«ЛВ» провёл «круглый стол» накануне Всемирного дня предупреждения самоубийств

Чалавек час ад часу трапляе ў разнастайныя крызісныя сітуацыі: разрыў адносін з партнёрам, смерць блізкага, цяжкія хваробы, фінансавыя страты, прафесійныя няўдачы, звальненне з работы і іншыя. У большасці выпадкаў людзі здольныя знаходзіць у сабе сілы справіцца і адаптавацца да новых умоў жыцця. Але гэта даволі складана зрабіць у адзіночку. Падтрымка збоку можа аказацца тым выратавальным колам, без якога не абысціся і якое дапаможа чалавеку выжыць.
А калі такога «кола» няма?.. Калі на гамлетаўскае пытанне выбраны адказ «Не быць» ?.. У Беларусі штогод каля 3000 чалавек ідуць з жыцця ў выніку суіцыду. 10 верасня — Сусветны дзень папярэджання самазабойстваў. Напярэдадні гэтай даты пра прычыны самазабойстваў, іх папярэджанне падчас «круглага стала» разважаюць намеснік старшыні райвыканкама Святлана ЮРЛЕВІЧ, урач-псіхіятр Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ і ўрач-нарколаг райбальніцы Леанід ЛАПІЧ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід КАЛБАСА, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Раман ЛЯВОНЦЬЕЎ, псіхолаг Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Таццяна ТРАЦЦЯК, протаіерэй, настаяцель Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы Георгій ЖЫТКО, настаяцель Дараўскага касцёла Ян ГЛІНКА.

Святлана ЮРЛЕВІЧ:
— Праблема суіцыдальных паводзін становіцца ўсё больш глабальнай. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у свеце ад суіцыдаў памірае каля мільёна чалавек (столькі ж у выніку войнаў і гвалтоўных забойстваў разам узятых). Актуальная праблема і для Беларусі ў цэлым, і для Ляхавіцкага раёна ў прыватнасці. За 6 месяцаў года на Брэстчыне на 100000 насельніцтва зарэгістравана 13 суіцыдаў, у нашым раёне — 25. Гэта самы высокі паказчык сярод раёнаў вобласці. За ім — трагедыі: 5 нашых землякоў здзейснілі суіцыды — на 2 выпадкі больш у параўнанні з першым паўгоддзем 2012 года. Асноўныя прычыны, якія прывялі да самазабойства, — сямейна-бытавыя канфлікты, душэўны крызіс, алкагалізм.
Пытанне прафілактыкі суіцыдаў разглядалася на адным з апаратных пасяджэнняў у райвыканкаме. У раёне распрацаваны і выконваюцца мерапрыемствы па прафілактыцы суіцыдальных паводзін сярод розных узроставых груп насельніцтва. Аднак, эфектыўнасць іх, як бачым, недастатковая, мякка кажучы.
Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ:
— Калі чалавек знаходзіцца сам-насам з адчаем, горам, пачуццём бязвыхаднасці, у яго могуць узнікнуць думкі, што жыццё закончылася, наперадзе толькі боль і пакуты. Іншы раз даведзены да адчаю чалавек спачатку нібы між іншым агучвае намер развітацца з жыццём, потым гэта думка становіцца ўсё больш настойлівай. Пачынаецца пошук спосабаў і шляхоў для рэалізацыі намеру. Пры гэтым ён усё больш замыкаецца ў сабе, зніжае ці зводзіць да мінімуму кантакты з іншымі.
Ёсць і гендарны феномен: у жанчын часцей рэгіструюцца суіцыдальныя спробы, у мужчын — вышэйшы ўзровень самазабойстваў.
Усе праяўленні суіцыдальных паводзін патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва не толькі блізкіх, але і дапамогі спецыялістаў: псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, псіхіятраў. І не трэба баяцца ісці да іх на прыём.
Леанід КАЛБАСА:
— Асаблівую трывогу выклікае дзіцячы і падлеткавы суіцыд. Непаўналетнія сутыкаюцца са стрэсавымі сітуацыямі, праблемамі, якія здаюцца ім цяжкавырашальнымі. У спробе прыцягнуць увагу да сваёй бяды ці выклікаць спагаду, яны прыбягаюць да крайняй меры — суіцыду. У банку даных суіцыдальнаарыентаваных непаўналетніх па стане на 1 чэрвеня 2013 г. па Ляхавіцкім раёне афіцыйна зарэгістраваны 5 чалавек. За 2010-2012 гады дзецьмі і падлеткамі ў раёне здзейснены адно самазабойства, 5 суіцыдальных спроб, 8 непаўналетніх выказвалі намер пайсці з жыцця па ўласным жаданні, у аднаго падлетка былі ўсе праявы дэпрэсіўнага стану. Пік суіцыдальнай актыўнасці прыхо-дзіцца на ўзрост 14-16 гадоў, большасць спроб прыпадае на восень. Па статыстыцы больш схільны да гэтага хлопчыкі.
Сярод асноўных прычын, якія садзейнічаюць спробам суіцыду ў дзіцячым і падлеткавым асяроддзі — праблемы ў адносінах з бацькамі, сябрамі ці з супрацьлеглым полам, цяжкасці, звязаныя са школай.
Летась педагогамі-псіхолагамі былі праведзены дыягнастычныя мерапрыемствы па выяўленні падлеткаў, схільных да суіцыдальных і аўтаагрэсіўных дзеянняў. Усяго абследавана 696 вучняў гарадскіх і сельскіх школ. Выяўлена 19 дзяцей суіцыдальнай рызыкі, якія ўключаны ў выхаваўча-прафілактычную работу ўстаноў адукацыі, праводзіцца іх індывідуальнае суправаджэнне. Асаблівая ўвага надаецца рабоце з бацькамі. Спецыялісты сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў праводзяць адукацыйныя псіхапрафілактычныя заняткі па зніжэнні эмацыянальнай напружанасці ў калектыве, індывідуальныя кансультацыі па выніках дыягностыкі вучняў. Традыцыйна ў верасні ва ўсіх установах адукацыі праходзяць тыдні і месячнікі па папярэджанні самазабойстваў.
Таццяна ТРАЦЦЯК:
— У каледжы юнакі і дзяўчаты вучацца, сталеюць, будуюць узаемаадносіны паміж сабой, з выкладчыкамі, аднагрупнікамі. Учарашнія школьнікі толькі-толькі пазбавіліся бацькоўскай апекі і робяць першыя крокі ў самастойнае дарослае жыццё. Узнікаюць сітуацыі, калі рашэнне трэба прымаць самастойна і на месцы. Гэта могуць быць і непаразуменні з аднагрупнікамі, суседзямі па інтэрнату, канфлікты з выкладчыкамі, паміж закаханымі. Вельмі важна адразу ўбачыць, заўважыць, што з юнаком ці дзяўчынай адбываецца нешта не тое, адчувальныя змены ў паводзінах, настрой песімістычны ці, наадварот, надзвычай узбуджаны. Ні ў якім разе нельга выпускаць такога чалавека з поля зроку. Трэба акружыць яго ўвагай, клопатам, выклікаць на шчырую размову, дапамагчы разабрацца з праблемай, а не даць ёй завалодаць чалавекам. У каледжы арганізуюцца «круглыя сталы» з куратарамі груп па тэме «Матывацыя і фактары суіцыдальных паводзін». Апошнім часам надзвычай папулярныя і запатрабаваныя ў студэнцкім асяроддзі флэш-мобы «Свабодныя абдымкі». Растлумачу, для чаго і як яны праводзяцца. Іх асноўная мэта — паказаць, што і выкладчыкі, і навучэнцы — адзіная дружная сям’я, дзе не пакідаюць сам-насам з праблемамі і з любым пытаннем можна звярнуцца да таго, хто выслухае і дапаможа.
Заўсёды цікава праходзяць сустрэчы са святарамі. Актуальнымі сталі апытанні-анкетаванні» Я люблю цябе, жыццё, таму што…». У большасці выпадкаў прадаўжэнне гэтай высновы наступнае: «За тое, што у мяне ёсць бацькі, якіх я вельмі люблю», «Здорава, што я нарадзіўся і сустрэў сваіх сяброў», «Я шчаслівы, бо ў мяне ўсё добра і ўсё добра ў маіх родных і блізкіх». Безумоўна, важнай застаецца індывідуальная работа з рабятамі, якія знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане.
Дарэчы, бываюць і звычайныя шантажысты, якія дэманстратыўна палохаюць: «Не атрымаю гэта — парэжу сабе вены» і г.д. Вельмі важна вызначыць мяжу, якая раздзяляе патэнцыяльнага самазабойцу і звычайнага шантажыста.
Што датычыцца апошніх, то многіх раз і назаўсёды адвучае ад спроб такі контраргумент: кожны, хто здзяйсняе спробу суіцыду на працягу 3 месяцаў будзе прымусова пралечаны ў псіхіятрычнай бальніцы і пастаўлены на ўлік у псіхіятра.
Георгій ЖЫТКО:
— Самазабойства — адзін з самых цяжкіх грахоў. Зямное жыццё — ні з якім багаццем не параўнальны падарунак, даецца чалавеку Богам, і неабходна пражыць яго дастойна. У кожнага свой крыж, які трэба пранесці самастойна. Бог дае чалавеку столькі выпрабаванняў, колькі ён можа вынесці. А сілы трэба браць у самім жыцці, прасіць дапамогі праз малітвы ў Бога.
Без праблем нельга ўявіць наша жыццё. Але ж мы знаходзімся не на бязлюдным востраве. Не можаце самі справіцца з сітуацыяй — прыйдзіце ў храм, памаліцеся ў цішы царквы каля іконы вашага святога, пагаварыце з духоўнікам. Як у народзе называюць свяшчэннаслужыцеля? Бацюшка. Яму давяраюць як роднаму, раяцца з ім, просяць дапамогі. Убачыце, стане лягчэй на душы. Здавалася б не вырашальнае на першы погляд пытанне акажацца больш простым, і рашэнне знойдзецца само па сабе. Нагадаю, што раней самазабойцаў нават хавалі па-за могілкамі. Цяпер правілы крыху змякчыліся: хаваюць разам з усімі. Але ніякі свяшчэннаслужыцель не будзе служыць паніхіду ў такім выпадку без асабістага дазволу Уладыкі. Родным і блізкім пайшоўшага з жыцця па ўласным жаданні трэба маліцца за супакой душы нябожчыка.
Ян ГЛІНКА:
— Згодзен з айцом Георгіем. Самазабойства — вялікі грэх.
Але сёння медыцына лічыць, што самазабойцы — гэта псіхічна хворыя людзі, і адносіны да іх павінны быць адпаведнымі. Цяпер пайшоўшых з жыцця па ўласнай волі ў касцёле адпяваюць і хаваюць на могілках.
Суіцыд — хвароба, якую можна папярэдзіць. Трэба толькі своечасова ўбачыць праблему і зрабіць усё магчымае і немагчымае для яе вырашэння. І звярнуцца за дапамогай і падтрымкай да Бога. Ён літасцівы і абавязкова падтрымае, надасць сілы і мужнасці. Трэба верыць і маліцца.
Раман ЛЯВОНЦЬЕЎ:
— За 6 месяцаў гэтага года 5 чалавек (усе мужчыны) завяршылі жыццё суіцыдам. 25-гадовы жыхар Шавялёў жыў адзін, бацькі даўно памерлі, стаяў на ўліку ў наркалагічным кабінеце… 62-гадовы пенсіянер са Свяціцы перад самазабойствам у стане алкагольнага ап’янення пасварыўся з сынам… На жыхара Задвор’я 1954 года нараджэння за ўчынены ім крадзёж была заведзена крымінальная справа. Мужчына не прыдумаў нічога лепшага як пайсці з жыцця… Не вытрымаў сумеснага пражывання з дарослым сынам, які нідзе не працаваў і стаяў на ўліку ў нарколага, ляхавічанін… А колькі разоў даводзіцца супрацоўнікам міліцыі выязджаць да тых, у каго спроба суіцыду не ўдалася. Адзін ляхавічанін, які злоўжывае алкаголем, за год такія спробы робіць 4-5 разоў. Кожны суіцыд расследуецца супрацоўнікамі міліцыі і пракуратуры.
Леанід ЛАПІЧ:
— Не адкрыю нічога новага, калі скажу: больш за 70 працэнтаў спроб суіцыду здзяйсняюцца менавіта ў стане алкагольнага ап’янення. Узбуджаны алкаголем чалавек становіцца неадэкватным у паводзінах, думках, адносінах да тых, хто побач. Алкаголь, як і наркотыкі, зніжае ўспрыманне рэчаіснасці, а, значыць, зніжае крытычныя функцыі мыслення. Аматар выпіць не знаходзіць лепшага выйсця з сітуацыі, чым пайсці з жыцця. Пры гэтым лічыць, што такім чынам зробіць лепш сабе і іншым. Ці, наадварот, пакарае родных, напрыклад, за тое, што яны не далі яму грошай на чарговую порцыю алкаголю.
Зараз на ўліку ў наркалагічным кабінеце знаходзіцца 753 жыхары раёна з дыягназам «сіндром залежнасці ад алкаголю». З іх 129 жанчын і 16 падлеткаў. Не хачу сказаць, што ўсе яны патэнцыяльныя самазабойцы, але многія спрабавалі пайсці з жыцця.
Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект. Сярод спроб суіцыду сустракаюцца і такія, калі чалавек, вырашыўшы пайсці з жыцця па ўласным жаданні, ужывае шмат алкаголю, каб было не так балюча ці страшна.
Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ:
— З дзіцём, падлеткам, дарослым, які хоць аднойчы агучыў намер пайсці з жыцця па ўласным жаданні, трэба як мага больш размаўляць. Размаўляць пра ўсё, на розныя тэмы, праяўляць шчырую зацікаўленасць да яго меркаванняў і поглядаў на падзеі. Важна як мага больш часу праводзіць разам, займацца звычайнымі справамі: пагля-дзець фільм, паслухаць музыку, прыгатаваць смачную страву, проста прагуляцца па свежым паветры. Для таго, хто перажывае крызіс, вельмі важна адчуць сябе не адзінокім, патрэбным. Большасць людзей адчувае няёмкасць, гаворачы пра самазабойства. Размовы не могуць справакаваць суіцыд. Выслухаўшы, не старайцеся суцешыць агульнымі фразамі накшталт: «усё не так кепска», «хутка стане лепш», «не варта гэтага рабіць». Дайце выказацца, задавайце пытанні і ўважліва слухайце. Лепшая прафілактыка суіцыдальных думак і дзеянняў — напоўненыя ўвагай і клопатам зносіны з роднымі, сябрамі, блізкімі.
Цаніце жыццё! Яно даецца толькі раз. У цяжкіх сітуацыях, калі здаецца, што вы ў тупіку і ніхто не дапаможа, тэлефануйце ў службу экстранай псіхалагічнай дапамогі: у Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансер (8-0162-40-62-26 кругласутачна), Брэсцкі абласны цэнтр грамадскага здароўя (8-0162-20-15-55 кругласутачна). Для аказання псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія трапілі ў крызісную сітуацыю, дзейнічае бясплатны тэлефон «гарачай лініі» 880-11-00-16-11. У рабочыя дні можна звяртацца па тэлефоне ў Ляхавічах 2-37-13 (кабінет урача-псіхіятра).
Матэрыялы»круглага стала»
падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://primorye.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *