Ляхавічы:быць сталіцай абласных “Дажынак” прэстыжна, ганарова і надзвычай прыемна!/фота/

Больш як 100 мільярдаў рублёў, выдаткаваных з абласнога і раённага бюджэтаў, зрасходавана на абнаўленне, будаўніча-рамонтныя работы, добраўпарадкаванне Ляхавіч.

Мусіць, упершыню за 521-гадовую гісторыю Ляхавіч яны змяніліся за некалькі месяцаў настолькі, што пазнаць іх, не быўшы тут пэўны час, няпроста. Часам здавалася, што суцэльная будаўнічая пляцоўка, якую ўяўляў сабою наш райцэнтр, ніколі не ператворыцца ў нешта прывабнае. Ператварылася! І нават самыя смелыя чаканні аказаліся сціплай копіяй таго камфорту, шыку, добраўпарадкаванасці, абновак, якімі можам любавацца і карыстацца.
Практычна новенькія кінатэатр і фантан, стыльныя шматпавярховікі ў цэнтры горада, гладкі асфальт на вуліцах, светлафоры на галоўных дарожных скрыжаваннях, вартыя свайму статусу абедзьве гарадскія плошчы, жыццярадасныя і вельмі прывабныя школы, пазашкольныя ўстановы і садкі, камфортная аўтастанцыя, зручныя пешаходныя дарожкі… І безліч кветак, асабліва калі ўлічыць кампазіцыі, якія падарылі ляхавічанам азеляняльнікі і камунальнікі Брэстчыны падчас абласнога конкурсу “Кветкавыя майстры”. Гэтае і многае іншае цяпер стала нашым гарадскім пейзажам.
Адзіную кампазіцыю добраўпарадкавання, эстэтыкі і камфорту шчыра і ад душы стваралі будаўнікі мясцовыя і з іншых раёнаў Брэстчыны, дарожнікі, электрыкі, жылкамунгасаўцы. Свае штрыхі ў карціну ўнеслі працоўныя калектывы раёна, навучэнцы каледжа і школьнікі, многія нераўнадушныя нашы землякі. Гэта тое сціплае, што мы маглі зрабіць у адказ на шыкоўны падарунак – за сённяшняе аблічча нашага горада, за клопат пра нас, яго жыхароў, з боку дзяржавы.
Быць сталіцай абласных “Дажынак” прэстыжна, ганарова і надзвычай прыемна: як жа гэтым статусам упрыгожаны горад! Сёння не толькі фестываль-кірмаш, але і прэзентацыя Ляхавіч абноўленых.
Нам ёсць што паказаць, чым ганарыцца і што берагчы, прымнажаючы, каб надалей засталася для ляхавічан і ў ляхавічан шчаслівая памяць з матэрыялізаваным зместам камфорту і дагледжанасці. Родная Брэстчына, твой куточак ляхавіцкай зямлі сёння ў статусе сталіцы. Дзякуй за гэты гонар і за радасць абнаўлення!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *