Ляхавічы: на пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне зніжэння вытворчасці малака на малочнатаварных фермах

За 7 месяцаў года 29 малочнатаварных фермаў раёна, у тым ліку і рэканструяваных-мадэрнізаваных, за выключэннем жывёлагадоўчых аб’ектаў СВК «Ляхавіцкі», «Дарава», ДП «Нача», знізілі вытворчасць малака. Валавы надой — 94,3 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года, на 1,3 працэнта зніжана таварнасць прадукцыі.
Пытанне разглядалася на чарговым пасяджэнні райвыканкама, на якім намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак прааналізаваў сістэму арганізацыі і вядзення малочнай жывёлагадоўлі ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Галоўнай прычынай такой сітуацыі ён назваў безадказнасць многіх кіраўнікоў і спецыялістаў, іх абыякавасць да таго, што адбываецца на МТФ. На некаторых фермах часам убачыш вельмі красамоўныя малюнкі: каровы стаяць, можна сказаць, у балоце, памяшканні абраслі гноем, поўная антысанітарыя. Атрымаць якаснае малако ў такіх умовах немагчыма.
Зроблены аналіз 420 змываў з малакаправодаў, у 12 выпадках выяўлена кішэчная палачка. Малако самай нізкай якасці паступае на перапрацоўку з СВК «Ліпнянка», «Тальмінавічы», «Дарава», «Востраў-Агра», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
З задачай прадаваць не менш як 80 працэнтаў малака гатункамі экстра і вышэйшым спраўляюцца толькі СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы», аграрны каледж, ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Нача». З пачатку года такой прадукцыі паступіла на малаказавод 77,7 працэнта. Пятая частка ад здадзенага — прадукцыя першага і другога гатункаў (такога малака наогул быць не павінна). Адпаведна сельгаспрадпрыемствы недаатрымалі істотныя сумы.
Як падкрэсліў Алег Анатольевіч, выпраўляць сітуацыю патрэбна і пачынаць з навядзення парадку на фермах: паляпшэння ўмоў утрымання жывёлы, правядзення лячэбна-ветэрынарных мерапрыемстваў, арганізацыі паўнацэнных выгулаў, збалансаваных рацыёнаў кармлення. Практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах няма адасобленых памяшканняў для лабараторных даследаванняў. Элементарныя патрабаванні — вымыць халадзільнікі, сістэмы малакаправодаў і пастаянна трымаць гэтыя пытанні на кантролі. На думку начальніка райсельгасхарчу, за няякаснае малако варта было б прымяняць штрафныя санкцыі да заатэхнікаў і іншых спецыялістаў, ды і, наогул, безадказныя кадры, якія наносяць страты гаспадарцы, працаваць не павінны.
На фермах «Жарабковічы», «Дамашы», «Гулічы», «Ураджайная», «Дарава» патрабуецца тэрміновы рамонт малочных блокаў. Там дзе жывёла ўтрымліваецца на прывязі, неабходна падсцілка. Неачышчаныя фермы ў СВК «Тальмінавічы», райаграсэрвісе…
Адна з крыніц павышэння прадукцыйнасці малочнага статка — добрая паша. У гэтым пераканаліся тыя сельгаскааператывы, дзе каровы пасуцца з вясны да зімы на шматкампанентнай пашы, а позняй восенню для статка ўжо гатовы пажніўныя і паўкосныя культуры. У СВК «Востраў-Агра», напрыклад, малочны статак і летам не заўсёды бачыць зялёную масу: нават на пашы лянуюцца своечасова пераставіць электрапастухі, трымаюць кароў напаўгалоднымі, пра арганізацыю падкормкі статка і размова не ідзе.
У раёне 5830 гектараў шматкампанентнай пашы. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае па 55 сотак. Але ж некаторым участкам ужо больш як 5 гадоў, і, зразумела, разнатраўя няма. Перазалужэнне, падсеў, закладка новай пашы павінны быць на парадку дня, як у СВК «Шлях новы». А вось у СВК «Жарабковічы», «Тальмінавічы» гэтаму пытанню ўдзяляюць мінімальную ўвагу, як, дарэчы, і сяўбе паўкосных, пажніўных культур.
Начальнік райсельгасхарчу адзначае, што адзін са складальнікаў павышэння надояў — увядзенне ў рацыёны збалансаваных камбікармоў, прыгатаваных на спецыялізаваных прадпрыемствах, а не самапальных. Напрыклад, ЗАТ «Белпрампрыбор» ніколі не закупляе канцэнтратаў.
Рацыянальна было б перагледзець распарадак даення кароў. Звычайна абедзенны час доўжыцца з 11 і да 15 гадзін — губляецца вельмі многа светлавога дня, жывёла знаходзіцца ў загоне. З надоямі 8 літраў малака ад каровы варта перайсці на 2-разовы рэжым даення.
Адна з галоўных умоў выніковасці работы — наяўнасць паточна-цэхавай сістэмы ўтрымання жывёлы з абавязковым выдзяленнем сухастою. Тэрыторыі фермаў павінны быць абгароджаны. У большасці гаспадарак і такія моманты ўпушчаны.
Алег Бурак запатрабаваў ад кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак рашыць агучаныя задачы да вызначаных тэрмінаў.
Сачыць за парадкам на малочнатаварных фермах (у большай ступені на рэканструяваных), акрамя кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, павінны яшчэ і работнікі райЦГіЭ, прыродаахоўнай службы, канкрэтную адказнасць возьмуць на сябе спецыялісты райсельгасхарчу.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *