Цёплая прапанова ад ТБЗ «Ляхавіцкі»

Начальнік цэха Вікенцій Дыдышка і дыспетчар Зоя Бабарэка.

Бліжэй да Тухавіч сталі сустракацца “МАЗы” з прычэпамі, гружаныя велізарнымі белымі мяшкамі з эмблемай аб’яднання “Белпалівагаз” — экспартны варыянт торфабрыкету. Запатрабаваная прадукцыя — адзін са складальнікаў паспяховай работы прадпрыемства. Дырэктар торфабрыкетнага завода “Ляхавіцкі” Міхаіл Хаміцэвіч расказаў, што завод працуе не на склад, а на спажыўцоў: на 1 жніўня выпушчана 52 тысячы тон паліўных брыкетаў, крыху больш як 48 тысяч тон рэалізавана на ўнутраным рынку, астатняе адпраўлена на экспарт – у Літву і Швецыю. Прычым, замежныя спажыўцы плануюць павялічваць аб’ёмы закупак.
На мясцовым рынку таксама сезоннае ажыўленне – не за гарамі зіма. Закупляюць паліва прадпрыемствы,
арганізацыі, установы раёна, жыллёва-камунальныя гаспадаркі, у тым ліку з Пінска, Лунінца, Клецка і іншыя.
Каб не страціць пастаянных кліентаў і прыцягнуць новых, вытворцы шукаюць шлях паляпшэння якасці прадукцыі і зніжэння яе сабекошту. Значны эканамічны эфект ад работы катлоў на мясцовых відах паліва. Напрыклад, сёлета за першае паўгоддзе прадпрыемства сэканоміла 618 тысяч кубаметраў газу – на 955 мільёнаў рублёў.
Разважаючы пра вытворчыя справы, Міхаіл Хаміцэвіч падкрэсліў:

— Вызначальны фактар работы прадпрыемства — яго людзі. Я прыйшоў у калектыў вельмі дружны, згуртаваны, надзейны. Яго аснова склалася яшчэ ў 1973 годзе, калі арганізоўваўся завод. Перакананыя, нераўнадушныя, многія сваю прафесію перадалі ў спадчыну дзецям. Тады ехалі ў Тухавічы з усёй краіны, а сёння лічаць, што іменна гэтае месца — іх малая радзіма. Вось чаму хочацца, каб напярэдадні нашага прафесійнага свята расказ быў пра людзей, якія працуюць над тым, каб было цёпла іншым.

Генадзій Гутырчык — лепшы з лепшых.

…Па дарозе, пракладзенай па асушаным балоце, мы дабраліся да палявой базы завода. Іменна тут бярэ свой пачатак складаны і працаёмкі працэс нараджэння торфабрыкетаў. База размясцілася на невялічкім лясным астраўку, які ўтварыўся ў Выганашчанскім урочышчы, дзе вядзецца здабыча торфу. Дарэчы, распрацоўка гэтых тарфяных запасаў пачалася задоўга да арганізацыі прадпрыемства: яшчэ ў 1949 годзе супрацоўнікі Ленінградскага навукова-даследчага інстытута знайшлі тут карысныя выкапні. Быў складзены праект, які і сёння не страціў сваёй актуальнасці. Залежы торфу ва ўрочышчы Выганашчанскае дасягаюць 2-х метраў у глыбіню, і хопіць іх яшчэ надоўга.
Сярод балота, пад кронамі дрэў утульна прымасціліся пафарбаваныя вагончыкі бытоўкі. Пракладзены дарожкі, бялюткімі фіранкамі занавешаны вокны, пад якімі раскінуліся клумбы з яркімі восеньскімі астрамі. Столікі, лавачкі – месца для кароткага адпачынку рабочых. Позна вечарам на базу з’язджаюцца механізатары.
Дзясяткі адзінак тэхнікі працуюць на чатырох палях здабычы, плошча якіх на сёлетні сезон 594 гектары.
Яшчэ на золаку зноў адпраўляюцца на торфараспрацоўкі. А там малюнак даволі непрывычны: чорныя,
роўныя, бліскучыя, як вокам кінуць, палі, па краях узвышаюцца такія ж чорныя горы фрэзернага торфу.
Па гэтай бліскучай гладзі снуюць трактары з прычэпамі-барабанамі, у якія і збіраецца падсушаны слой
торфу. Мы падлічылі: працавала адразу 12 уборачных машын, 3 фрэзерныя барабаны, 3 варушылкі
торфу, валкавальнік, 3 штабялюючыя агрэгаты, 2 бульдозеры, экскаватар, напагатове стаяў пажарны трактар. Гэтым механізаваным атрадам кіруе начальнік участка Уладзімір Комса, які за дзесяцігодзі работы да дробязяў вывучыў усе вытворчыя працэсы.

Браты Адам і Леанід Грыцкевічы.

Наш “экскурсавод” — начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Валерый Кандратчык – найперш пазнаёміў з перадавіком штабялюючай машыны Генадзіем Гутырчыкам. Сціплы чалавек, які ледзь паддаўся на ўгаворы сфатаграфавацца для газеты, ужо выканаў 2 сезонныя планы: замест 46 тысяч тон фрэзернага торфу заштабеляваў 93 тысячы тон.
— Такіх працавітых і адданых людзей у нас шмат, — запэўніў Валерый Кандратчык. І пачаў называць імёны рабочых. Браты Адам і Леанід Грыцкевічы – машыністы фрэзерных машын працуюць з дня ўтварэння прадпрыемства. Праўда, Леанід на некаторы час адлучаўся: служыў у арміі, прайшоў Афганістан, вярнуўся — і зноў за працу. Аляксандр Алексіч – машыніст пагрузчыка “Амкадор”, Вячаслаў Калько – машыніст валкавальніка, Мікалай Ламанос кіруе ўборачнай машынай. Гэта ўсяго некалькі з тых, хто працуе непасрэдна на полі. А на базе заўсёды гатовы ім на дапамогу старшы майстар па рамонце тэхнікі Дзмітрый Асіповіч, газаэлектразваршчык Валерый Бабарэка, токары Фёдар Шымчэня, Юрый Варахін. Астры на палявым стане – справа рук майстра па здыбычы торфу Наталлі Палуян і запраўшчыцы Тамары Матчэня. На сваім пасту машыніст помпавай станцыі Дзям’ян Палуян, а ноччу назірае за парадкам на палявой базе Анатолій Абражэвіч. Пасля таго, як фрэзерны торф заштабялюецца, па меры неабходнасці яго дастаўляюць на завод, у брыкетны цэх. І тут за справу бяруцца пуцевікі, якія пракладваюць вузкакалейку да вызначанага месца.
Майстар па рамонце і ўтрыманні спецыяльнай чыгункі Іван Ігнатовіч, манцёр Сяргей Матчэня і іншыя сваю работу выконваюць хутка. І вось ужо машыністы цеплавозаў Іван Далідзік і Іван Рабцэвіч упэўнена вядуць свае саставы, гружаныя торфам, прама ў брыкетны цэх. А там да работы прыступае другое вытворчае падраздзяленне, якім кіруе Вікенцій Дыдышка.

Майстар па рамонце і ўтрыманні чыгункі Іван Ігнатовіч і манцёр Сяргей Матчэня.

У калектыве брыкетнага цэху 100 чалавек. Ніколі не падводзяць майстар па рамонце электраабсталявання Віктар Суржыцкі, майстар змены Іван Невяроўскі, апаратчыкі Альгердас Канус, Генадзій Бабарэка, машыністы прэсаў Барыс Васько, Мікалай Дыдышка, машыністы катлоў Аляксандр Вайшэвіч, Ігар Казанцаў, Аляксандр Леановіч, машыністы вагонаперакульнікаў Інэса Кавальчык, Марына Кандратчык, транспарцёршчыцы Марыя Матчэня, Наталля Філіповіч, грузчыкі сыравіны Алена Шыбут, Ганна Рымша, слесары па рамонце абсталявання Андрэй Бікчынтаеў, Аляксандр Рабцэвіч, Канстанцін Яраш, шліфоўшчык Лявонцій Козак, вадзіцель пагрузчыка Пётр Тупальскі…
Торфабрыкет, дзесяцігоддзямі запатрабаваны як надзейны від паліва, толькі паспяваюць загружаць вадзіцелі Анатолій Шымчэня, Канстанцін Данілік, Міхаіл Матчэня, Аляксандр Шыбут, Сяргей Ігнатовіч, Уладзімір Барэйкін, Яраслаў Касмуля, якія вывозяць прадукцыю “на шырокую каляіну” – так называюць тут чыгунку на станцыі “Рэйтанаў”, дзе загружаецца паліва ў вагоны — для спажыўцоў. Адпраўляюць вадзіцеляў у дарогу начальнік транспартнага цэха Валерый Ходас, дыспетчар Зоя Бабарэка, работнікі вагавай Людміла Тадра, Святлана Рымша, грузчыца Наталля Корсак.
Амаль 300 чалавек самааддана працуюць для таго, каб людзям было цёпла, утульна і камфортна.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Работніцы вагавай Святлана Рымша, Людміла Тадра, Наталля Корсак.

Маладыя спецыялісты: эканаміст Дзмітрый Чопік, інжынер ПТА Таццяна Сярко.

Вадзіцель Анатолій Шымчэня.

Машыніст уборачнай машыны Мікалай Ламанос.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *