Гліняны цуд ад Алены Базылевай

Магчыма, не ўсе нашы землякі асабіста ведаюць Алену Базылеву, але пра яе неверагодна жыццярадасныя работы, як мінімум, чулі. Аднак лепш адзін раз пабачыць, чым сто пачуць: і такая магчымасць у іх зноў была падчас фэсту «З крыніц спрадвечных», які ў мінулую нядзелю праходзіў у Грушаўцы.
Асвоіць спрадвечнае рамяство і стаць у сваёй справе мастаком — гэта пра Алену. Падзівіцеся на створаныя ёю кампазіцыі, у сюжэтах якіх — беларускі гумар з лірычным гучаннем, яскравы нацыянальны каларыт. А яшчэ прафесіяналізм майстра: Базылева скончыла Інстытут культуры, дзе вучылася на факультэце народнай творчасці па спецыяльнасці майстар народных рамёстваў.
Адным словам, творчасць — яе рамяство, да якога яна далучае вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Алена Базылева кіруе гуртком у Мыслабажскім доме народнай творчасці. Што для работы трэба? Жаданне, натхненне, веды, навыкі, матэрыял (гліна, фарбы і г. д.), спецыяльная печ — усё гэта ў наяўнасці. А тое, што ў Алены ёсць вучні, якія з захапленнем спасцігаюць сакрэты керамікі, — факт жыццесцвярджальны: роднае народнае мае выдатныя перспектывы.
Дарэчы, летась на базе «ЛВ» праводзіўся семінар рэдактараў газет Брэстчыны. Добрым напамінам пра ляхавіцкую сустрэчу для калег сталі сувеніры работы Алены Базылевай: гліняны чалавечак з раёнкай у руках.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея Варановіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *