Год пачынаецца ў верасні. Дзень ведаў на Ляхавіччыне пазначаны гучнымі першавераснёўскімі школьнымі лінейкамі, вясёлым званком

Гэты дзень асаблівы і для дзяцей, і для іх бацькоў, і для настаўнікаў. Ён пазначаны гучнымі першавераснёўскімі школьнымі лінейкамі, вясёлым званком, мноствам эмоцый і сустрэч, прыўзнятым настроем. І назва ў яго асаблівая – Дзень ведаў. Сёлета першы ўрок прайшоў пад назвай «У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны»

Як жа радуюцца сустрэчы праз тры месяцы канікулаў хлопчыкі і дзяўчынкі, настаўнікі, лёгкае хваляванне ў бацькоў школьнікаў – як дзеці адаптуюцца да вучобы, ці ўсё ў іх атрымаецца.
– Выдатны настрой, мора ўражанняў, безліч планаў і задумак – так наша гімназія перагортвае чарговую, важную старонку ў сваёй гісторыі. За парты ў гэтым навучальным годзе селі 555 гімназістаў. Папаўненне і ў настаўніцкім калектыве. Спадзяюся, што надоўга застануцца ў дружнай педагагічнай сям’і шасцёра настаўнікаў-навічкоў, сярод іх два маладыя спецыялісты – настаўнікі замежнай мовы і фізічнай культуры, – расказвае дырэктар Ляхавіцкай гімназіі Таісія Шыбун.


Традыцыйна раздзяляюць радасць свята з рабятамі і настаўнікамі прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў. Пранікнёна, шчыра вітаў калектыў гімназіі з Днём ведаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што дзяржава шмат увагі надае навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, і пажадаў гімназістам цікавага падарожжа па краіне ведаў.
Як жа радаваліся першакласнікі свайму першаму школьнаму падарунку. Кіраўнік раёна ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам падарунак Прэзідэнта – кнігу «Беларусь – наша Радзіма». Дарэчы, у гімназіі першы раз сядуць за парты 50 рабят. У захапляючае падарожжа па дзіўнай краіне з назвай Школа іх павядуць настаўнікі Наталля Пранчак і Аксана Бруй.


Разгубленыя, нават асцярожныя ад павышанай увагі – як-ніяк толькі знаёмяцца са школай – цікаўныя – менавіта такімі паўсталі перад школьнікамі і настаўнікамі Востраўскай СШ сямёра хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх дата 1 верасня 2021 года стала стартам у школьнае жыццё. На лінейцы ў гонар пачатку навучальнага года яны таксама атрымалі ў падарунак ад Прэзідэнта кнігу «Беларусь – наша Радзіма». Ра-зам з першакласнікамі галоўныя дзеючыя асобы ўрачыстасцей у Востраўскай СШ – пяцёра адзінаццацікласнікаў, для якіх пачаўся адлік часу да развітання са школай. У цэнтры падзей у Востраўскай школе і Віктар Буцько.
Знаёмцеся – новы дырэктар школы.
– Напэўна, хвалююся не менш за першаклашак. Адна справа –
вучыць дзяцей, зусім іншая – кіраваць калектывам. Буду старацца апраўдаць аказаны давер. Калектыў тут выдатны, зладжаны, шмат напрацовак. Усё павінна атрымацца, – сцвярджае Віктар Буцько.
І вось самы ўрачысты момант: над школамі загучаў званок і запрасіў у краіну ведаў: новы год пачаўся! Заўтрашнім выпускнікам даручылі важную місію: суправаджаць пачаткоўцаў за парты ў першы клас. Па добрай традыцыі першы ўрок кожнага навучальнага года мае сваю тэму. 2021/2022 стартаваў з урока «У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны».
Кузня кадраў для сельскай гаспадаркі і не толькі – Ляхавіцкі аграрны каледж – таксама  першага верасня адкрыў чарговы сезон падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў. Атрымліваць веды і практыкавацца будуць 450 юнакоў і дзяўчат, з іх 156 – новы набор. І ў ЛАКу кіраўніцкі дэбют. Гэты навучальны год стане першым у якасці дырэктара для Ірыны Прыступа-Юнік, якая раней працавала намеснікам дырэктара.
У добры шлях за ведамі, рабяты і педагогі. Цярпення і мудрасці бацькам навучэнцаў!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея Варановіча  і з архіваў школ.