У Ляхавіцкім раёне прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва

Пастаянная камісія аблсавета працавала на малочным заводзе.

Паміж якасцю жыцця і эфектыўнасцю вытворчай ці, у больш шырокім сэнсе, стваральнай дзейнасці чалавека пралягае самая прамая дарога. Так у ідэале, хоць рэальнасць часта бывае і іншай. Развіць гэтую тэму хочацца бясспрэчным сцвярджэннем: ад умоў і абставін працы ў многім залежыць і яе эфектыўнасць. Дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі сцвярджае: калі чалавек, работнік адчувае клопат пра сябе — працуе з зусім іншай аддачай.

Словы прагучалі ў ходзе выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва, якое прайшло нядаўна ў Ляхавіцкім раёне. На малочным заводзе яно і пачыналася. Разам з членамі камісіі, узначальвае якую дэпутат абласнога Савета галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр Карпіцкі, працавалі старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і дакладчык па тэме «Аб узаемадзеянні мясцовых органаў самакіравання з зацікаўленымі службамі (райЦГіЭ, райаддзел па НС, упраўленне дэпартамента дзяржінспекцыі працы) ў рабоце па кантролі за ўмовамі працы і быту работнікаў, санітарным станам вытворчых тэрыторый у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна» галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Нэлі Гіндзюк. Размова вялася пра стан здароўя працоўнага насельніцтва. У лічбах, з дэманстрацыяй «выкладак», указаннем прычын і акалічнасцяў, на прыкладах і ў параўнаннях з агульнаабласнымі паказчыкамі былі прааналізаваны санітарна-бытавыя і ўмовы працы на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна. Называліся лепшае і лепшыя, прагучалі адрасы і «імёны» выяўленых недахопаў, ацэнку сваёй рабоце атрымалі названыя вышэй службы.
З працуючых у вобласці 2458 вытворчых аб’ектаў рознай формы ўласнасці 55 маюць ляхавіцкую прапіску. З іх кожнае пятае — 11 у абсалютнай лічбе — сельскагаспадарчыя. З 9283 працуючых 5296 заняты іменна на вы-творчых і сельскагаспадарчых аб’ектах. Для сельгаснікаў зараз самая гарачая пара, а ў час масавых сельгаскампаній сумесная работа наглядных органаў таксама характарызуецца актыўнасцю. Мэта — прафілактыка, недапушчэнне парушэнняў у сферы бяспекі: супрацьпажарнай, санітарнай, тэхнікі аховы працы і іншае. У якасці прыкладаў праведзенай за апошні час работы па паляпшэнні ўмоў працы былі названы ТАА «Трансэлектракамплект», ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Увогуле ж, у той ці іншай ступені паляпшэннем умоў працы сваіх работнікаў заклапочаны амаль усе прадпрыемствы раёна. Так, рамонт санітарна-бытавых памяшканняў праведзены ў ДРБУ-200, ПМС, на торфабрыкетным, кансервавым і льнозаводах, ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Шлях новы», «Востраў-Агра», ДП «Нача». У некаторых з названых, а таксама ў СВК «Ляхавіцкі» і асобных іншых рэканструкцыя жывёлагадоўчых фермаў прадугледжвала і абсталяванне санітарна-бытавых памяшканняў.
Доўгі час адсутнічалі санітарна-бытавыя памяшканні ў рамонтна-механічных майстэрнях СВК «Жарабковічы». Пытанне знята: ужо каля двух месяцаў работнікам майстэрні ёсць дзе і чым памыць рукі, дзе паабедаць, іншае, што першачаргова неабходна і знаходзіцца ў прамой узаемасувязі са здароўем працаўніка.
Узровень захворванняў з часовай стратай працаздольнасці ў нашым раёне ў мінулым годзе склаў 62,6 выпадка і 520,2 дня на 100 працуючых. Першая лічба параўнальная з сярэднеабласной, другая — заметна меншая.
Нягледзячы на ўсё сказанае і іншае добрае, што зроблена па ўдасканаленні ўмоў працы, пытанні застаюцца. 2773 чалавекі ў нашым раёне працуюць у неспрыяльных умовах вытворчага асяроддзя. І той факт, што гэта на 5 працэнтаў ніжэй, чым у сярэднім па вобласці, — не падстава для аптымізму.
Хутчэй, для роздуму і дзеянняў: дзе, як і што паправіць, прывесці, як мінімум, да стандарту. Напрыклад, не ў поўным аб’ёме ў раёне выконваліся лабараторныя і інструментальныя даследаванні і кантроль вытворчага асяроддзя ў СВК «Жарабковічы», «Востраў-Агра», «Дарава», «Ліпнянка», «Тальмінавічы». У чатырох апошніх гаспадарках не абсталяваны цвёрдым пакрыццём пляцоўкі для складавання металалому, зношаных шын. У «Ліпнянцы», да таго ж, не адпавядае нарматывам пляцоўка для мыйкі аўтатранспарту. Акрамя «Тальмінавіч», ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна адсутнічаюць пляцоўкі для абеззаражвання сельгасмашын пасля работы з пестыцыдамі і мінеральнымі ўдабрэннямі.
А, напрыклад, кансерваваму заводу і райаграсэрвісу належыць яшчэ папрацаваць над абсталяваннем памяшканняў на прадпрыемствах, дзе ва ўмовах адноснага камфорту і функцыянальнасці работнікі маглі б па-абедаць. Згодна плана, на кансервавым работы павінны быць выкананы сёлета, у аграсэрвісе — на будучы год.
У цэлым жа, па словах Нэлі Гіндзюк, на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна неабходна далейшая актыўная работа па ўзаемадзеянні мясцовых органаў самакіравання, санслужбы, спецыялістаў тэрытарыяльнай інспекцыі дэпартамента дзяржінспекцыі працы, РАНС, прафсаюзных арганізацый раёна і прадпрыемстваў па кантролі за ўмовамі працы і быту работнікаў, санітарным станам вытворчых памяшканняў і тэрыторый.
Дэпутаты — члены камісіі пазнаёміліся з вытворчасцямі, вытворчымі і санітарна-бытавымі ўмовамі працы работнікаў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», некаторых падраздзяленняў СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы». Паслухалі кіраўнікоў названых калектываў Вячаслава Жукоўскага, Аляксандра Вітко, Аляксандра Вашчука. Зрабілі, трэба думаць, высновы, прынялі рашэнні.
На ўсіх этапах дэпутацкага тура і па ўсіх узнікаючых пытаннях гасцей інфармаваў старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *