Студия эстрадного пения «Лира» центра дополнительного образования детей и молодёжи г.Ляховичи впечатляет своими яркими выступлениями

Прывітанне, я хачу навучыцца спяваць! — Так пачынаюцца заняткі па вакале ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З 1995 года студыя эстрадных спеваў «Ліра» ўражвае сваімі яркімі выступленнямі, ад якіх заўсёды столькі станоўчых эмоцый.

Выкладчык дадатковай адукацыі, кіраўнік студыі эстрадных спеваў «Ліра» Юрый Грынь заўсёды рады новым талентам:

— Дзеці самі прыходзяць, а калі і бацькі прывядуць. Па выніках індывідуальнага праслухоўвання і гутаркі вызначаюцца здольнасці кожнага, неабходныя для заняткаў вакалам.

Бясплатнае навучанне дазваляе кожнаму паспытаць свае сілы. Развіццё творчых здольнасцяў гурткоўцаў, раскрыццё іх індывідуальнасці — не адзіная задача студыі. Акрамя стварэння сцэнічнага іміджу, тут выхоўваюць маральныя якасці і вучаць разумець сапраўдныя духоўныя каштоўнасці.

Заняткі плануюцца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай: рабяты знаёмяцца з элементарнымі паняццямі па тэорыі музыкі, вывучаюць сальфеджыа, працуюць над пастаноўкай голасу, асаблівая ўвага надаецца рабоце над музычным творам і сцэнічным майстэрствам. Ёсць магчымасць авалодаць элементарнымі навыкамі ігры на гітары, каб можна было акампанаваць сабе і іншым.

Заняткі праходзяць і ў індывідуальным парадку, і ў групах, якія  падзяляюцца ў адпаведнасці з узростам: малодшая, сярэдняя і старэйшая. Некаторыя гурткоўцы займаюцца паралельна і ў школе мастацтваў. Прыязджаюць на заняткі вясковыя рабяты з Падлесся, Альхоўцаў, Крывошына, Задвор’я, Русінавіч. Вынікі не прымушаюць чакаць. Ні адно гарадское і раённае мерапрыемства не абыходзіцца без іх удзелу.

Напрыклад, вакальная група «Ліра» ў складзе Таццяны Грынь, Алены Гуліцкай, Ганны Кананенка і Ганны Прыхач — лаўрэат ІІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!» у намінацыі «Вакальная творчасць».

Ёсць у гуртка і свае выдатнікі. Анастасія Свянтэцкая з вёскі Крывошын узнагароджана дыпломам ІІ ступені за высокае выканальніцкае майстэрства ў стылі фальк-мадэрн на 4-ым абласным фестывалі фальклорнай творчасці «Радавод». Юрый Грынь расказвае, што Насця разам з бабуляй наведвае гурток кожны тыдзень, і што ў дзяўчынкі непаўторны тэмбр голасу ў народнай манеры выканання.

Не першы год займаецца ў    гуртку Наталля Пішч. У сваёй творчай скарбонцы яна мае не адну ўзнагароду. Узровень яе выканання ацэньваецца журы як блізкі да прафесійнага. Наталля — дыпламант абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Прывітанне, свет!».

А здольны хлопчык з непаўторна высокім дыяпазонам голасу Кірыл Праневіч узнагароджаны дыпломам лаўрэата на    раённым свяце патрыятычнай песні «Памяць».

Акрамя таго, гурткоўцы прымалі ўдзел у абласным свяце-конкурсе эстраднага мастацтва «Рытмы маладосці», абласным свяце дзіцячай творчасці «Залатыя зярняткі», конкурсе юных вакалістаў «Звонкая раніца».

Студыя эстрадных спеваў «Ліра» ганарыцца сваімі выпускнікамі. Юлія Асімовіч, Таццяна Пляшэвіч скончылі музычныя ўстановы і зараз працуюць у галіне культуры. Алена Праневіч, Ірына Прыхач, Таццяна Лук’янчык, Вольга Цімашок, Ірына Варвашэвіч, якія раней наведвалі гурток, сёння — ўдзельніцы эстраднай студыі «Экспрэс».

Што ні кажы, а дасягнуць такога ўзроўню можна толькі тады, калі побач добры настаўнік. Юрый Мікалаевіч  — сапраўдны прафесіянал  сваёй справы і не проста кіраўнік, а сябар для дзяцей, імкнецца   зразумець  і падтрымаць гурткоўцаў. З    яго кабінета заўсёды чуваць шчаслівыя дзіцячыя  галасы, жарты і смех. А ён  са шчырай усмешкай гаворыць:

— Гэта мае таленавітыя выхаванцы!

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута

журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *