Папрацавалі. Час ляхавіцкім школьнікам адпачываць

Выхаванцы лагера працы і адпачынку «Авантаж» СШ №1

Паспяхова фінішавалі змены ў лагерах працы і адпачынку. Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Леаніда Калбасы, у чэрвені ва ўстановах раёна дзейнічалі 5 такіх атрадаў. 80 школьнікаў на працягу месяца з карысцю праводзілі час, працуючы на добраўпарадкаванні горада, на палях СВК «Жарабковічы» і праполцы саджанцаў дрэў у гадавальніках лясгаса.
— Канешне, як і пры ўсякім новаўвядзенні, спатрэбілася прыкласці шмат намаганняў для арганізацыі работы такіх лагераў. Цяжкасці ўзніклі з самага пачатку. Некаторыя кіраўнікі, даведаўшыся, што працаваць будуць школьнікі, адмовіліся ад дапамогі адразу. А 3 кіраўнікі — камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, лясгаса Міхаіл Свістун і СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько — узялі на сябе адказнасць і не пашкадавалі, — расказаў Леанід Калбаса.
Рабяты з СШ № 1 і гімназіі супрацоўнічалі з камунгасам. Па словах дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандра Мядзвецкага, школьнікі добрасумленна аднесліся да справы, паказалі сябе сапраўднай камандай. Не толькі зрабілі карысную справу — пафарбавалі агароджы па вуліцы Дзесюке-віча і ўздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай, але і зарабілі грошы. Яны з гонарам апраналі спецыяльныя камізэлькі, і, самае галоўнае, у іх сфарміравалася разуменне — бясплатнага нічога не бывае.
— Упэўнены: тыя, хто працаваў на добраўпарадкаванні, ніколі не пашкодзяць маёмасць і, калі трэба, спыняць іншых, — падкрэсліў Аляксандр Мядзвецкі.
Задаволены работай школьнікаў і ў СВК «Жарабковічы», і ў лясгасе.
Добрыя ўражанні і ў саміх хлопцаў і дзяўчат, якія на працягу 18 дзён апрабоўвалі новую форму карыснага правядзення часу.
Дарэчы, памер заробленага школьнікамі адрозніваецца ў кожным лагеры. Залежыць сума ад колькасці адпрацаваных дзён, аб’ёму выкананых работ і арганізацыі, з якой заключылі дагавор. Больш за іншых зарабілі рабяты з СШ №1 — амаль 845 тысяч кожны.

Атрад лагера працы і адпачынку «Праметэй» з СШ №2 працаваў на палях СВК «Жарабковічы»

Відавочна, такое пачынанне будзе мець працяг у наступным годзе. Важна, каб кіраўнікі прадпрыемстваў паверылі ў сілы непаўналетніх і далі магчымасць папрацаваць ім і наступным летам. Сучасныя старшакласнікі не хочуць проста бавіць час, яны мараць зарабляць грошы. І, згодна іх пажаданняў, добра было б, каб працоўная занятасць прапаноўвалася не толькі ў чэрвені, калі 9 класы здаюць экзамены, але і ў іншыя летнія месяцы. Тым больш, што абмежаванне па ўзросце для адпачынку ў аздараўленчых лагерах многіх рабят, старэйшых за 15 гадоў, пакінула дома.
Другі год працавалі на базе Дараўскай СШ профільныя лагеры: ваенна-спартыўны «Выратавальнік» і «Эўрыка» для адораных дзяцей.
Па словах намесніка начальніка РАНС Сяргея Гатоўчыца, у ”Выратавальніку” рабят знаёмілі з пажарна-тэхнічным узбраеннем, са сродкамі індывідуальнай абароны. Падлеткі вучыліся правілам паводзін пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый — кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі выратавальніка. А яшчэ праводзіліся спартыўна-ваенізаваныя эстафеты, віктарыны, паказваліся фільмы па пажарнай тэматыцы.
Расклад дня «Эўрыкі» быў арганізаваны такім чынам, каб 20 хлопчыкаў і дзяўчынак 4 гадзіны ў дзень паляпшалі свае веды па замежнай мове і матэматыцы. І гэта былі не проста штодзённыя 2 гадзіны па вучэбным прадмеце — гэта майстар-клас ад настаўнікаў раёна, цікавыя прадметныя гульні, новыя вучэбныя алгарытмы і ўменні, пашырэнне кола інтарэсаў. А яшчэ насычаны незабыўнымі ўражаннямі і падзеямі кожны дзень, аднаўленне здароўя і сілы, з’яўленне новых сяброў.
Да канца лета яшчэ далёка, і важна, каб рабяты за гэты час набраліся сіл і добра адпачылі. А дарослыя павінны паклапаціцца пра тое, каб канікулы не азмрочыліся непажаданымі абставінамі. І калі хлопчыкаў і дзяўчынак у верасні пакліча школьны званок — каб яны здаровыя, шчаслівыя, адпачнуўшыя селі за парты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта СШ№1 і СШ №2

One thought on “Папрацавалі. Час ляхавіцкім школьнікам адпачываць

  • 11/07/2013 в 23:24
    Permalink

    Если школьники хотят работать, надо чтобы и взрослые были заинтересованы. Необходимо создавать вакансии. Это лучше, чем если бы они по переулкам пили пиво и не знали , чем себя занять.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *