За намі праўда. Калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама сёлета прайшла на Кобрыншчыне

Калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама сёлета прайшла на Кобрыншчыне. Сімвалічна, што ідэалагічны корпус вобласці сустрэўся для падвядзення вынікаў і вызначэння перспектыў на бягучы год у самы што ні ёсць ідэалагічны дзень. 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Як ганарова трымаць у руках абноўлены Асноўны Закон краіны, які менавіта з гэтага дня пачынае новае жыццё – уступае ў сілу.

Асаблівасць дзяржаўнага свята – традыцыя ўручаць будучаму пакаленню галоўны і першы сур’ёзны дакумент – пашпарт. Стужкі беларускіх СМІ ў гэты дзень упрыгожаны дзяржаўнай сімволікай і шчырымі ўсмешкамі таленавітых і адораных рабят, якія сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь».


Менавіта з такой святочнай традыцыі і пачалася калегія. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццяна Шэндзік пад апладысменты і віншаванні ўручылі моладзі пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.
– Сёння сапраўды ў нашай краіне вялікае свята! Мы маем сваю Канстытуцыю, мы маем сваю дзяржаву. Зусім нядаўна мы зрабілі пэўныя крокі, каб наша краіна стала больш упэўненай і мацнейшай. Мы правялі рэспубліканскі рэферэндум, абазначылі аспекты раз-
віцця і дзяржаўныя гарантыі для беларускага народа. Сёння асабліва прыемна ўручаць пашпарты нашым дзецям: яны становяцца паўнацэннымі грамадзянамі Беларусі і будуць будаваць яе заўтра. Прайшоўшы пэўныя этапы развіцця, наша краіна стане яшчэ мацнейшай, больш упэўненай, аўтарытэтнай, – падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка.
Абмеркаванне працоўных пытанняў штодзённых момантаў і нюансаў, з якімі сутыкаюцца намеснікі кіраўнікоў раёнаў, начальнікі ідэалагічных аддзелаў, рэдактары СМІ Брэстчыны, аналіз работы, што атрымалася, і чым сёння мы можам пахваліцца, з чым ідзём далей – у справаздачы начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяны Гагакавай.
Сёння СМІ сутыкнуліся з новымі задачамі, гэта не проста інфарма-
цыйная крыніца – гэта аналітычны цэнтр рэспубліканскага, мясцовага, рэгіянальнага жыцця. Сённяшнія рэаліі паказалі, што працаваць варта на апярэджанне. Фэйкавыя навіны не шкадуюць нікога, не азіраюцца ні на якія чалавечыя якасці і часам гатовы замахнуцца на святое. І супрацьстаяць такому лжываму наплыву могуць крыніцы сапраўднай, дакладнай інфармацыі. І метад у рэгіёншчыкаў адзін – праўда і яшчэ раз праўда.
Тое, што першая сусветная інфармацыйная вайна ў самым разгары, сумнявацца не даводзіцца. І важным суб’ектам медыяполя з’яўляецца ў тым ліку раёнка, яе друкаваная аналітычная версія, аператыўныя інтэрнэт-рэсурсы. Бязмежнасць электронных СМІ дазволіла рэгіянальнай прэсе супрацьстаяць нават заходнім правакатарам, паколькі з месца выдаць антыфэйкавы ўдар аказалася проста, тым больш за справай не навічкі-правакатары, а прафесіяналы, якія сваю аўдыторыю і свой рэгіён ведаюць на выдатна.
Рэферэндум адзначыўся высокай яўкай, паказаў грамадзянскую пазіцыю беларусаў і тое, якое заўтра яны выбіраюць. І, як адказаў наш Прэзідэнт на пытанне пра санкцыі, беларусы і сёння дэманструюць, што жывуць і будуць жыць мірна і шчасліва – НАЗЛО ВОРАГАМ.

Маргарыта КУХТА-Маслоўская.