Інтэнсіўнае малако

Як сцвярджаюць спецыялісты, павялічыць рэнтабельнасць вытворчасці малака, зменшыць яго сабекошт можна, збалансаваўшы рацыёны кармлення малочнага статка так, што асноўная частка спажыўных рэчываў будзе паступаць ў арганізм жывёлы з інтэнсіўнай пашы, а колькасць дабаўленых канцэнтратаў пры гэтым значна змяншаецца.

Спецыялісты падкрэсліваюць: галоўная ўмова эфектыўнасці інтэнсіўнай (яе яшчэ называюць шматкампанентнай) пашы — травастой, які складаецца як мінімум з 6 відаў траў. Лепш за ўсё, калі ў ім пераважаюць бабовыя — крыніца бялку, ад якога ў асноўным і залежыць прадукцыйнасць малочнага статка. Гэта добра вядома спецыялістам сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак, чамусьці ў некаторых сельгаспрадпрыемствах замест таго, каб зрабіць перазалужэнне сенакосаў і пашы, стварыць добрую перадумову павелічэння выхаду прадукцыі, губляюцца дзясяткі і сотні мільёнаў рублёў з-за таго, што яе недаатрымалі.
Па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, эфект ад інтэнсіўнай пашы відавочны тады, калі на кожную жывёліну прыпадае як мінімум 40 сотак такога травастою. У СВК «Ліпнянка», напрыклад, прыходзіцца па некалькі гектараў сенакосаў і пашы. Але, па сутнасці, статак застаецца недакормленым і летам, і, тым больш, у зімова-стойлавы перыяд. Угоддзі натуральна тут бедныя, у засуху — трава травінку даганяе, а ў дажджы — залітыя вадой. Між іншым, як адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, гаспадарка магла б жыць бязбедна за кошт траў. Тут так і было калісьці: сельгаскааператыў спецыялізаваўся на вырошчванні траў, прадаваў і насенне, і кармы. Напэўна, можна аднавіць той вопыт. На думку галоўнага агранома райсельгасхарчу, перазалужэнне лугапашавых угоддзяў, мэтанакіраваная работа з травамі далі б магчымасць развіваць мясную жывёлагадоўлю. Але тут пакуль ёсць толькі 8 працэнтаў інтэнсіўнай пашы.
Мала ўдзяляецца ўвагі перазалужэнню траў у ААТ»Ляхавіцкі райаграсэрвіс», хоць пустуючых земляў дастаткова. Няма добрай пашы ні для грамадскага статка, ні для гуртоў з прыватных гаспадарак. Толькі на 10 працэнтах угоддзяў пасеяна разнатраўе. Прычынай называюць недахоп кадраў механізатараў (шмат тэхнікі пра-стойвае), з-за чаго часта зацягваюцца асноўныя сельскагаспадарчыя кампаніі і несвоечасова выконваюцца паўсядзённыя работы. Як зазначае Мікалай Каплыноў, да перазалужэння траў у гэтым сельгаспрадпрыемстве не даходзяць рукі.
Усяго 19 працэнтаў сенакосаў і пашы перазалужылі ў СВК «Тальмінавічы», 33 працэнты — у СВК «Жарабковічы». Дарэчы, апошняя гаспадарка некалі таксама славілася травамі, вырошчвалі тут насенне канюшыны, цімафееўкі, іншага разнатраўя. Памыліліся, што адмовіліся ад былога вопыту: грамадскі статак недаатрымлівае паўнацэннага зялёнага корму. Гэта, зразумела, адмоўна адбіваецца на яго прадукцыйнасці. Сёлета сельгаскааператыў павінен перазалужыць 400 гектараў сенакосаў і пашы. Пакуль што разнатраўе пасеяна на 132 гектарах.
Як трэба працаваць з травамі, які гэта прыносіць плён, можна пераканацца на прыкладзе СВК «Ляхавіцкі». Перазалужэнне, стварэнне інтэнсіўнай пашы як метад атрымання вялікага і таннага малака тут пад пастаянным кантролем. Вырашчанага травастою, які тут страўліваецца жывёле па эфектыўнай тэхналогіі, хапае статку аж да восені. Пасля дзейнічае «зялёны канвеер»: у групе аднагадовых траў штогод высяваецца люцэрна, ячмень, лубін, рэдзька — спажыўная зялёная маса ў рацыёне грамадскага статка да самай зімы.
Відавочны эфект ад шматкампанентнай пашы і ў СВК «Шлях новы», дзе штогод праводзіцца падсеў існуючых угоддзяў або перазалужэнне новых. Па адпрацаванай схеме тут наладжваюць работу і на далучаных землях былога СВК ”Ордэна ”Знак пашаны” «Кастрычнік»: пакуль што перазалужылі каля 200 гектараў, у планах правесці работы яшчэ мінімум на 300 гектарах. Выкарыстанне інтэнсіўнай пашы ў СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы» — адзін з галоўных фактараў, што дазваляюць атрымліваць высокія надоі.
Мэтанакіравана вядзецца работа па перазалужэнні сенакосаў і пашы ў ДП «Нача», у СВК «Дарава» сёлета ўжо выкананы план па стварэнні інтэнсіўнай пашы для грамадскага статка.
Сёлета, згодна плана, гаспадаркі раёна павінны перазалужыць 2800 гектараў угоддзяў, у тым ліку на 1500 гектарах стварыць інтэнсіўную пашу. Работы выкананы пакуль на 798 гектарах, з якіх на 534 размясцілася шматкампанентная паша.
Як адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, згаданыя работы можна праводзіць яшчэ і сёлета. Для гэтага трэба мець план перазалужэння ўгоддзяў і абнаўлення пашы. Чым сеяць? На гэтае пытанне дае адказ аб’яднанне «Брэстаблтравы», якое прапануе якаснае насенне. Да таго ж, абласны бюджэт штогод выдзяляе сродкі, каб патанніць яго кошт.
Важна захоўваць тэхналогію перазалужэння: падсяваць травы толькі пасля апрацоўкі гліфасатамі і ўнясення арганічных і мінеральных удабрэнняў. Пасля сяўбы траў важна ўшчыльніць раллю каткамі. Спецыялісты падкрэсліваюць: 4 гады статак будзе пасвіцца па выдатным травастоі. А, як вядома, толькі добра накормленая рагуля дасць прыбаўку ў надоях малака.
Аліна ЛАПІЧ .

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *