Пад мірным небам жыць. Урачыста, натхнёна, запамінальна на Ляхавіччыне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі

Урачыста, натхнёна, запамінальна на Ляхавіччыне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі. Галоўнымі дзеючымі асобамі на іх былі юныя землякі, якім не толькі жыць па сапраўды народным абноўленым Асноўным Законе, прынятым на рэспубліканскім рэферэндуме, але вучыцца і працаваць на карысць нашай міралюбівай суверэннай Беларусі.

У ГДК 11 школьнікам былі ўручаны пашпарты, а 20 юнакам і дзяўчатам – членскія білеты БРСМ. Потым рабяты разам з дарослымі накіраваліся ў цэнтр Ляхавічаў. Напачатку сакавіка ў скверы каля фантана была ўстаноўлена рэканструяваная работнікамі камунгаса скульптура пад назвай «Мір». Сімвалічна, што жанчына з дзіцем і птушкай міру – голубам – знаходзіцца ў любімейшым для ляхавічан месцы адпачынку – сюды прыходзяць сем’ямі, тут утульна і спакойна. Як жа прыгожа ўзвіліся ў мірнае блакітнае неба дзясяткі чырвоных і зялёных паветраных шароў – у колер нашага беларускага флага. Гэта канстанта: «Мы, беларусы – мірныя людзі!».
Сотні 14-гадовых юнакоў і дзяўчат з усёй краіны былі ўдастоены ганаровага права атрымаць галоўны дакумент – пашпарт з рук кіраўніцтва рэспублікі. Урачыстыя мерапрыемствы,прымеркаваныя да Дня Канстытуцыі, праходзілі ў Савеце Рэспублікі, Нацыянальнай бібліятэцы, музеях гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Сярод запрошаных у горад-герой Мінск – і ляхавічанін навучэнец СШ № 2 Мікіта Ідрысаў. Яму сярод іншых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўрачыстай абстаноўцы, якая панавала ў Нацыянальнай бібліятэцы, пашпарт уручыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.
У гарадской купалаўцы цікавая сустрэча чакала ляхавіцкіх старшакласнікаў, якія завіталі на мерапрыемства «Свет права. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». У файе іх чакала разнапланавая кніжна-часопісная выстава «Ідэалогія беларускай дзяржавы», якую прафесійна падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы.
Нараджэнне дзіцяці, узяцце шлюбу, атрыманне разнастайных даведак, звязаных са шматлікімі падзеямі ў жыцці, – прычыны, што прыводзяць чалавека ў загс.
Начальнік аддзела загса Вольга Новік у запамінальнай форме расказала юным землякам гісторыю ўзнікнення і пра шлях, які прайшоў галоўны дакумент грамадзяніна – пашпарт. Таксама ішла размова пра спецыфіку дзейнасці органаў запісу грамадзянскага стану. Рабяты з інтарэсам слухалі, што супрацоўнікі гэтай установы, якая мае 82-гадовую гісторыю, не толькі рэгіструюць шлюбы ці выдаюць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, але займаюцца іншай работай  з дакументамі – аднаўляюць страчаныя запісы актаў усіх відаў, уносяць у іх змяненні, а пры неабходнасці і анулююць. А яшчэ вынікова працуюць з дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай «Рэгістр насельніцтва» і выконваюць іншую важную для грамадзян работу.
Напэўна карыснай стала інфармацыя, якой падзялілася з рабятамі пашпартыст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Цуба. Размова ішла пра параўнальна новы, сучасны аналаг пашпарта – ідэнтыфікацыйную картку грамадзяніна Беларусі. Усё больш грамадзян рознага ўзросту і сацыяльнага статусу набываюць менавіта такі біяметрычны дакумент. Дарэчы, пры замене ці атрыманні галоўнага дакумента ўпершыню грамадзяне могуць выбіраць, які варыянт аформіць – папяровы або біяметрычны.
Бібліёграф Ляхавіцкай ЦБС Андрэй Каральчук і загадчык сектара Таццяна Зелянко расказалі, як карыстацца нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі «Эталон».

Галіна КАНЬКО.