуць пра грыбы і яблыкі.

І завод  кансервуе,  марынуе
На Ляхавіцкім кансервавым заводзе сезон нарыхтовак таксама ў разгары.
– Асноўную нарыхтоўку робім праз Ляхавіцкае райпо. Усе набытыя 1,2 тоны клубніц адразу перапрацавалі ў варэнне. Зараз масава пайшлі агуркі, якіх сёлета плануем закупіць каля 500 тон для далейшай кансервацыі. Маніторым цэны на маліну. Варэнне з гэтай ягады папулярнае сярод спажыўцоў, таму, магчыма, павялічым яе закупку. Акрамя таго, будзем нарыхтоўваць чарніцы, чорную парэчку, журавіны, яблыкі. Што тычыцца агародніны, то заводскі асартымент папоўнім зялёнымі памідорамі, капустай. А вось кабачкі, морква, чырвоныя буракі, бульба ў нас свае, вырашчаныя на падсобнай гаспадарцы, – расказвае намеснік дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Віктар Курловіч.

А дзе вечарам  купіць?
Хочацца звярнуць увагу на яшчэ адзін садавінна-агароднінны бок, дакладней, гандлёвую акалічнасць. Каля магазіна «Мясная лаўка» стаіць палатка, дзе прадаюць як мясныя паўфабрыкаты, так і разнастайную садавіну, агародніну. Выбар там неблагі, але вось расклад работы гэтай гандлёвай кропкі яўна не прадуманы.
У 17 гадзін – самы час, калі многія вяртаюцца з работы, –  яна якраз і закрываецца. Чаму б не пачаць работу на гадзіну пазней, а вечарам папрацаваць на тую ж гадзіну больш. І пакупнікам зручна, ды і райпо ў накладзе не засталося б. Дарэчы, многае залежыць ад прадаўца. Напрыклад, не ўдасца пакупніку прайсці каля палаткі райпо на рыначнай плошчы і нічога не купіць. Прадаўцы Ірына Тупік і Ніна Адаська вельмі «смачна» рэкламуюць свой садавінна-агароднінны тавар.
Нарыхтоўчы сезон працягваецца. Кожны можа прыняць у ім удзел і забяспечыць дадатковы прыбытак уласнаму бюджэту.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.