ЛЯХАВІЦКІ СТРОЙ

Грай, гармонік, звініце, цымбалы, ліся, песня! Услаўляйце хлебаробаў, радуйце, ухваляйце! Сённяшні аншлаг – самыя ўдзячныя, шчырыя гледачы-слухачы. З палёў і фермаў адлучыліся на свята героі дня — шаноўныя землякі, якія хлеб наш надзённы песцяць рукамі сваімі напрацаванымі: для іх сённяшняе дзейства. І ляхавіцкі строй, аздоблены талентам і майстэрствам, за гонар мае ўпрыгожыць гэты дзень.Культурная спадчына раёна не менш багатая, чым зямля наша – урадлівая. У пашане даўняе, прадзедаўскае, і ў развіцці, з любоўю папаўняецца сённяшнімі здабыткамі. Валошкі перапляліся з рамонкамі – гэта наша, беларускае. Важкі
колас, канюшынавы дыван, непаўторны водар сенажаці – не экзотыка, а штодзённая, сілкуючая душу прыгажосць. Але самая галоўная каштоўнасць нашай зямлі – людзі.
Умельцы, майстры, рупліўцы. Працуюць — ад душы, спяваюць – заслухаешся, у танцы закружацца — далучышся, ногі самі ў скокі пойдуць.
Ляхавіцкі строй, мае землякі… Як ні ўспомніць шчырае бадакоўскае: “Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі. Бо шчодрасць і працавітасць на гэтай зямлі перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне…
…І так, напэўна, было заўсёды.І вельмі хочацца верыць, што так будзе і надалей, пакуль не перавядзецца апошні род маіх гасцінных і шчырых землякоў”…
Самая сутнасць, квінтэсенцыя ляхавіцкага строю ўжо даўно выйшла за межы яго першаснага зместу, які меў на ўвазе арыгінальнасць традыцыйнага для нашых мясцін адзення. Яна распасцерлася шырэй і глыбей — да самой існасці: прыгажосць — гэта не толькі калі воку прыемна, але і калі сонечна ад спраў людскіх, памкненняў і важкасці хлебнага коласу.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *